Top.Mail.Ru




0

Для сем'яў Язвовіч—Тарасевіч—Кавальчук Мінскі завод шасцерняў стаў адзіным месцам работы

04.08.2025 | 14:00
У рабоце дапамагае гонар за свой завод

Адкрытае акцыянернае таварыства «Мінскі завод шасцерняў» можа па праве ганарыцца сваёй роляй найбуйнейшага ў СНД вытворцы камплектуючых для тэхнікі і механізмаў, а таксама тым, што забяспечвае высокую якасць і канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі. Шырокая лінейка запчастак, якая выпускаецца на прадпрыемстве, уключае разнастайныя тыпы шасцерняў і валоў. Да таго ж тут выкарыстоўваецца сучаснае абсталяванне, якое дазваляе знізіць сабекошт і павысіць якасць вытворчасці. Аднак высокія паказчыкі прадукцыйнасці — гэта не адзінае, чым сёння ганарыцца завод. Многія работнікі, якія прыйшлі працаваць сюды шмат гадоў таму, застаюцца верныя любімай прафесіі і свайму прадпрыемству на працягу ўсяго жыцця. Бацькі перадаюць любоў да справы дзецям і ўнукам.

Справа ўсёй сям'і

«Мая сустрэча з заводам адбылася яшчэ ў дзяцінстве, — расказвае Людміла ТАРАСЕВІЧ, вядучы спецыяліст фінансава-аналітычнага ўпраўлення прадпрыемства. — Я ганаруся тым, што стала прадаўжальніцай нашай працоўнай сямейнай дынастыі. Мая мама, Надзея Міхайлаўна Язвовіч, прыйшла працаваць на завод у 1961 годзе і аддала любімай рабоце ўсё сваё жыццё. Працоўны стаж мамы склаў 50 гадоў. Тата адпрацаваў на прадпрыемстве 25. Дзесяць гадоў аддала рабоце на заводзе і родная сястра маці, Галіна Міхайлаўна Дземідовіч. Тата, мама і яе сястра працавалі ў цэху на рабочых спецыяльнасцях».

Калі надышоў час выбіраць свой прафесійны шлях, Людміла, не раздумваючы, паступіла ў Мінскі машынабудаўнічы тэхнікум і прыйшла працаваць на «сямейны» завод.

Сюды ж, на Мінскі завод шасцерняў, уладкаваўся і яе муж Аляксандр Тарасевіч, які аддаў рабоце на прадпрыемстве дзесяць гадоў. Крыху пазней прыйшлі працаваць на завод старэйшая сястра — Святлана Віктараўна — і яе муж Міхаіл Аляксеевіч Кавальчук. Святлана Віктараўна працуе вядучым інжынерам вытворча-дыспетчарскага ўпраўлення прадпрыемства. Міхаіл Аляксеевіч, працуючы слесарам-зборшчыкам, займаўся вытворчасцю сучасных плугоў. Гэта работа, вядома, патрабуе глыбокіх прафесійных ведаў, адказнасці і пільнасці. Плугі збіраліся амаль уручную. Невыпадкова па прыкладзе бацькоў прыйшоў працаваць на прадпрыемства і іх сын Аляксандр Міхайлавіч, які з'яўляецца наладчыкам станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем. «Мой пляменнік займаецца настройкай, абслугоўваннем і наладкай станкоў, кіраванне якімі ажыццяўляецца на камп'ютары па загадзя зададзеных праграмах», — з гонарам расказвае Людміла Віктараўна

Аляксандр Кавальчук дасягнуў высокага прафесійнага ўзроўню і сваімі напрацоўкамі шчодра дзеліцца з калегамі. Невыпадкова партрэт Аляксандра Міхайлавіча размешчаны на Дошцы гонару Мінскага завода шасцерняў. Тут, на прадпрыемстве, працуе і жонка заслужанага спецыяліста Ала Уладзіміраўна.

«Я прыйшла працаваць на прадпрыемства кантралёрам АТК у 2000 годзе, пасля заканчэння Цэнтра прафесійнай адукацыі Партызанскага раёна, — расказвае Ала Кавальчук. — ЦПА я скончыла датэрмінова, паколькі на прадпрыемстве патрабаваліся кантралёры. Спачатку была кантралёрам, затым — дыспетчарам. Пазней была прызначана вядучым інжынерам, эканамістам і цяперашнім часам з'яўляюся намеснікам начальніка фінансава-аналітычнага ўпраўлення. Займаюся разглядам фінансава-эканамічнага блока пытанняў, працую з банкамі. Паколькі ў цяперашні час на заводзе задзейнічана шмат новага абсталявання, вядзецца яго ўстаноўка, ажыццяўляецца рамонт, на вытворчасці ўкараняецца маштабны інвестыцыйны праект. Я займаюся пытаннямі, якія датычаць яго фінанса-вання».

За 25 гадоў работы Мінскі завод шасцерняў стаў родным калектывам, прызнаецца Ала Уладзіміраўна.

І вынаходніцтвы, і пранікнёныя спевы

«Вельмі важна тое, што на прадпрыемстве асаблівая ўвага ўдзяляецца духоўна-маральнаму выхаванню, — адзначае Людміла Тарасевіч. — На заводзе арганізоўваецца шмат мерапрыемстваў, у час якіх мы наведваем праваслаўныя храмы, манастыры, удзельнічаем у хрэсным ходзе. Нярэдка на прадпрыемстве праводзяцца форумы, семінары. Арганізатарам усіх іх з'яўляецца старшыня пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» МЗШ Лілія Лазарэвіч.

«Летась мы паспяхова выступілі ў конкурсе песень ваенных гадоў «Я, мы — помнім!» сярод прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці, — з гонарам расказвае Людміла Віктараўна. — Работнікі завода захапілі не толькі гледачоў, але і строгіх членаў журы песняй «Вставай, страна огромная!». На сцэне было не менш за пяцьдзясят чалавек. У выніку Мінскі завод шасцерняў стаў пераможцам конкурсу».

  • Заўсёды ярка і ўражальна праводзіцца святкаванне Каляд. Жанчыны гатуюць смачныя стравы, частуюць гасцей пячэннем і цукеркамі. Усім узнімаюць настрой песні і шчырыя святочныя віншаванні. Прыемным сюрпрызам для завадчан становяцца віншаванні да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дня жанчын, Дня машынабудаўніка. Шмат цікавых падзей на прадпрыемстве звязана і з прафсаюзнай дзейнасцю.

«Паколькі шмат мерапрыемстваў праводзіцца ў выхадныя дні, мы бяром з сабой дзяцей, — працягвае Людміла Тарасевіч. — Нашы ўнукі добра ведаюць пра ўсе падзеі, якія адбываюцца на заводзе, кім працуюць бабуля, дзядуля і бацькі».

Шмат яркіх уражанняў у першакласнікаў пакідае таксама экскурсія па заводзе, якая праводзіцца напярэдадні Дня ведаў. Хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі цікава пабачыць, як працуюць магутныя станкі і выконваюць сваю работу адказныя спецыялісты. Для юных гасцей заўсёды рыхтуецца запамінальная канцэртная праграма, а затым у актавай зале яны атрымліваюць падарункі. У гэты ж дзень для дзетак арганізуецца экскурсія на Мінскі трактарны завод.

«Мы зможам зрабіць вельмі шмат»

«Вядома, што работа на заводзе патрабуе поўнай самааддачы. Аднак што вам дапамагае ў працы?» — пытаюся ў суразмоўніц.

«Гонар за сваё месца работы, — кажа Людміла Віктараўна. — Я штодзень прыходжу на завод са свядомага ўзросту, тут я вырасла і ўжо ў юнацтве дакладна ведала, што прыйду сюды працаваць. Работа на заводзе — гэта яркая старонка майго жыцця».

«Для таго каб работу выконваць добра, яна павінна прыносіць радасць і задавальненне. Паколькі я працавала на розных пасадах, прайшла шлях ад кантралёра да намесніка начальніка фінансава-аналітычнага ўпраўлення, работа на заводзе стала для мяне энцыклапедыяй жыцця. Я ведаю асноўныя этапы дзейнасці прадпрыемства, і для мяне гэта адзіны зладжаны механізм, — кажа Ала Уладзіміраўна. — Маладым спецыялістам, якія прыйшлі працаваць на МЗШ, хочацца ад усёй душы пажадаць цярплівасці і стараннасці. Нічога не атрымліваецца з першага разу. Для таго каб дасягнуць значных вышынь, трэба шмат працаваць».

«Вельмі хочацца, каб моладзь працавала самааддана, прыслухоўваючыся да парад старэйшага пакалення, — адзначае Людміла Віктараўна. — Дзякуючы энергіі, запалу маладых работнікаў і прафесіяналізму вопытных калег мы зможам зрабіць вельмі шмат».

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю