Top.Mail.Ru

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын правёў сустрэчу з літоўскімі і польскімі аўтаперавозчыкамі

Канструктыўна дамовіцца і выйсці з існуючай сітуацыі


У выніку абмежаванняў на транзіт, закрыцця пунктаў пропуску і іншых палітычна матываваных рашэнняў сваіх урадаў, каля тысячы грузавікоў з літоўскай рэгістрацыяй, якія належаць замежным аўтаперавозчыкам, аказаліся заблакіраваныя і пазбаўленыя магчымасці працаваць на звыклых напрамках. У сувязі з гэтым прадстаўнікі сферы міжнародных аўтаперавозак звярнуліся да нашага Прэзідэнта і папрасілі кіраўніка дзяржавы аказаць садзейнічанне ва ўрэгуляванні сітуацыі. 


«Наша жаданне — канструктыўна дамовіцца»

Як адзначыў Аляксандр Турчын, чатыры месяцы таму кіраўніцтвам Літоўскай Рэспублікі ў парушэнне ўсіх міжнародных нормаў былі закрыты граніцы з Беларуссю, наступствам чаго і стала немагчымасць выезду грузавікоў у напрамку Літвы: «Мы на працягу ўсіх гэтых чатырох месяцаў нашым калегам з Літоўскай Рэспублікі прапаноўвалі сустрэцца, правесці перагаворы з мэтай выпрацоўкі мер па ўрэгуляванні гэтага і іншых пытанняў у двухбаковых адносінах. На жаль, верагодна, у літоўскага ўрада ёсць больш важныя справы, чым займацца праблемамі ўласнага бізнесу, — сказаў Аляксандр Турчын падчас сустрэчы. — У сувязі з гэтым Прэзідэнтам нашай краіны, перш за ўсё прытрымліваючыся гуманітарных меркаванняў, даручана беларускаму ўраду сустрэцца з вамі і выслухаць вашае бачанне сітуацыі для наступнага прыняцця рашэнняў».

Прэм’ер-міністр звярнуў увагу на тое, што беларускі бок, нягледзячы на недружалюбную палітыку суседніх дзяржаў, мае намер максімальна ўлічваць інтарэсы ўсіх зацікаўленых у вырашэнні пытання бакоў: «Нягледзячы на магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў, у беларускага боку дакладна няма намеру і жадання гэтым скарыстацца. Наша жаданне — канструктыўна дамовіцца і выйсці з існуючай сітуацыі, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Падчас нядаўняга візіту прадстаўнікоў літоўскай асацыяцыі ў іх была магчымасць пераканацца, што ўсе транспартныя сродкі знаходзяцца на ахоўных стаянках, яны ўсе ў спраўным стане. Уласнік гэтых стаянак — камерцыйная арганізацыя. Наша пазіцыя таксама зразумелая: тыя выдаткі, якія панесла наша кампанія, павінны быць кампенсаваныя». 


«Калі ёсць праблема на граніцы, яе трэба вырашыць»

Намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар СЯКРЭТА пракаменціраваў сітуацыю, якая склалася на беларуска-літоўскай граніцы, адзначыўшы, што на працягу апошніх чатырох месяцаў беларускі бок рабіў шматлікія спробы ўрэгуляваць пытанне палітыка-дыпламатычнымі метадамі. Па словах прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства, Мінск неаднаразова спрабаваў выйсці на сувязь з Вільнюсам як па двухбаковай лініі, так і ў рамках міжнародных пляцовак, сігналізуючы аб гатоўнасці да дыялогу: «Калі ёсць праблема на граніцы, яе трэба вырашыць, — падкрэсліў Ігар Сякрэта. — У нас ёсць агульная граніца, якая павінна функцыянаваць нармальна. Гэты пасыл гучаў ва ўсіх нашых заявах, інтэрв’ю, каментарыях».

Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што адносіны паміж суседнімі дзяржавамі не разарваны. Таму прапускная здольнасць павінна забяспечвацца ў адпаведнасці з заключанымі пагадненнямі незалежна ад сітуацыі ў сталіцах. У тым ліку трэба падтрымліваць кантакты, якія будуць садзейнічаюць таму, каб бяспечна перасякаць граніцу маглі ўсе грамадзяне. Бо пацярпелі не толькі палякі і літоўцы, але і іншыя замежнікі, якія перавозілі, дастаўлялі грузы і разлічвалі на тое, што заўсёды змогуць бяспечна праехаць цераз тэрыторыю Беларусі і Літвы. «Мы выслухалі ўважліва тых, хто хацеў выказацца. У кожнага прадпрымальніка свая сітуацыя, свая колькасць транспарту, рухомага саставу. Нам было цікава гэта пачуць, бо ў нас няма афіцыйнага канала камунікацыі з Вільнюсам, атрымаць рэлевантную інфармацыю мы не змаглі», — адзначыў Ігар Сякрэта. 


«Звычайныя людзі ўсё разумеюць»

Польскія і літоўскія аўтаперавозчыкі падзякавалі беларускаму ўраду за магчымасць прыехаць і абмеркаваць сітуацыю, выказаўшы надзею на тое, што праблема будзе вырашана і супрацоўніцтва ў міжнародных перавозках працягнецца: «Мы прасілі беларускі бок дазволіць выезд польскіх транспартных сродкаў тым жа шляхам, якім яны і трапілі ў Беларусь, гэта значыць у асноўным праз пагранічны пераход «Казловічы», — расказала Анета БАРУТА, прадстаўнік кампаніі «АНПОЛ АНЕТА БАРУТА». Акрамя таго, была выказана просьба або поўнасцю ануляваць аплату за транспартныя сродкі, або зрабіць яе мінімальнай. 

«Звычайныя людзі ўсё разумеюць. Сёння яны ад безвыходнасці казалі, што кампенсацыі ім не атрымаць, іх урады ім не дапамогуць, — адзначыў Ігар Сякрэта. — Таму іх надзея — на беларускі ўрад, што ён прыме рашэнне, якое дазволіць ім вярнуцца да нармальнай дзейнасці, ажыццяўляць бізнес для выгады народаў: і беларусаў, і літоўцаў, і палякаў». 

Як падкрэсліў намеснік міністра замежных спраў, беларускія эксплуатуючыя арганізацыі, на стаянках якіх знаходзяцца транспартныя сродкі, счэпкі, прычэпы, паўпрычэпы, ужо панеслі пэўныя затраты, якія неабходна будзе кампенсаваць. «Рашэнне, якім будзе памер аплаты, як яна будзе выстаўляцца, будзе прынята пасля таго, як будзе падрыхтаваны даклад. Ва ўстаноўленым парадку будуць прыняты пастановы, аб якіх мы праінфармуем нашых партнёраў з Літвы і Польшчы». 

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю