Сярод тых, хто ўдастоены звання «Жанчына года — 2025» у намінацыі «Мацярынская слава», — маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Ельску Наталля Логвінава. З мужам Дзмітрыем у іх шасцёра ўсыноўленых і сямёра прыёмных дзяцей.
Звычайны цуд
Сціплая і стрыманая, Наталля Логвінава пазбягае ў размове пафасных слоў. Але тое, што яна зрабіла ў сваім жыцці, можна без усялякага перабольшання назваць сапраўдным подзвігам.
І калі б хто-небудзь 20 гадоў таму сказаў ёй, што здольная на такое, яна ні за што б не паверыла.
— Веру ў тое, што мой лёс быў наканаваны. У дзяцінстве, у маладосці не раз сутыкалася з людзьмі, якія выраслі ў прыёмных сем’ях, прайшлі праз дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, і заўсёды ім спачувала, — распавядае Наталля Генадзеўна. — Пасля двух гадоў у шлюбе мы з мужам вырашылі, што нам трэба адну сірату ўзяць з дзіцячага дома.Я старэйшая ў сям’і, у мяне два браты. Муж — малодшы сярод чатырох сыноў у бацькоў. Дзмітрыю хацелася дзяўчынку. І мы ўдачарылі Валерыю. Праз некаторы час адчулі: адно дзіця ў сям’і — гэта мала. Усынавілі Філіпа. А потым яшчэ дваіх хлопчыкаў — Яўгенія і Ілью: не захацелі разлучаць братоў-сірот. Усе дзеці трапілі да нас зусім маленькімі.
Наталля прыгадвае: на гэтым яны збіраліся паставіць кропку. Дзмітрый шмат працаваў, каб забяспечыць сям’ю, яны будавалі свой дом у Ельску. Дваццаці чатырох гадзін у сутках не хапала, каб усё паспяваць. Але жыццё непрадказальнае. Калі Валерыя падрасла, стала настойліва прасіць у бацькоў сястрычку. І бацькі «здаліся»: у сям’і з’явілася Ганначка. Праз год Наталля і Дзмітрый даведаліся, што біялагічная маці дзяўчынкі аддала ў дзіцячы дом яшчэ адно немаўля, Насцю. Наталля і Дзмітрый Логвінавы вырашылі ўзяць да сябе і яе.
— Напэўна, ёсць людзі, якія нараджаюцца з талентам — быць бацькамі, — разважае Наталля Генадзеўна. — Але мы з мужам вучыліся гэтаму. Шмат чыталі. Працавалі над сабой. Напэўна, у нечым памыляліся. Бо ідэальнай сістэмы для выхавання дзяцей няма: усе яны вельмі розныя і патрабуюць розных падыходаў. Але калі ты дзень за днём корміш іх, апранаеш, не спіш начамі, калі яны хварэюць, ходзіш разбірацца ў школу, калі яны там нешта не тое нарабілі, з часам тваё сэрца пачынае падказваць, як паступаць, што казаць у кожным канкрэтным выпадку.Часам і роднае па крыві дзіця бывае ох як няпроста выхаваць Чалавекам. Дапамагчы ўстаць на ногі, атрымаць адукацыю, прафесію, знайсці сябе тым, каму прычынілі боль на самым старце, каму ад нараджэння перадалі ў спадчыну сур’ёзныя праблемы са здароўем, значна складаней.
Адзін з усыноўленых хлопчыкаў трапіў да Логвінавых з рахітам і парушанай нервовай сістэмай. Пры выглядзе ежы ён ад радасці пачынаў спяваць, накідваўся на ўсё запар і ніяк не мог насыціцца. Спатрэбілася шмат часу, каб навучыць яго есці не спяшаючыся, перажоўваць, а не праглынаць ежу цалкам. І толькі ў 8 класе, калі хлопчык сказаў: «Мама, я не хачу суп», Наталля ўздыхнула з палёгкай: «Ну, дзякуй Богу, здаецца, мы сыночка адкармілі».
Сёння ўсе шасцёра дзяцей ведаюць, што іх усынавілі, што нарадзілі іх іншыя бацькі. Але калі ў школе дзеці «адкрылі» старэйшай Валерыі вочы, што яна «інтэрнатаўская», а не родная ў сям’і, дзяўчынцы было вельмі балюча, і Наталлі, Дзмітрыю прыйшлося вучыцца гаварыць на гэтую далікатную тэму. Яны справіліся. Кансультацыі з урачамі, візіты ў школу, дадатковыя заняткі, гурткі, штодзённы клопат пра тое, каб не толькі накарміць, апрануць, але і каб знайсці ключ да сэрца кожнага дзіцяці. Жыццё ў рэжыме нон-стоп. Цяжка ўявіць, якога цярпення, колькі сіл усё гэта патрабуе!Плюс сем
Браць да сябе ў сям’ю прыёмных дзяцей Логвінавы не планавалі. Але калі пачулі аб тым, што ў Ельску збіраюцца адкрыць дзіцячы дом сямейнага тыпу, то задумаліся і абмеркавалі перспектыву стаць бацькамі-выхавальнікамі. Падалі заяўку, прайшлі конкурс, і ў выніку былі адабраны сярод іншых прэтэндэнтаў на гэты праект. Так у сям’і Логвінавых адразу стала на пяць дзетак больш. А з часам прыбавілася яшчэ двое.
— Выдатна памятаю, як пяцёра дзяцей зайшлі ў дом, стаяць, азіраюцца, і ў іх вачах чытаецца разгубленасць, — дзеліцца Наталля Логвінава. — Я таксама маўчу, даю ім асвоіцца. І тут падыходзіць да іх наш Жэня і кажа: «Ды называйце вы ўжо яе проста мамай».І ўсіх пяцёра нібы прарвала, як галчаняты затрашчалі: «Мама-мама-мама». У той вечар мяне настолькі накрылі пачуцці, што я пайшла ў свой пакой, закрылася і патэлефанавала сваёй маме — адвесці душу, — смяецца мая суразмоўніца.
Сёння ўсе прыёмныя дзеці — Галя, Вераніка, Вікторыя, Тамара, Сняжана, Яўгенія і Багдан — жывуць сваё шчаслівае жыццё ў гэтай вялікай сям’і.
Старэйшыя дзеці патроху пакідаюць бацькоўскае гняздо. Валерыя ўжо выйшла замуж. Філіп скончыў Мазырскі політэхнічны каледж, служыць па кантракце пагранічнікам. Яўген нядаўна скончыў Палескі дзяржаўны аграрны каледж. Ілья вучыцца ў Мазырскім дзяржаўным музычным каледжы па класе скрыпкі.Надзейнае мужчынскае плячо...
Свайго будучага мужа Дзмітрыя Наталля ўпершыню ўбачыла ў царкве на службе. Праз некалькі месяцаў пасля той першай сустрэчы Дзмітрый зрабіў ёй прапанову. І сёння Наталля Генадзеўна шчаслівая, што побач з ёй аказаўся менавіта такі мужчына: надзейны, працавіты, добры. Мужчына, які ўмее ў жыцці ўсё: і горку з металу для дзяцей зварыць, і смачны абед прыгатаваць, і песню напісаць, і суткі прасядзець побач з дзіцём, калі яно захварэла. Падабенства поглядаў, агульныя каштоўнасці, гатоўнасць вучыцца, падставіць у цяжкую хвіліну плячо адно аднаму дазваляюць пераадольваць Наталлі і Дзмітрыю ўсе выпрабаванні і паспяваць столькі, колькі яны сапраўды не паспелі б, калі б не знайшлі адно аднаго. Дом пабудавалі, пасадзілі шмат дрэў. Але галоўнае — усіх дзяцей імкнуцца выхаваць працавітымі, сумленнымі, добрымі, даць ім апору ў жыцці, навучыць шанаваць сям’ю.
— Ведаю жанчын, якія гатовы ўсынавіць дзіця-сірату, — дзеліцца Наталля Логвінава. — А іх сужэнцы катэгарычна супраць. Ці, наадварот, ведаю сям’ю, дзе мужчына, бацька чацвярых хлопчыкаў, хацеў бы ўдачарыць дзяўчынку. А жонка — ні ў якую: «Не змагу палюбіць чужое дзіця». І што тут зробіш? Думаю, трэба больш удзяляць увагі падрыхтоўцы нашых хлопчыкаў да ролі бацькоў, а дзяўчынак — да ролі маці. І, вядома, вельмі важна знайсці ў жыцці чалавека, з якім ты на адной хвалі.Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота з сямейнага альбома Логвінавых