Top.Mail.Ru

Як ствараецца сельгастэхніка, прызнаная эталонам

І родны, і народны

Летась ААТ «Гомсельмаш» адзначыла сваё 95-годдзе. Завод прайшоў шлях ад невялікай вытворчасці да прызнанага ў свеце прамысловага флагмана. Сёння прадпрыемства — гэта калектыў больш за восем тысяч чалавек, які робіць грунтоўны ўнёсак у развіццё айчыннага аграрнага машынабудавання. Утрымліваць тэхналагічнае лідарства на рэгіянальным і міжнародным узроўнях прадпрыемству дазваляе высокая якасць прадукцыі. Яскравае пацвярджэнне — у пачатку года збожжаўборачны камбайн GS12A1 вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» адзначаны Дзяржаўным знакам якасці.

Жывы механізм вялікай справы

Завод аб’ядноўвае 12 вытворчасцяў. Жывое ўвасабленне таго, як усё зладжана працуе ў гэтым вытворчым арганізме, — гатовая аграмашына. Напрыклад, толькі мадэлі GS12A1, адзначанай Дзяржаўным знакам якасці, за адну змену збіраюць да васьмі адзінак. За месяц жа з канвеера сыходзіць больш за 200 такіх аграмашын. Збожжаўборачны самаходны камбайн GS12A1 добра вядомы аграрыям. Першая такая машына была сабрана каля 20 гадоў таму.

— У сярэдзіне 1990-х у краіне востра стаяла праблема зношанага парку збожжаўборачнай тэхнікі — ва ўсіх сэнсах састарэлай, — звяртае ўвагу першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Гомсельмаш» Дзмітрый АФАНАСЬЕЎ. — Выйсцем стала рашэнне кіраўніка дзяржавы стварыць уласны збожжаўборачны камбайн. Ужо ў 1996 годзе на базе энерганасычанага шасі МТЗ-1221 была выраблена першая машына, а да 1998-га 

першая прамысловая партыя працавала на палях Беларусі. Вынікам паслядоўнага развіцця стаў збожжаўборачны камбайн КЗС-1218 «Палессе GS12» (цяпер GOMSELMASH GS12A1), упершыню прадстаўлены на міжнароднай выстаўцы «Белагра» ў 2006 годзе.

За гэты час выпушчана больш за 26 тысяч камбайнаў GS12A1. Па словах першага намесніка гендырэктара, цяпер гэта адна з найбольш папулярных айчынных збожжаўборачных машын. «Больш за 50 % штогадовага аб’ёму вытворчасці прыпадае менавіта на гэты камбайн, — удакладняе Дзмітрый Афанасьеў. — Ён адносіцца да шостага класа, яго істотная перавага — двухбарабанная схема абмалоту. Мадэль простая, але яна пастаянна мадэрнізуецца. Улічваем зваротную сувязь ад гаспадарак, аналізуем эксплуатацыю машыны ў самых розных рэгіёнах, удасканальваем яе пад канкрэтныя патрэбы аграрыяў і ўмовы іх работы. Таму гэтаму камбайну яшчэ доўга „жыць“ на канвееры».

Аграмашына працуе на палях больш як 30 краін свету. «Гэта адна з найбольш імпартазамяшчальных машын на бягучым этапе, — адзначыў першы намеснік кіраўніка прадпрыемства. — З улікам уласнай вытворчасці і вытворчасці ў складзе Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі камбайн на 

98 % айчынны прадукт. І прызнанне машыны на такім высокім узроўні — гэта прызнанне выніку работы калектыву. Разам з тым мы разумеем, што спыняцца на дасягнутым ці збаўляць тэмп нельга. Рынак патрабуе пастаянных новаўвядзенняў, укаранення электронных сістэм аналізу, беспілотнага кіравання, калі аналіз даных перадаецца аўтаматызаваным сістэмам і праграмнаму забеспячэнню, а за механізатарам застаецца прыняцце стратэгічных рашэнняў. Таму для нас задача застаецца нязменнай — рухацца наперад».

Да металу — з душой

На вытворчасці разумееш, што адрэзак часу ад зборкі да выхаду гатовай машыны на выпрабавальны палігон — тая прамая, на якой якасць па-беларуску набывае рэальную форму. Над адным такім «караблём палеткаў» працуюць тысячы рук.

— Кожны на сваёй пазіцыі сапраўды выкладваецца, адносіцца да работы з душой, працуе, каб наша краіна квітнела, — дзеліцца слесар-зборшчык збожжаўборачных камбайнаў ААТ «Гомсельмаш» Ілья МАЛАХАЎ. — Ганаруся, што працую на прадпрыемстве. Калі прыязджаў на Радзіму, бачыў нашы камбайны ў палях, як прыемна расказваць сваякам, што гэта мы, маладыя хлопцы, тут на заводзе збіраем гэтых прыгажуноў!"

У стварэнні «волатаў палёў» задзейнічаны не толькі працаўнікі завода, але і партнёры, якія пастаўляюць камплектуючыя і матэрыялы. Толькі ўявіце, адзін камбайн складаецца з больш як дзесяці тысяч пазіцый.

— Гэта, як кажуць, «лега для дарослых», — прыводзіць аналогію начальнік зборачна-

здатачнага цэха ААТ «Гомсельмаш» Дзмітрый ШКВАРКОЎ. — На зборачным канвееры кожны слесар можа адчуць сябе сапраўдным творцам, калі з дэталяў нараджаецца вялізны вузел. Дабіваемся самай высокай якасці зборкі машыны«.

І гэта якасць — ва ўсім. Дарэчы, канструкцыя камбайна GS12A1 прадумана так, каб ён стабільна працаваў у полі нават у самых складаных умовах — пры зацяжных дажджах, дрэннай праходнасці, на пераўвільготненых і засмечаных палях. Прадукцыйнасць машыны дасягае 12 кілаграмаў збожжа ў секунду.

За апошнія гады прыкметна змянілася працоўнае месца механізатара. У кабіне ўсталяваны клімат-кантроль, аўдыёсістэма, халадзільнік, сістэма відэаназірання за ўнутранымі вузламі — асноўныя параметры выводзяцца на бартавы камп’ютар і кантралююцца ў рэальным часе. Многія аперацыі аўтаматызаваны і не патрабуюць выхаду механізатара з кабіны. У цэлым органы кіравання размешчаны лагічна і паслядоўна, што змяншае стамляльнасць механізатара на працоўным месцы, дапамагае яму захоўваць добры тэмп работы на працягу ўсёй змены.

Згодна з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігоддзе, курс на мадэрнізацыю вытворчасці на ААТ «Гомсельмаш» працягнецца. Перад гомельскімі вытворцамі сельгасмашын пастаўлена задача — не зніжаць аб’ём выпуску, імкнуцца да вытворчасці не менш як 

3,5 тысячы камбайнаў у год. Паралельна важна ўмацоўваць пазіцыі на традыцыйных рынках і адкрываць новыя напрамкі — Блізкі Усход, краіны Азіі і Лацінскай Амерыкі. На афрыканскі кантынент прадпрыемства ўжо выйшла, цяпер важна там замацавацца. Ужо запланаваны першыя пастаўкі айчынных камбайнаў на рынкі Тога, Гвінеі, Буркіна-Фасо і Рэспублікі Мадагаскар.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ААТ «Гомсельмаш»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю