Нягледзячы на працяглую гісторыю айчынных прамысловых гігантаў (Мінскі трактарны завод быў заснаваны ў маі 1946 года, а будаўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода пачалося адразу пасля вызвалення Беларусі, у жніўні 1944 года), справы ішлі па-рознаму.
У сярэдзіне 1990-х, напрыклад, у краіне не было тэхнікі, каб убраць з палёў хлеб. У той час у Гомелі быў свой завод па вытворчасці кормаўборачных камбайнаў. Збожжаўборачныя куплялі за мяжой. Набытыя яшчэ ў савецкі перыяд камбайны ўжо знасіліся, а стварэнне айчынных прадугледжвала немалыя фінансавыя ўкладанні. Прымаць рашэнне —
быць ці не быць знакамітаму прадпрыемству «Гомсельмаш», а, адпаведна, і айчыннай школе камбайнабудавання — даводзілася Аляксандру Лукашэнку. Гучалі аргументы супраць будаўніцтва свайго камбайна, прапаноўвалася закупляць гэту тэхніку за мяжой. Аднак Прэзідэнт быццам прадбачыў увядзенне супраць нашай краіны санкцый, таму рашэнне з’яўлялася прынцыповым — беларускаму камбайну быць!
«Мы не можам пакінуць наш народ без хлеба»
Падчас рабочай паездкі на Гомельшчыну ў сакавіку 1996 года ў ліку шэрагу вытворчасцяў кіраўнік дзяржавы наведаў «Гомсельмаш». Насычаная праграма работы беларускага лідара ў тыя вясеннія дні ў рэгіёне ў «Звяздзе» была адзначана публікацыяй пад назвай «У напружаным рытме працуе Прэзідэнт на Гомельшчыне». Газета пісала, што візіт кіраўніка дзяржавы ў найбуйнейшы прамысловы і аграрны рэгіён краіны прадугледжвае перш за ўсё кантрольныя функцыі.
Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас нарады з кіраўнікамі выканаўчай улады вобласці, якая адбылася ў грамадска-культурным цэнтры Гомеля. Асаблівая ўвага ў ходзе вялікай дзелавой размовы была ўдзелена ходу падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі. «Мы не можам пакінуць наш народ без хлеба», — не раз паўтараў падчас той сустрэчы Прэзідэнт.
Беларускі лідар адзначаў, што складаная эканамічная сітуацыя патрабуе ад кожнага кіраўніка, рабочых калектываў перш за ўсё арганізаванасці, дысцыпліны, пошуку аптымальных варыянтаў. І памылак, як скіроўваў Прэзідэнт, у такіх умовах быць не павінна.
«Камбайны да наступнай уборкі павінны быць не горшыя за нямецкія і амерыканскія»
Падчас рабочай паездкі Прэзідэнта ў ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага раёна ў жніўні 2014 года кіраўніку дзяржавы расказвалі аб ходзе ўборкі збожжавых у краіне, забеспячэнні харчовым збожжам перапрацоўчых прадпрыемстваў краіны. Ішла размова і аб забеспячэнні беларускіх аграрыяў сучаснай тэхнікай.
Аляксандру Лукашэнку прадставілі параўнальныя тэхнічныя характарыстыкі камбайнаў айчыннай і замежнай вытворчасці, далажылі аб выніках выпрабаванняў новай мадэлі збожжаўборачнага камбайна, прызначанага для ўборкі палёў з высокай ураджайнасцю. Прэзідэнт запатрабаваў да наступнай уборачнай кампаніі давесці якасць вырабленых у Беларусі камбайнаў да ўзроўню найлепшых замежных аналагаў. «Камбайны да наступнай уборкі павінны быць не горшыя за нямецкія і амерыканскія», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар акцэнтаваў увагу на якасці тэхнікі. «Перадайце галоўнаму майстру і рабочаму — за якасць спытаем вельмі строга. Канкурэнцыя кожны год узмацняецца», — канстатаваў ён.
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на яшчэ адным важным аспекце — неабходнасці павышэння лакалізацыі ў вытворчасці тэхнікі. «Вазіць сюды імпартныя дэталі, збіраць камбайны і хваліцца потым — нам гэта не трэба. Мы самі павінны гэта вырабляць, і гэта ваша задача», — падкрэсліў Прэзідэнт.
На палетках ААТ «Гастэлаўскае» беларускаму лідару былі прадэманстраваны распрацаваныя на «Гомсельмашы» навінкі. Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку новай тэхніцы, даручыўшы да наступнай уборачнай кампаніі паставіць як мінімум дзесяць найбольш моцных і прадукцыйных камбайнаў, паабяцаўшы фінансавую падтрымку. Акрамя таго, абмяркоўвалася пытанне аб абнаўленні парка камбайнаў у цэлым. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў кіраўніцтва сельгасгаліны, што з кожным годам аб’ёмы падтрымкі АПК з боку дзяржавы будуць паступова скарачацца, а таму заклікаў беражліва ставіцца да новай тэхнікі, якая закупляецца.
«Якасць прадукцыі — пытанне нумар адзін»
Падчас наведвання Мінскага маторнага завода ў маі 2016 года Прэзідэнт заявіў, што «Гомсельмаш» — гэта брэнд Беларусі, які нельга страціць. Кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз указаў на павышэнне якасці прадукцыі, якая вырабляецца прамысловымі гігантамі краіны, і адзначыў, што беларускія вытворцы ўступілі ў паласу жорсткай канкурэнцыі. «Каб выпускаць тавар, прывабны па цане і якасці, патрэбна строгая дысцыпліна, дыктатура тэхналогій», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Падчас наведвання ААТ «Гомсельмаш» у жніўні 2018 года беларускаму лідару дакладвалі аб вытворчасці камбайнаў і суперкамбайнаў. Прэзідэнт пацікавіўся, якія праблемы былі выяўлены падчас выпрабаванняў, што неабходна дапрацаваць. Кіраўнік дзяржавы таксама шмат увагі ўдзяліў неабходнасці вытрымліваць узровень канкурэнтаздольнасці.

У размове з супрацоўнікамі прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка расказаў, што наведаў прадпрыемства ў тым ліку для таго, каб паглядзець, як ствараецца суперкамбайн, а ў найбліжэйшыя дні плануе паглядзець, як ён працуе ў полі. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што механізатары выказваюцца пра машыну добра, але важна высветліць праблемы.
«Асноўная мэта майго візіту — я не магу дапусціць, каб „Гомсельмаш“ пры такой жорсткай канкурэнцыі, прытым нядобрасумленнай, знік з карты нашай планеты, — патлумачыў Прэзідэнт. — Вядома, мы гэтага не дапусцім. Але самае галоўнае датычыцца вас, і я вам адкрыта ў вочы кажу: калі не падцягнецеся з якасцю сваёй тэхнікі, вы будзеце неканкурэнтаздольныя. І я вас тады падтрымліваць не буду. Якасць прадукцыі — пытанне нумар адзін».
Заслугам механізатара апладзіравала ўся зала
Падчас другога пасяджэння VІІ Усебеларускага народнага сходу, якое 18–19 снежня 2025 года праходзіла ў Мінску, кіраўнік дзяржавы закрануў тэму перспектыў развіцця ў краіне сельскай гаспадаркі. У гэтай сувязі Прэзідэнт адзначыў заслугі дэлегата УНС Паўла Шуцілы. Падчас уборачнай кампаніі 2025 года механізатар ААТ «Кухцічы» Клецкага раёна на айчынным камбайне вытворчасці «Гомсельмаша» намалаціў 8 тысяч тон збожжа, што стала абсалютным рэкордам у краіне.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Павел Шуціла і іншыя падобныя спецыялісты з’яўляюцца гераічнымі людзьмі. Значную ролю ў тым, што іх подзвіг стаў магчымы, па словах Прэзідэнта, адыграла развіццё механізацыі сельскай гаспадаркі за кошт уласнай вытворчасці айчыннай тэхнікі, у тым ліку збожжаўборачнай.
«Мая задача зрабіць так, каб пасля мяне гэта ніхто не разбурыў»
Сярод прычын прыезду Прэзідэнта на «Гомсельмаш» у лістападзе 2020 года, як ён сам падзяліўся ў размове з калектывам, — паглядзець, як кіраўніцтва прадпрыемства рэалізавала свае абяцанні, дадзеныя ў дзень прызначэння на пасады. І менеджары кіраўніка дзяржавы не падвялі.

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў поспехі прадпрыемства. «Ведаеце, некаторыя нам прапануюць перамены і рэформы: „А, гэта не трэба. Прададзім“. Але мы пайшлі іншым шляхам, магчыма, крыху нестандартным, сацыялістычным шляхам. Не важна, як, але мы выратавалі прадпрыемствы. Так, дзесьці яны напружыліся, але і дзяржава плячо падставіла», — сказаў кіраўнік дзяржавы і заявіў, што і далей будзе падтрымліваць як вытворчасць, так і работнікаў.
Пасля знаёмства з навінкамі машыннага парка «Гомсельмаша» і цэхамі прадпрыемства Прэзідэнт па традыцыі сустрэўся з працоўным калектывам — адказаў на некалькі пытанняў супрацоўнікаў і журналістаў.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на Гомельшчыне шмат людзей, якія з году ў год падтрымлівалі дзяржаву, уладу і асабіста Прэзідэнта. «Не магу сказаць, што з-за гэтага мы падтрымліваем ваша прадпрыемства. Проста ад вас няма куды дзецца. Як без камбайнаў? Вы ствараеце тавар і прадукт, якія неабходныя краіне. І не толькі нашай краіне — амаль 75 % у вас экспарту», — праінфармаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт падзяліўся, што яго асабліва радуе той факт, што «Гомсельмаш» змог поўнасцю разгрузіць свае склады і прадукцыя сёння прадаецца «з калёс». Ён назваў канструктарскія распрацоўкі «Гомсельмаша» сплавам маладосці і вопыту, адзначыўшы, што на ўсіх прадпрыемствах неабходна даваць магчымасць рэалізавацца новым кадрам. Па яго словах, кожны работнік павінен рупіцца аб якасці тавараў — гэта залог экспарту, а канкурэнцыя ў сферы вытворчасці сельгастэхнікі ў свеце вялікая.
«Ад гэтага нікуды не дзенешся, калі мы хочам застацца з машынабудаўнічай прадукцыяй. А што такое машынабудаванне? Гэта мазгі людзей. Не будзе яго — студэнтаў не будзе, тэхнароў не будзе. Мы страцім кампетэнцыі, як гэта ў нас па пэўных кірунках адбылося пасля распаду Савецкага Саюза. Машынабудаванне неабходна трымаць, трэба чапляцца за машынабудаванне, таму што гэта аўтарытэт, аблічча нацыі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Па выніках дакладаў і знаёмства з прадпрыемствам Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў: «Такія буйныя ў нас 4-5 кампаній. Калі ажывуць і будуць рухацца наперад, аснову гэтай дзяржавы, эканоміку мы захаваем. Калі вы ў мяне пытаецеся, якая перспектыва, — ды я ніколі ў жыцці не загублю тое, што рабіў, у тым ліку і ўласнымі рукамі. Таму машынабудаванню ў Беларусі быць».
Зробленае не зможа знішчыць і іншая ўлада, упэўнены беларускі лідар. «Мая задача зрабіць так, каб пасля мяне гэта ніхто не разбурыў», — падкрэсліў ён.«Няхай будзе крыху менш, але якасна»
У пачатку 2026 года падчас уручэння камбайну «Гомсельмаша» Дзяржаўнага знака якасці за 2025 год, Прэзідэнт выказаў удзячнасць калектыву прадпрыемства за тое, што дапамог убраць хлеб. «Гэту цуд-машыну я ведаю, — маючы на ўвазе мадэль, прадстаўленую да высокай узнагароды, сказаў кіраўнік дзяржавы. — Хлопцы, калі будзе складана (а цяпер няпроста прадаць сваю прадукцыю), вы гэта адчуваеце лепш, чым я, — рабіце. Няхай будзе крыху менш, але якасна. Патрэбна якасць. Калі добры механізатар, спецыяліст працуе на гэтай тэхніцы, я не думаю, што яна горш за заходнюю».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў і пра тое, як калісьці яму казалі, што ў Беларусі немагчыма зрабіць добры камбайн. «Вось зрабілі, — канстатаваў ён. — Добры камбайн! Над якасцю працуйце і далей, каб усе былі якасныя камбайны. А ўвогуле за камбайн дзякуй!»
Вераніка КАНЮТА