Top.Mail.Ru
0

Вопыт клуба для пенсіянераў «Белтызаўскае доўгажыхарства» плануецца пашырыць на ўсю сталіцу

Бачыць сэрцам і душой

Мінская абласная арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку запускае новую праграму, што будзе спрыяць павышэнню якасці жыцця людзей, якія маюць асаблівыя патрэбы.

Ідэя прыйшлася даспадобы жанчынам. «Найперш гэта быў запыт на зносіны, бабулі не прасілі многага — ім патрэбна было памяшканне, дзе яны змогуць сустрэцца, пагаварыць», — расказвае ўпаўнаважаны прадстаўнік Мінскай абласной арганізацыі «БелТІЗ» па Фрунзенскім раёне Святлана Пашукевіч, якая курыруе праект. Ужо першая сустрэча-знаёмства паказала, што з гэтымі «дзяўчатамі» (так яна называе ўдзельніц клуба за неўтаймаваную энергію і аптымізм) можна звярнуць горы. Бабулі прыйшлі з выпечкай, натхнёна за чаем абмяркоўвалі планы будучых пасядзелак, накідвалі ідэі і нават прапанавалі ў летні час арганізаваць заняткі ёгай. «У іх безліч пытанняў, столькі запытаў, яны прапаноўваюць сустрэчы з цікавымі спікерамі, гатовыя ўдзельнічаць у розных майстар-класах, віктарынах, і я нават веру, што з імі можна замахнуцца на арганізацыю творчых нумароў», — дзеліцца Святлана Пашукевіч.

Сучасныя тэхналогіі моцна спрашчаюць жыццё людзей з праблемамі па зроку, робяць яго больш мабільным і насычаным, нават змяняюць побыт (напрыклад, можна запусціць робат-пыласос). Стала больш аўдыякніг, інтэрнэт дазваляе дабываць разнастайную інфармацыю, у краіне шмат робіцца для стварэння безбар’ернага асяроддзя. Усе больш арганізацый і ўстаноў прапаноўваюць паслугу суправаджэння, прычым ужо не толькі ў метро і на чыгуначным вакзале але і, напрыклад, у тэатры. У той жа час важна, каб любая падтрымка была своечасовай. Невідушчыя людзі — не значыць бездапаможныя. Яны могуць і пакрыўдзіцца, калі прахожыя часам спрабуюць навязаць свае паслугі па суправаджэнні, нават калі гэта і робіцца ад чыстага сэрца. «Калі людзі адмаўляюцца ад дапамогі, значыць, яна ім не патрэбна», — падказвае Святлана.

Створана і першая айчынная навігацыйная сістэма KROPKІ, якая дазваляе людзям з сур’ёзнай стратай зроку і невідушчым планаваць маршрут і самастойна арыентавацца ў прасторы.

Праўда, запыт на жывыя чалавечыя зносіны немагчыма замяніць ніякімі сучаснымі тэхналогіямі. «Ёсць бабулі, якія не толькі не бачаць, але і ўжо дрэнна ходзяць. Калі тэлефануеш ім і чуеш просьбу: „Вы мяне ўсюды запрашайце, я ўсім сэрцам з вамі, нават калі нікуды не прыйду“, — адчуваеш, што людзям прыемна і простая ўвага», — заўважае Святлана Пашукевіч. У той жа час яна разумее, што гэта яшчэ адна задача, якую трэба ўзяць на кантроль, падумаць, як арганізаваць работу, каб такіх людзей можна было далучыць да праграм хаця б анлайн.

Пры падрыхтоўцы плана работы клуба Святлана брала за аснову праграмы актыўнага доўгажыхарства, якія сёння развіваюцца ў нашых суседзяў. Але яна не збіраецца цалкам капіраваць расійскія напрацоўкі, там больш што «яе дзяўчаты» пастаянна падкідваюць новыя задачкі. Так, яны прапанавалі запрасіць нутрыцыёлага, развіваць літаратурныя сустрэчы, прагляды і абмеркаванні сучасных фільмаў. У клубе жанчыны будуць засвойваць новыя заняткі і ўласнымі рукамі рабіць падарункі для родных і знаёмых — варыць мыла, рабіць букеты з цукерак. У планах — знаёмства з рознымі тэхнікамі пляцення. Ужо пачалі далучацца да клуба і першыя мужчыны, а значыць, трэба не забыцца пра заняткі, якія будуць адпавядаць іх патрэбам.

Варта згадаць, што БелТІЗ (а гэта арганізацыя ў нашай краіне працуе ўжо больш за сто гадоў) заўсёды была суполкай узаемадапамогі. У якасці спікераў і вядучых тут таксама могуць выступаць людзі, якія маюць праблемы са зрокам. 

Яны добра ведаюць спецыфіку работы з такой катэгорыяй, могуць адаптаваць пэўную інфармацыю. Клуб адкрыты новым ідэям, тут будуць рады гасцям, якія хочуць падзяліцца сваімі ведамі альбо прапанаваць матэрыялы для творчых заняткаў. Удзельнікі клуба доўгажыхароў рады, калі іх запрашаюць на экскурсіі ці культурныя мерапрыемствы.

У планах Святланы на найбліжэйшы час — развіваць яшчэ адзін праект для жанчын з парушэннямі зроку, накіраваны на маладых мам і тых, хто толькі збіраецца імі стаць. Тут можна падзяліцца ўнікальным вопытам як па доглядзе і выхаванні дзіцяці, так і па пераадоленні стэрэатыпаў у грамадстве.

Інваліднасць па зроку не перашкаджае жанчынам быць клапатлівымі і ўважлівымі мамамі, узорнымі гаспадынямі (у іх кватэрах вы можаце ўбачыць ідэальны парадак), а хтосьці нават ужо рыхтуецца да дачнага сезона і летніх вандровак.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю