Штогод у людзей, якія атрымалі даходы звыш устаноўленых лімітаў або з пэўных крыніц, узнікае абавязак падаць падатковую дэкларацыю. Каб дэталёва разабрацца ў тонкасцях новага дэкларацыйнага сезона і пазбегнуць памылак пры запаўненні дакументаў, на актуальныя пытанні падчас прэс-канферэнцыі адказаў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй КАВАЛЕЎСКІ.
Дэдлайн — апошні дзень сакавіка
Хто павінен падаць падатковую дэкларацыю і ў якія тэрміны? Сама дэкларацыя прадстаўляецца не пазней за 31 сакавіка бягучага года. На падставе прадстаўленай падатковай дэкларацыі падатковы орган зробіць разлік падатку і да 30 красавіка накіруе паведамленне на яго выплату. Сам падатак падлягае выплаце не пазней за 1 чэрвеня 2026 года. Дэкларацыю прадставіць можна рознымі спосабамі. Ёсць класічны варыянт — звярнуцца ў падатковы орган. Другі варыянт — накіраваць дэкларацыю па пошце, і дата падачы дэкларацыі будзе лічыцца як дзень паштовага адпраўлення. Напэўна, самы зручны спосаб — гэта падаць дэкларацыю праз асабісты кабінет плацельшчыка на сайце падатковых органаў.
Хто павінен плаціць?
У першую чаргу дэкларацыю запаўняюць тыя асобы, якія прызнаюцца падатковымі рэзідэнтамі і атрымалі даходы ад крыніц за межамі нашай краіны. Падатковыя рэзідэнты — гэта тыя грамадзяне, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дні ў справаздачным 2025 годзе, прычым не абавязкова ўсе дні запар. Гаворка ідзе і пра выпадкі, калі чалавек знаходзіўся ў краіне некалькі месяцаў у пачатку года, потым выязджаў кудысьці, а потым ізноў вярнуўся — сукупна 180 з лішкам дзён у межах каляндарнага года. Важна памятаць, што калі чалавек не пражыў ні ў адной краіне свету больш чым 180 дзён, то ён прызнаецца падатковым рэзідэнтам нашай краіны па прынцыпе наяўнасці грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Якія ж даходы могуць быць ад крыніц за межамі краіны? Заработная плата, узнагароджанні, выйгрыш у замежных анлайн-казіно, працэнты па рахунках у замежных банках, адчужэнне долі ў замежных арганізацый. Нават грашовы перавод у якасці падарункаў ад сяброў, знаёмых і гэтак далей будзе абкладацца падаткам, але з адной важнай ільготай. Калі заработная плата і падобныя ўзнагароды абкладаюцца з першага атрыманага рубля, то даходы ў выніку дарэння ад іншых грамадзян ільгатуюцца ў межах 11 516 беларускіх рублёў у цэлым за год. Падаткі аплачваюцца толькі з сумы, якая перавысіць гэту мяжу. Напрыклад, 12 000 беларускіх рублёў вы атрымалі ў падарунак, у тым ліку і за мяжой. Толькі на ўмоўных 500 рублёў неабходна будзе падаваць дэкларацыю і аплачваць падатак.
Даходы, атрыманыя ў выніку дарэння ад блізкіх сваякоў, цалкам не абкладаюцца падаходным падаткам, і прадстаўляць дэкларацыю ў дачыненні да гэтых даходаў не патрабуецца.
Трэба памятаць, што калі ў замежнай дзяржаве з атрыманых даходаў быў утрыманы падаходны падатак, то пры прадстаўленні пэўных дакументаў гэты падаходны падатак можа быць залічаны пры аплаце ў Беларусі.
З продажу якой кватэры плаціць падатак?
Наступная буйная катэгорыя грамадзян, якая прадстаўляе падатковую дэкларацыю, гэта тыя, хто прадаў пэўныя віды нерухомай маёмасці і транспартных сродкаў. Згодна з дзеючым заканадаўствам ад падаходнага падатку вызваляецца продаж на працягу каляндарнага года аднаго аўтамабіля масай да 3,5 тоны і колькасцю пасадачных месцаў менш за восем. Калі прададзены ўжо другі легкавы аўтамабіль на працягу года, то такі продаж будзе абкладацца падаткам. Транспартны сродак масай звыш 3,5 тоны або колькасцю пасадачных месцаў больш за 8 ужо лічыцца паўнавартасным грузавым аўтамабілем, аўтобусам, у тым ліку мікрааўтобусам.
Пры гэтым пры вылічэнні падатку ўлічваюцца выдаткі, звязаныя з набыццём гэтага транспартнага сродку. Гэта значыць, падатак спаганяецца не з усёй сумы продажу, а падатковая база памяншаецца на суму выдаткаў. Калі машына была набыта даўно — у Падатковым кодэксе прапісаны пэўны алгарытм.
Наступная катэгорыя грамадзян, якія павінны прадставіць падатковую дэкларацыю, — гэта тыя асобы, якія ажыццявілі адчужэнне пэўных відаў нерухомай маёмасці. Вызваляецца ад падаткаабкладання прададзеныя на працягу пяці гадоў адна кватэра, адзін жылы дом, адзін гараж, адно машынамесца, адзін зямельны ўчастак. Таму, калі на працягу 5 гадоў прададзена два віды аднатыпнай нерухомасці (дзве кватэры, два жылых дома), то з другога продажу неабходна плаціць падатак.
Дарэчы, дэкларацыя запаўняецца, нават калі продаж нерухомасці або транспарту ажыццяўляўся з «мінусам». Напрыклад, калі кліент прадаў грузавік, але са стратай для сябе: купіў у свой час за 10 тысяч рублёў, а прадаў за 7 тысяч. Падатковая дэкларацыя ў любым выпадку падаецца, паколькі ўсе выдаткі ўлічвае толькі падатковы орган. Адпаведна, падатковая база будзе роўная нулю, бо даход менш, чым расходная частка, але дэкларацыя прадстаўляецца, і ўжо па факце будзе вырашана, што прадавец машыны дзяржаве нічога не павінен.
Калі прадаецца іншая нерухомасць, напрыклад камерцыйная нерухомасць, вытворчы будынак, офіснае памяшканне, то нават першы продаж абкладаецца падаткам і неабходна падаць дэкларацыю.
Больш зарабіў — больш заплаціў
Наступная буйная катэгорыя, якая ўжо летась упершыню падавала падатковую дэкларацыю, — гэта грамадзяне, якія атрымалі вялікія даходы. Па выніках 2025 года павінны задэкларыраваць звышпрыбыткі тыя асобы, якія атрымалі тры віды даходаў — альбо паасобку, альбо ў сукупнасці, — і сума гэтых даходаў перавысіла 220 тысяч беларускіх рублёў.
Падатковы орган сумы перавышэння такіх даходаў пералічыць па стаўцы 25 % і залічыць той падатак, што быў утрыманы на працягу года з месяца, у якім паўстала перавышэнне вось гэтай сумы праз мяжу ў 220 тысяч рублёў.
Напрыклад, па выніках 2024 года было пададзена 7 700 дэкларацый у сувязі з атрыманнем звышпрыбыткаў. У лідарах багатых людзей былі жыхары сталічнага рэгіёна.
Дарэчы, летась самы вялікі падатак па дэкларацыі заплаціў рэзідэнт нашай краіны, які атрымаў дывідэнды ад беларускай арганізацыі. І дывідэнды складалі больш за 10 мільёнаў рублёў.
Сяргей КУРКАЧ