Top.Mail.Ru

XXXІІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш прымае гасцей з больш чым 20 краін свету

Кнігі як зоркі


Яшчэ на падыходзе да выставачнага цэнтра гучалі песні — у асноўным пра Беларусь, што адразу «ўводзіла» наведвальнікаў у падзею: каб лепш разумець, дзе і што адбываецца. Гаспадары з беларускай гасціннасцю віталі прадстаўнікоў іншых краін, якія прыехалі сюды задоўга да ўрачыстага адкрыцця.


Культурныя сімвалы

Нацыянальныя строі падкрэслівалі: тут кожны хоча сябе паказаць, таму што ў кожнага народа ёсць культурныя сімвалы і ўзоры літаратурнай ды кніжнай спадчыны, кожны на пэўным этапе гісторыі атрымаў помнікі пісьменства, якімі можа ганарыцца. Вось як мы — Францыскам Скарынам, які больш чым 500 гадоў таму выдаў «Псалтыр» на старабеларускай мове, і Пятром Мсціслаўцам, які пазней разам з Іванам Фёдаравым выдаў кнігу «Апостал» у Маскве.

Але няма і не можа быць саперніцтва ў культуры, таму што ў кожнага народа свае шляхі, свая пісьменнасць і літаратурная творчасць. Пра гэта нагадалі праз своеасаблівы «парад» сваіх кніжных сімвалаў прадстаўнікі краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў: маладыя людзі ў нацыянальных строях трымалі іх у руках, а ўзначальваў працэсію не хто іншы, як... Францыск Скарына. Яскравае відовішча!

Доўгачаканая і значная падзея

Наколькі эфектыўна збірацца вясной у Мінску, каб прадставіць свае кнігі і пабачыць выданні іншых? Пра гэта разважалі ўдзельнікі ад розных краін падчас урачыстага адкрыцця выстаўкі-кірмашу. Усе галоўныя падзеі гэтага дня адбываліся каля выставачнага стэнда краін — удзельніц СНД. Ён у самым цэнтры выставачнага павільёна, не абмінеш: сёлета асаблівая ўвага да ўдзельнікаў Садружнасці ў сувязі з 35-годдзем заснавання СНД.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — гэта падзея не толькі для тых, хто стварае кнігі: паэтаў, пісьменнікаў, дызайнераў, мастакоў, выдаўцоў, друкароў, — а падзея наогул для тых, хто любіць кнігу — папулярную, вытанчаную, — і для тых, хто яе знаходзіць. Таксама ён зачытаў прывітанне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям выстаўкі, у якім адзначана, што «на працягу многіх гадоў яна з’яўляецца доўгачаканай і значнай падзеяй у сферы літаратуры і кнігавыдання, аб’яднання прафесіяналаў і аматараў друкаванага слова з розных куткоў зямнога шара».

Тым не менш ёсць краіны, да павільёнаў якіх сёлета больш увагі, чым у папярэднія гады. Генеральны сакратар Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей Лебедзеў вітаў рашэнне абвясціць яе цэнтральным экспанентам кніжнай выстаўкі-кірмашу — гэта частка серыі мерапрыемстваў, прысвечаных 35-годдзю СНД. Час святкаваць, пры тым што сучасны свет дае падставу для трывог. 

«Гэты перыяд суправаджаецца міжнароднымі канфліктамі ў розных частках свету, — адзначыў ён. — Аднак такія мерапрыемствы, як гэта выстаўка, нясуць у сабе пазітыўны зарад, накіраваны на захаванне і ўмацаванне сяброўства паміж рознымі народамі... Нягледзячы на развіццё лічбавых тэхналогій, друкаваныя кнігі застаюцца сімвалам ведаў і культурнай камунікацыі».

 


Міратворчая місія

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш стала значнай пляцоўкай для дыялогу не толькі сярод выдаўцоў і пісьменнікаў, але і для ўсіх тых, хто шукае духоўнасці і разумення працэсаў, якія адбываюцца ў сучасным свеце. А кніга адыгрывае жыццёва важную ролю ў дыялогу культур. Такую думку выказаў першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Андрэй Кунцэвіч:

— Кнігі застаюцца жыццёва важнай крыніцай асветы, даюць новыя веды і духоўна-маральны кірунак, неабходны для развіцця нашай незалежнай дзяржавы. Яны дапамагаюць захаваць жыццё пакаленняў, выхоўваюць пачуццё любові да радзімы і адказнасці за яе будучыню. У нашай краіне да кніг заўсёды ставіліся асабліва клапатліва і паважліва. Захаванне і эфектыўнае развіццё беларускага пісьменства і кніжнай галіны, заснаваныя на лепшых традыцыях кнігадрукарства, з’яўляюцца аднымі з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў.

Але сёлета ў Беларусі падкрэслены яшчэ адзін прыярытэт: увага да жанчыны і яе ролі ва ўсіх сферах грамадства, у тым ліку ў развіцці кніжнай культуры. У сучаснай беларускай літаратуры жанчыны занялі моцныя пазіцыі, дасягнуўшы поспехаў у прозе, паэзіі і дзіцячай літаратуры. Сёння яны з’яўляюцца галоўнай рухаючай сілай літаратурнага працэсу і выхоўваюць будучых чытачоў.

З ім пагадзілася старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская: першую кнігу ў жыцці, як правіла, нам чытаюць жанчыны — маці, бабулі. У Год беларускай жанчыны на кніжнай выстаўцы асобны стэнд прысвечаны ім — паэткам, пісьменніцам.



Добрыя і светлыя ўрокі

Пра жанчын і натхненне, якое яны даюць мужчынам, нагадаў і намеснік старшыні праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін удзельніц СНД Міхаіл Швыдкой: «Кніга — жаночага роду. Жанчыны ратуюць свет ад адзіноты, унутраных трагедый і драм. Я думаю, што кніга робіць тую ж нялёгкую працу... Мы жывём у „словамоўных“ краінах, дзе слова ратавала людзей, ратавала народы».

— У адказ на пытанне: «Якія самыя дарагія кнігі на планеце Зямля на рускай і іншых мовах?» — адной з самых чытальных называюць кнігу «Вайна і мір» Льва Талстога. За што так шануюць гэты вялікі твор? За жыццёвасць, — падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. — Давайце чытаць тыя кнігі, якія нас злучаюць з рэальным жыццём, якія паказваюць усё тое, што адбываецца, і даюць добрыя і светлыя ўрокі.

Кніжныя ўрокі пачаліся адразу ж пасля адкрыцця. Наведвальнікі — і сярод іх было шмат значных — сталага веку і маладзенькіх дзяўчат — рушылі па вуліцах з павільёнаў выдаўцоў. Дзесьці з правага боку ад галоўнай сцэны ёсць і «звяздоўскі» — з магчымасцю атрымаць аўтограф ад аўтараў-зорак. Не праходзьце міма!

Ларыса ЦІМОШЫК

Пярцоў на кніжнай выстаўцы-кірмашы: Нашчадкі па кнігах будуць меркаваць аб нашым часе
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю