Top.Mail.Ru

На выніковай калегі Міністэрства замежных спраў былі расстаўлены прыярытэты работы ведамства

З улікам нацыянальных інтарэсаў Беларусі


Пасяджэнне калегіі прайшло з удзелам Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, былі запрошаны кіраўнікі галіновых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, канцэрнаў, Нацыянальнага банка, Белстата, абласных выканаўчых камітэтаў і Мінгарвыканкама. 

Задача — рост экспарту айчыннай прадукцыі

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын акцэнтаваў увагу на тым, што экспарт застаецца безумоўным прыярытэтам, аднак рэалізацыя гэтай задачы істотна ўскладняецца знешнімі фактарамі: «Знешні контур вельмі валацільны і вельмі складана прагназуемы. Геапалітычная абстаноўка мяняецца імкліва». 


Работа на ўсіх інтэграцыйных пляцоўках, адзначыў Прэм’ер-міністр, уключаючы Саюзную дзяржаву, ЕАЭС, СНД, ШАС і БРІКС, павінна выбудоўвацца выключна ў праламленні нацыянальных інтарэсаў Беларусі. А Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця пастаўлена задача забяспечыць у пяцігодцы рост экспарту айчыннай прадукцыі ў краіны «далёкай дугі» да адной трэці ад агульнага аб’ёму.

Аляксандр Турчын падкрэсліў і важнасць работы беларускіх паслоў: «Вы нашы „вочы і вушы“, аналітычныя цэнтры — генератары перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва, якія днём і ноччу павінны маніторыць сітуацыю на месцах. Выбудоўваць канструктыўны дыялог з буйным бізнесам як у краіне знаходжання, так і з нашымі айчыннымі вытворцамі. Выходзіць на канкрэтныя праекты». Вынікі экспарту, дарэчы, застаюцца ключавым паказчыкам эфектыўнасці работы дыпламатычнага корпуса. «Нам трэба кардынальна мяняць падыходы. Выпрацоўваць канкрэтныя планы на каротка- і сярэднетэрміновую перспектыву, прапановы па нарошчванні экспартных паставак», — адзначыў Прэм’ер-міністр. 

Не ўпускаць «вокны магчымасцяў» 

Акрамя таго, паводле слоў Аляксандра Турчына, патэнцыял узаемадзеяння з традыцыйнымі партнёрамі рэалізуецца далёка не ў поўнай меры: «Мае афіцыйныя візіты ў Азербайджан, Казахстан і Узбекістан паказваюць, што праектаў, якія маюць для нас цікавасць, там дастаткова. Таксама мае вялікі патэнцыял, не выкарыстаны ў поўным аб’ёме, рынак Кыргызстана».

Не варта, паводле слоў Прэм’ер-міністра, адмаўляцца і ад еўрапейскага рынку. Нягледзячы на захаванне санкцыйнага ціску, беларуская прадукцыя ўсё роўна запатрабаваная ў Еўропе: «Заходні бізнес далёка не ў захапленні ад рашэнняў еўраструктур і зацікаўлены ў супрацоўніцтве з намі. Таму нам неабходна прадаўжаць актыўна развіваць кантакты, не ўпускаць любыя „вокны магчымасцяў“ і зрабіць усё, каб не толькі захаваць, але і ўмацаваць нашы пазіцыі на еўрапейскім рынку», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр. 

У сувязі з гэтым неабходна паслядоўна даводзіць да еўрапейскіх партнёраў прынцыповую пазіцыю Мінска аб бесперспектыўнасці санкцыйнага падыходу і максімальна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя палітычныя ідэі, якія фарміруюцца ў Еўрасаюзе.

Супраць мовы ўльтыматумаў 

Нягледзячы на знешні націск, які ўсё яшчэ захоўваецца, Беларусі ўдалося забяспечыць устойлівасць свайго знешнепалітычнага курсу. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў адзначыў, што наша краіна працягвае прытрымлівацца адкрытасці, імкнецца да «ўсебаковага развіцця адносін з усімі, хто гатовы да дыялогу на прынцыпах роўнасці, узаемнай павагі і ўліку нацыянальных інтарэсаў адно аднаго».


Працягвае няўхільна расці запыт на беларускі вопыт і тэхналогіі, асабліва ў краінах Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. «Мы за гэты год канчаткова разбурылі міф пра тое, што нас там ніхто не чакае. Наадварот — кантактаў і супрацоўніцтва з намі там шукаюць. У мінулым годзе мы нарасцілі наш экспарт у Афрыку да 670 мільёнаў долараў. Практычна ў паўтара раза (144 %) павялічыўся наш экспарт у Лацінскую Амерыку, на трэць мы выраслі і на азіяцкім напрамку (133 %), — адзначыў Максім Рыжанкоў. — На жаль, па аб’ектыўных прычынах аселі паказчыкі па Блізкім Усходзе. Іх далейшая дынаміка будзе залежаць ад сітуацыі ў рэгіёне, якая пакуль развіваецца па негатыўным сцэнарыі». 

Пры гэтым, умацоўваючы ўзаемадзеянне на дадзеным напрамку, Беларусь захоўвае гатоўнасць да дыялогу і з заходнімі партнёрамі, не зачыняючы дзверы для суседзяў па рэгіёне пры ўмове іх сустрэчнай гатоўнасці да раўнапраўнага супрацоўніцтва. «Пазіцыя Мінска нязменная: мы за прагматычны дыялог, але толькі на роўных, а не на мове ўльтыматумаў», — падкрэсліў міністр замежных спраў. 


Партнёрства і супрацоўніцтва працягваюцца

Якасна змянілася прысутнасць нашай дзяржавы ў краінах «далёкай дугі». Як адзначыў міністр замежных спраў, работа з дзяржавамі Глабальнага Поўдня пераведзена з плоскасці палітычнага дыялогу ў плоскасць эканамічнай кааперацыі: «Паўнапраўны ўдзел Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і актыўнае ўзаемадзеянне ў фармаце БРІКС „плюс“ стварылі новыя „вокны магчымасцяў“ для нашага бізнесу. Кітай застаецца нашым стратэгічным партнёрам на „далёкай дузе“. Радуе, што з Індыяй таксама нарошчваем узаемадзеянне па ўсіх ключавых кірунках». 

На беспрэцэдэнтны ўзровень, паводле слоў міністра, у 2025 годзе выйшла партнёрства з Расійскай Федэрацыяй: «Ключавым дасягненнем года стала паспяховая рэалізацыя пакета інтэграцыйных мер, якія далі магчымасць нарасціць узаемны тавараабарот да рэкордных 55 мільярдаў долараў і забяспечыць надзейную абарону нашых граніц у рамках абноўленай Стратэгіі бяспекі Саюзнай дзяржавы».

Рэзультатыўным аказалася і старшынства Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза: была завершана рэалізацыя Стратэгіі-2025, зацверджаны План рэалізацыі Дэкларацыі «Еўразійскі эканамічны шлях». Міжнародны аўтарытэт ЕАЭС быў паспяхова ўмацаваны і пацверджаны на галоўных пляцоўках ААН у Нью-Ёрку і Жэневе. Пашырылася дагаворна-прававая база ўзаемадзеяння: падпісаны пагадненні з Манголіяй, ААЭ і Інданезіяй. Пацвярджэннем узрастаючага ўплыву аб’яднання стала і правядзенне ў Мінску маштабнага Еўразійскага эканамічнага форуму з удзелам дэлегацый з 33 дзяржаў. І супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД, дарэчы, прадаўжае дынамічна развівацца, у першую чаргу з Узбекістанам і Азербайджанам.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю