Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў нараду аб мерах па выключэнні неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва

На парадку дня — сур’ёзныя і ўзаемазвязаныя пытанні. Адно з іх датычыцца ліквідацыі пасрэдніцтва ў сельскай гаспадарцы. Адпаведны праект Указа па цэнтралізацыі закупак асобных тавараў для вёскі прадставілі на разгляд кіраўніку дзяржавы. Другое пытанне, якое абмяркоўвалася ў Палацы Незалежнасці, у цэлым звязана з выключэннем неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва. Склад удзельнікаў нарады шырокі: кіраўніцтва Савета Міністраў, губернатары, кіраўнікі прадпрыемстваў. 



«Калі пасрэдніцтва прыбраць, то мы можам годна выглядаць на нашых рынках»

«У апошні час мы вельмі шмат гаворым аб тым, што не можам канкурыраваць на нашых традыцыйных рынках, прадаючы сваю прадукцыю, — пачаў нараду кіраўнік дзяржавы. — Вельмі шмат размоў на гэту тэму. Чаму не можам? Бо нібыта прадукцыя ў нас дарагая, дзесьці па якасці не дапрацоўваем. Але чаму дарагая? Выдаткі вялікія на вытворчасць той ці іншай прадукцыі. Гэта значыць, сабекошт высокі».

Прэзідэнт заўважыў, што нават самыя дрэнныя эканамісты разумеюць, што сабекошт і выдаткі складваюцца з пэўных артыкулаў. Перш за ўсё гэта выдаткі на сыравіну (матэрыялы), на электраэнергію, на заробак. «Як вы думаеце, ці вырастуць выдаткі, калі за пастаўку сыравіны, абсталявання і іншага, мы пераплачваем у два-тры разы (больш. — „Зв.“) за кошт пасрэднікаў і іншых вашых сяброў?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар праінфармаваў, што намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец са сваёй рабочай групай, якой было даручана ўнесці радыкальныя прапановы па выкараненні неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва, выявілі, што рост у цане ад такога пасрэдніцтва складае прыкладна 25—30 %. «Пасрэднік павялічвае нашу цану, забіраючы сабе ў кішэню 25—30 %, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Калі гэта прыбраць, пасрэдніцтва, то мы можам годна выглядаць на нашых рынках і канкурыраваць нават з Кітаем і Турцыяй».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што вельмі даўно даручаў Савету Міністраў разабрацца з гэтымі пытаннямі. «Але і стары ўрад, і новы ўрад чамусьці гэтыя пытанні валакіцяць, — удакладніў ён. — Гэта не можа мяне не насцярожваць».


«Адказваць хто будзе?»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў праектах указаў, прапанаваных яму на разгляд, прапановы не сфармуляваны проста і даступна. Акрамя таго, адсутнічае інфармацыя аб тым, хто будзе несці адказнасць за неабгрунтаванае і нядобрасумленнае пасрэдніцтва. 

«Міністры ў нас убаку, губернатары ў нас ні пры чым, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Адказваць хто будзе? Ці вы прадугледзелі ў гэтых дакументах вычарпальныя варыянты, якія не дапусцяць гэтага неабгрунтаванага пасрэдніцтва і іншага? Не. Гэта немагчыма прадугледзець».

Прэзідэнт падкрэсліў, што пасрэдніцтва — гэта зло. «Яго трэба выкараняць і ўсяляк падтрымліваць вытворцаў, — дадаў беларускі лідар. — Гэта яшчэ 30 гадоў назад малады Прэзідэнт гаварыў: падтрымліваць вытворцаў! Гандаль працаваў і будзе працаваць. Але за ім патрэбны кантроль. Аднак пасрэдніцтва мы неяк і не бачылі нават у тым аб’ёме, які мы назіраем цяпер. І той шкоды, якое прыносіць пасрэдніцтва, мы не назіралі».

Пры гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, не трэба пасрэдніцтва тлумачыць сітуацыяй, якая складваецца. Не варта, па яго словах, спіхваць гэта і на санкцыі. 

«Карупцыя — гэта вайна»

Адным з пытаннем нарады стала абмеркаванне праекта ўказа па цэнтралізацыі закупак асобных тавараў для вёскі. 

«Што значыць асобных? — удакладніў беларускі лідар. — Усе тавары, якія мы для сяла купляем, павінны ўвайсці ў гэты ўказ».

Прэзідэнт нагадаў, што раней абмяркоўваў з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыем Горлавым ліквідацыю пасрэдніцтва ў сельскай гаспадарцы як класа. Аднак гэтага, па словах кіраўніка дзяржавы, не адбылося. 

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў закупку тэхнікі ААТ «Гомсельмаш». «У Беларусі „Гомсельмаш“ вырабіў камбайн, і праз пасрэднікаў сяляне купляюць гэты камбайн, — канкрэтызаваў ён. — Гэта нармальна? І абгрунтоўваюць жа прыгожа».

Як высветліў Камітэт дзяржаўнага кантролю, грошы для рэалізацыі пасрэдніцкіх схем бяруцца ў беларускіх банках. «Дык чаму мы іх не можам узяць? — пацікавіўся Прэзідэнт. — Чаму Горлаў і губернатары са сваімі сялянамі не могуць узяць гэтыя грошы і купіць камбайн на «Гомсельмашы»?

Кіраўнік дзяржавы даручыў сілавым структурам жорстка спыняць неабгрунтаванае пасрэдніцтва. «Пра ўнутраную вытворчасць і спажыванне нават гаварыць не хачу, — удакладніў беларускі лідар. — Дзмітрый Юр’евіч (звяртаючыся да генеральнага пракурора Дзмітрыя Гары. — „Зв.“), як толькі мы ўбачым пасрэднікаў на беларускую прадукцыю, ты не разбірайся. Як толькі ўбачылі, што ў нас пасрэднікі на цукеркі, шакалад, адзенне, малако, мяса, тэхніку беларускай вытворчасці, — ты іх адразу ў СІЗО». 

Да чаго прыводзіць пасрэдніцтва, а ў выніку карупцыя, Аляксандр Лукашэнка расказаў на канкрэтным прыкладзе. Ён праінфармаваў аб затрыманні на гарачым за хабар міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Сяргея Масляка. 

«Ніхто нікога проста так не бярэ: вінаваты — ідзі і адказвай, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У які раз паўтараю: немагчыма ўсё гэта схаваць. Ну, немагчыма, паверце. Калі нехта сядзіць і думае або пачуе мяне, падумае: „Вось я там дзесьці накасячыў, а мяне яшчэ не заўважылі“. Даўно заўважылі. Прыйдзе час. Не лезьце ў чужое, не чапайце! Калі вы па імпартазамяшчэнні прывязеце нешта тое, чаго няма, калі вы для краіны штосьці зробіце — дзякуй вам за гэта. Мы вас будзем цаніць і падтрымліваць. Але карупцыя — гэта не проста іржа, як я раней гаварыў. Гэта вайна. Ва Украіне ўсё з гэтага пачыналася. У аснове ляжыць гэта жудасная карупцыя». 

«Павінна быць забяспечана бесперабойнасць вытворчых працэсаў і своечасовасць» 

Гаворачы аб указе, які прадугледжвае цэнтралізацыю закупак асобных тавараў, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што галоўнае — павысіць эфектыўнасць, прыбытковасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што гаспадаркі павінны быць своечасова забяспечаны ўсім неабходным: угнаеннямі, насеннем, сродкамі аховы раслін, рэгулятарамі росту і запаснымі часткамі для сельгастэхнікі. Пры гэтым, па яго словах, гаспадаркі павінны мець магчымасць закупіць усё самае патрэбнае па справядлівых цэнах.

У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы нагадаў, як з-за прамаруджвання міністра сельскай гаспадаркі і харчавання своечасова не былі закуплены рэгулятары росту для рапсу, што негатыўна адбілася на гэтай культуры. «Прэзідэнтам былі дадзены даручэнні: закупіць і неадкладна аддаць, — удакладніў беларускі лідар. — Дзе заўгодна вазьмі — галоўнае, каб цэны былі нармальныя. Ён (Юрый Горлаў. — „Зв.“) да зімы, калі рапс перастаў ужо расці ў полі і гэтыя рэгулятары росту нікому не былі патрэбны, уносіў прапановы. Гэта што, нармальна? Там жа ў моманце трэба было закупіць і ўнесці, каб рапс не перарастаў».

Прэзідэнт падкрэсліў, што хоча пачуць сур’ёзныя аргументы на карысць прыняцця новага прававога акта, які датычыцца цэнтралізацыі асобных закупак у сельскай гаспадарцы, па наступных аспектах. 

«Першае пытанне: чаму прадметам рэгулявання выбраны сродкі аховы раслін, насенне люцэрны і шэраг запчастак? А астатняе?» — удакладніў беларускі лідар. 

Другое, на чым засяродзіў увагу кіраўнік дзяржавы: на каго будзе распаўсюджвацца новы ўказ? На ўсе арганізацыі аграпрамысловага комплексу, фермераў або на іншых прыватнікаў? 

«Адказваю на дадзенае пытанне: гэта павінна датычыцца ўсіх, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Сістэма павінна быць для ўсіх. У нас прыватныя і дзяржаўныя формы ўласнасці. Але гэта нашы, дзяржаўныя, прадпрыемствы, якія павінны працаваць у інтарэсах дзяржавы. І не трэба тут казкі расказваць, што прыватнік тут сам усё вырашыць і гэтак далей».

Па словах кіраўніка дзяржавы, нават кадравыя прызначэнні прыватнікі цяпер узгадняюць з мясцовымі органамі ўлады. «Можа быць, вы гэтага не робіце, — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. — У бліжэйшы час Адміністрацыя Прэзідэнта праверыць і мне даложыць, так гэта або не». 

Трэцяе пытанне, якое кіраўнік дзяржавы паставіў перад удзельнікамі нарады, — ці дазволіць прапанаваны механізм раз і назаўжды ўпарадкаваць цэны на закупкі для вёскі?

«Чацвёртае: ці дастаткова простыя, зразумелыя ўмовы прапануецца стварыць? — пацікавіўся беларускі лідар. — Ці не стануць сельгасарганізацыі заложнікамі доўгіх бюракратычных працэдур? Усё павінна быць проста. У рэшце рэшт адказнасць будзе на кіраўніку прадпрыемства і губернатары, калі гаварыць аб сельскай гаспадарцы. І, натуральна, на яго падначаленых: старшынях райвыканкамаў». 

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што пры любых навацыях павінна быць забяспечана бесперабойнасць вытворчых працэсаў і своечасовасць. Асабліва, па яго словах, у гарачы перыяд пасяўной або жніва.

«Пятае, самае галоўнае: ці не створым мы новых пасрэднікаў-манапалістаў пад маркай фарміравання канкурэнтнага асяроддзя? — удакладніў беларускі лідар. — Не створым. Бо гэтымі манапалістамі і іншымі, як вы іх баіцеся, будзе кіраваць канкрэтная асоба: губернатар або міністр. Калі ён будзе бачыць, што там завоблачныя цэны (а як ён будзе бачыць, гэта яго справа), ён адрэгулюе і гэта пытанне». 

«У дзяржаве ніхто не супраць разумнага пасрэдніка там, дзе гэта аб’ектыўна трэба»

Што датычыцца другога пытання, вынесенага на абмеркаванне, — выключэнне неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва, — яно заўсёды знаходзілася пад пільнай увагай Прэзідэнта, паколькі з’яўляецца адным з дзейсных інструментаў зніжэння сабекошту. Беларускі лідар шмат разоў даваў даручэнні па павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўным расходаванні грашовых сродкаў і недапушчэнні рознага роду шэрых схем. 

«Заканадаўства аб закупках узмацнілі, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Стварылі за мяжой шматфункцыянальныя цэнтры для продажу нашай тэхнікі. Але адпрацавана пакуль усё не ідэальна. А мне здаецца, увогуле не адпрацавана. Цалкам выкараніць гэту праблему нам да гэтага часу не ўдалося».

Па словах кіраўніка дзяржавы, праваахоўныя, кантралюючыя органы паведамляюць: штогод выяўляецца нямала правапарушэнняў і злоўжыванняў, у тым ліку злачынных, з боку пасрэдніцкіх структур у самых розных сферах. Толькі ў 2025 годзе ўстаноўлена больш за 400 злачынстваў, звязаных непасрэдна з працэдурамі закупак не толькі ў прамысловай, сельскагаспадарчай, але і ў іншых галінах і сферах. 

«Пры гэтым звыш 50 % — факты атрымання хабару, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Гэта значыць, на гэтым пасрэдніцтве вырас цэлы слой бандытаў, жулікаў і прайдзісветаў». 

Дэталёва разабрацца ў сітуацыі Прэзідэнт даручыў намесніку Старшыні УНС Аляксандру Косінцу. «Тым больш у яго невялікі, але цудоўны, якасны апарат кіравання УНС, — удакладніў беларускі лідар. — Там дзясятак добрых, разумных людзей (адны з найлепшых, у тым ліку і юрысты), якія могуць унікнуць у гэту праблему, каб справай заняцца, унесці прапановы».


Перад тым, як выслухаць іх, Аляксандр Лукашэнка вызначыў наступныя пазіцыі. Ён падкрэсліў, што трэба правесці выразную рысу, якая аддзяляе абгрунтаванае пасрэдніцтва ад неабгрунтаванага.

«У дзяржаве ніхто не супраць разумнага пасрэдніка там, дзе гэта аб’ектыўна трэба, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Невялікая колькасць застанецца ў нас кірункаў, якія будуць пад кантролем або губернатараў, або міністраў, Прэм’ер-міністра». 

Ёсць такія, хто ў складанай сітуацыі, па словах Прэзідэнта, думае толькі аб уласным узбагачэнні. «Даходзіць да таго, што ў ланцужок „ад куплі — да продажу“ ўключаюць тры, а то і пяць пасрэднікаў, а часта фіктыўных, — заўважыў ён. — Часам і замежнікаў прыцягваюць, каб абысці гранічныя надбаўкі да цаны, прапісаныя ў нацыянальным заканадаўстве. У выніку ўсе нацэнкі, якія асядаюць у кішэнях такіх дзялкоў, даводзіцца аплачваць простым спажыўцам. Гэта абуральна, і прыкладаў больш чым дастаткова».

Беларускі лідар канкрэтызаваў, што карданны вал коштам 140 рублёў з дапамогай некалькіх пасрэднікаў быў прададзены канчатковаму спажыўцу амаль за тысячу — за 935 рублёў. «Цана вырасла больш чым у шэсць з паловай разоў!» — абурыўся кіраўнік дзяржавы. 

«З тымі, хто вырашыць нажыцца на злачынных махінацыях, размова будзе кароткай»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пры фармальным выкананні заканадаўства аб закупках (пастаўшчыкі выбіраюцца ж па конкурсе) у прамысловасці, ахове здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай сферы, IT-паслугах для дзяржсектара абсталяванне набываецца з дзікімі пераплатамі. І, як правіла, усюды фігуруюць хабары.

Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў 2023 — 2025 гадах расходы РУП «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг» і ТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» на аплату пасрэдніцкіх надбавак, якія даходзілі да 200 %, склалі каля 10 мільёнаў рублёў. 

«Трэба, каб кожны бізнесмен ведаў (і не толькі бізнесмен): з тымі, хто вырашыць нажыцца на злачынных махінацыях, размова будзе кароткай, — папярэдзіў беларускі лідар. — Вы ведаеце, з кім».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што штучна створаныя ланцужкі непатрэбных пасрэднікаў — шлях да карупцыі і адмывання сродкаў. «Хаця гэтыя грошы ў ідэале павінны працаваць у эканоміцы, ісці на развіццё краіны, на тое, каб людзі жылі лепш, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Таму зялёнае святло, садзейнічанне толькі тым, хто працуе на карысць (Беларусі. — „Зв.“) і стварае нешта сваімі рукамі». 

Прэзідэнт не адмаўляе таго, што наша эканоміка працуе ва ўмовах санкцый. «Прадпрыемствы пастаянна сутыкаюцца з абмежаваннямі (моцнымі прытым) на экспарт прадукцыі, імпарт сыравіны, куплю абсталявання, правядзенне разлікаў за пастаўленыя тавары, — удакладніў ён. — У такіх умовах даводзіцца шукаць нестандартныя варыянты паставак і аплаты. Пад санкцыйным ціскам поўнасцю адмовіцца ад паслуг пасрэднікаў, на жаль, не можам. Гэта аб’ектыўныя прычыны. Але вы ж разумееце, што гэта „дах“, прыкрыццё для нядобрасумленных людзей». 

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выпрацаваць дзейсныя меры па абмежаванні нядобрасумленных дзялкоў цалкам можна. 


«Дамовіліся — і наперад, дзейнічайце!»

Выступаючы з дакладам, намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец прапанаваў тры групы мер па ўзмацненні барацьбы з неабгрунтаваным і нядобрасумленным пасрэдніцтвам.

Першая група — гэта прававыя меры. Найбольш запатрабаваным Аляксандр Косінец назваў унясенне змяненняў у заканадаўства, якое рэгулюе дзяржаўныя закупкі і закупкі за кошт уласных сродкаў у частцы ўніфікацыі і спрашчэння працэдур такіх закупак.

Другая група — арганізацыйныя меры. Сярод іх — цэнтралізацыя закупак тавараў, стварэнне каталога тавараў для мэт ажыццяўлення закупак з абавязковым уключэннем усёй наменклатуры тавараў, а таксама стварэнне рэестра нядобрасумленных пасрэднікаў. «У нас на сённяшні дзень не ў поўным аб’ёме гэта ёсць, а існуючы каталог састарэў», — адзначыў Аляксандр Косінец.

Намеснік Старшыні УНС прапанаваў скарыстацца існуючым замежным вопытам і стварыць пры Міністэрстве эканомікі Нацыянальны цэнтр закупак. Гэта структура, па яго словах, дасць магчымасць ажыццяўляць вядзенне ўжо згаданага каталога з улікам яго рэгулярнага абнаўлення, метадалагічнае суправаджэнне, тлумачэнне падыходаў да працэсаў закупак, курыраваць адпаведныя электронныя пляцоўкі і г. д.

Трэцяя група — фінансава-эканамічныя меры. «Найважнейшая з якіх — распрацоўка механізму рэалізацыі тавараў ад вытворцаў арганізацыям, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасць, — падкрэсліў Аляксандр Косінец. — У тым ліку на ўмовах адтэрміноўкі і растэрміноўкі плацяжоў». 

На падставе абагульнення ўсіх значных прапаноў падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Беларусі. Дакумент датычыцца мер па барацьбе з нядобрасумленным і неабгрунтаваным пасрэдніцтвам.

«Я вельмі вас прасіў і папярэджваю яшчэ раз: ніякіх лішніх „засядалавак“! Сабраліся тут, дамовіліся — і наперад, дзейнічайце!» — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Даслоўна

Праект указа па пытаннях закупак і выключэння неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасрэдніцтва будзе дапрацаваны і ўнесены на разгляд Прэзідэнта Беларусі ў сярэдзіне красавіка бягучага года

Як адзначыў у размове з журналістамі намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр КОСІНЕЦ, дзеючая заканадаўчая база, а таксама мерапрыемствы, пастановы і планы, якія прымаюцца ўрадам, у пэўнай ступені працуюць. «Але разам з тым не даюць жаданага выніку, бо наша сацыяльна-эканамічнае развіццё церпіць вялікі ўрон у выніку нядобрасумленнага пасрэдніцтва, — удакладніў ён. — У сувязі з гэтым кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача да 15 красавіка падрыхтаваць усёабдымны ўказ Прэзідэнта аб неадкладных мерах па устараненні нядобрасумленнага і неабгрунтаванага пасрэдніцтва».


Дакумент будзе ўключаць у сябе некалькі кірункаў. Перш за ўсё, па словах Аляксандра Косінца, неабходна скарэкціраваць заканадаўчыя аспекты. «Трэба самым сур’ёзным чынам перапрацаваць Закон ад 2012 года „Аб закупках“, дапоўніць яго, істотным чынам перагледзець арганізацыйныя пытанні, якія датычацца яго рэалізацыі», — канкрэтызаваў намеснік Старшыні УНС.

Па словах Аляксандра Косінца, нормы дзейнага закона датычацца толькі дзяржаўных закупак, а не закупак за кошт уласных сродкаў арганізацый і прадпрыемстваў. Між тым 90 % усіх карупцыйных праяў і парушэнняў у сферы закупак выяўляюцца менавіта пры аплаце ўласнымі сродкамі.

Яшчэ адзін кірунак — арганізацыйныя мерапрыемствы, якія датычацца перш за ўсё актуалізацыі і вядзення каталога работ і паслуг. Дзеючы варыянт, па словах Аляксандра Косінца, састарэў. Адпаведны каталог патрэбен, каб у штодзённым рэжыме бачыць, якія ёсць магчымасці і прапановы на рынку, і не плаціць утрая даражэй нядобрасумленным пасрэднікам.

Намеснік Старшыні УНС заўважыў, што часам пасрэдніцтва ідзе ад самога спажыўца, які можа быць у змове з пастаўшчыком. Гэтаму, а таксама рэестру нядобрасумленных пасрэднікаў, з якімі арганізацыі не павінны мець абсалютна ніякіх адносін, будзе ўдзелена асаблівая ўвага.

У праекце ўказа будуць прадугледжаны і меры ў фінансава-эканамічнай сферы, накіраваныя на выключэнне неабгрунтаванага пасрэдніцтва. Роўна як і шэраг іншых мерапрыемстваў, якія датычацца пытанняў імпарту, персанальнай адказнасці.

«У выніку ён прынясе вялікую карысць, дасць адчувальны эфект для сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, — перакананы Аляксандр Косінец. — Бо рост сабекошту прадукцыі (у выніку неабгрунтаванага пасрэдніцтва. — „Зв.“) кладзецца на кішэню грамадзян, зніжае канкурэнтаздольнасць тавараў».

Як звярнуў увагу міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ, па выніках нарады было прынята рашэнне ўключыць нормы ўказа па цэнтралізацыі закупак асобных тавараў для вёскі ў адзіны комплексны дакумент.


Па словах кіраўніка Мінсельгасхарча, неабгрунтаванае пасрэдніцтва прыводзіць да значнага росту цэн на тавары. У якасці прыкладу Юрый Горлаў прывёў гербіцыды і запчасткі для тэхнікі. Завышаны кошт у выніку прыводзіць да росту сабекошту айчыннай прадукцыі.

«Цана аднаго і таго ж тавару ў тым жа самым аб’ёме і з тымі ж умовамі пастаўкі адрозніваецца больш як у два разы, — канкрэтызаваў Юрый Горлаў, гаворачы аб сродках аховы раслін. — Калі гаварыць пра запчасткі, то цэны адрозніваюцца ў пяць ці шэсць разоў. Вядома, гэта недапушчальна і ўплывае на сабекошт нашай прадукцыі».

Па словах міністра, указ, які будзе ўнесены на разгляд Прэзідэнту, дасць магчымасць значна знізіць сабекошт прадукцыі ў тым ліку і сельскай гаспадаркі. «Для нашай галіны, для вытворцаў прадуктаў харчавання гэта вельмі актуальна, — падкрэсліў кіраўнік ведамства. — Мы з’яўляемся экспартна арыентаванай краінай, і сабекошт тавараў, якія выпускаюцца, трэба зніжаць. Мы прадаём малочную і мясную прадукцыю на экспарт і бачым, як складваецца сабекошт канкрэтнай прадукцыі ў тых ці іншых краінах. У гэтай частцы ёсць рэзервы».

Нарматыўна-прававы дакумент, па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, стане своеасаблівай інструкцыяй, якая забяспечыць значна большую празрыстасць закупак. «Разам з тым не варта ставіць у жорсткія рамкі нашых вытворцаў, пакупнікоў, прадаўцоў, — лічыць Юрый Горлаў. — Патрэбна пэўная мабільнасць. Але ўсё павінна быць празрыста, адкрыта і даступна».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА




arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю