Top.Mail.Ru

Каму і навошта патрэбна падзяляць людзей?

Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі прынцып «Падзяляй і ўладар» аказваў велізарны ўплыў на развіццё дзяржавы. Падзел як метад кіравання не толькі фарміраваў палітычныя ландшафты, але і аказваў глыбокі ўплыў на сацыяльныя структуры і эканамічнае развіццё краін. Ці выкарыстоўваецца ён сёння ў свеце для захавання ўплыву і кантролю над грамадствам? Спыталі ў нейрахірурга, навуковага супрацоўніка аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыка кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, члена Беларускага саюза журналістаў Гумена ГАРБАННІДЖАДА.


— Пра гэты падыход у дзяржаўным кіраванні вядома даволі даўно. Ён практыкаваўся англасаксамі звыш 400 гадоў таму. На ваш погляд, чаму мы адчуваем яго ўплыў дагэтуль?

— Усё з-за таго, што гэта выгадна, таму што эканоміка краін з высокім дастаткам сілкуецца за кошт бедных, якія фактычна перастаюць развівацца ў сувязі з падзелам. А багатыя краіны пастаянна канкурыруюць паміж сабой.


— А чаму менавіта гэты прынцып так моцна ўплывае на эканоміку?

— Мы, людзі, з’яўляемся разнавіднасцю жывёл, якія прывыклі жыць у зграі (яе мы называем грамадствам). У гэтай супольнасці кожная асобіна выконвае пэўную функцыю, а разам яны дапаўняюць і ўмацоўваюць адна адну. Як толькі ў гэтай зграі адбываецца падзел, паўнавартаснае выкананне функцый немагчыма. Раз’яднанне жывых асобін, між іншым, магчыма рознымі спосабамі, колькасць якіх з часам толькі павялічваецца. А ўкараненне гэтага прынцыпу магчыма не толькі ў дарослым узросце, але і ў дзіцячым. Напрыклад, калі ў школьных падручніках адлюстравана скажоная гістарычная праўда. Зразумела, што сфарміраваць пры такім раскладзе аб’ектыўную ацэнку, прачытаўшы іх, задача тая яшчэ...

Я, напрыклад, па родзе дзейнасці ўрач. У мяне ёсць вышэйшая адукацыя, вопыт, каб адказваць за жыцці людзей. Калі ўжо закранулі тэму дзяцей, то для іх выхавання дзяржава павінна падрыхтаваць кампетэнтных педагогаў, якія атрымалі ў ВНУ шэраг ведаў і навыкаў, як правільна гэта рабіць. Усе тыя, хто ўмешваюцца ў гэту дзяржаўную структуру — дзе кожны займаецца сваёй справай і з’яўляецца ў ёй прафесіяналам, робяць гэта наўрад ці на карысць нашчадкаў і развіцця краіны. Яны, верагодна, з’яўляюцца «пятай калонай», якая імкнецца ўкараніць чужую палітыку.

— І падзел у грамадстве можа прывесці да рэвалюцыі і, як вынік, да развалу краініы?

— «Калі ў сістэме кіравання ёсць расколіна, сябар пакажа на яе пальцам, а вораг уторкне туды кінжал» — гэта даволі вядомы выраз. Сістэмы кіравання бываюць розныя. Пабудаваныя на ідэалогіі і рэлігіі, не здольныя да змен, яны з часам губляюць актуальнасць і перастаюць аб’ядноўваць людзей. Тое адзінае грамадства, якое было раней, проста ў іх распадаецца.

У краінах, якія абапіраюцца на навуку і пастаяннае самаўдасканаленне, малаверагодны падзел. Палітычна адукаваныя нацыі паступаюць так: прад’яўляюць высокую планку ў першую чаргу ў адносінах да саміх сябе, да сваіх людзей, а потым, як вынік, і да чужых. Вораг яшчэ задумаецца, ці варта яму туды сунуцца...

— Мы назіраем сёння, як з’яўляецца варожасць не толькі паміж людзьмі, але і паміж дзяржавамі. Нават паміж краінамі-суседкамі...

— Усе дзяржавы ў свой час — пачынаючы з Кітая, заканчваючы Міжземнамор’ем — былі пад уплывам англасаксаў. Падзел паміж імі адбываўся невыпадкова. Цікавы прыклад — падзел Індыі і Пакістана. Граніцу, вядомую як «лінія Рэдкліфа», правёў брытанскі юрыст Сірыл Рэдкліф, які ні разу ў жыцці не бываў у Індыі і нават не ведаў, дзе яна знаходзіцца на карце свету. У выніку рэлігійныя супярэчнасці прывялі да маштабных канфліктаў і масавай міграцыі, якія да гэтага часу не завяршыліся.

— А як падзел можа ўплываць на мікраэканоміку?

— Нават у асобным калектыве некаторым кіраўнікам выгадна, калі ён раз’яднаны: менш патрабаванняў прад’яўляе да начальства. А ў выніку прадпрыемства не выконвае пастаўленыя задачы і, на жаль, не дасягае неабходных вынікаў. Кіраўнікі мяняюцца адзін за адным і запэўніваюць, што з іх прыходам усё кардынальна зменіцца. Пытанне, верагодна, у самой сістэме кіравання...

Да таго ж мудрае кіраванне людзьмі патрабуе глыбокіх ведаў. Інструментам адаптацыі, матывацыі і навучання супрацоўнікаў спецыяльна навучаюць. А яшчэ парэкамендаваў бы не забываць аб тэорыі брытанскага антраполага і сацыёлага Робіна Данбара, які вызначыў, у якой колькасці сацыяльных сувязяў можа ўдзельнічаць чалавек. Ён лічыць, што адначасова магчыма падтрымліваць кантакт са 150 знаёмымі. Як нейрахірург я з гэтым пагаджуся, бо колькасць кантактаў, з якімі шчыльна камунікуе асоба, сапраўды залежыць ад памеру чалавечага мозга, а дакладней — ад аб’ёму неакортэкса. Адпаведна, калі ў штаце больш за 150 супрацоўнікаў, кіраўніку складаней выбудоўваць структуру арганізацыі. У сваю чаргу, чым больш марудна расце штат, тым мацней выстройваюцца ўзаемаадносіны ўнутры калектыву. Гэта важна ўлічваць.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю