Top.Mail.Ru




0

Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца з ура­джа­ем пас­ля та­го, як яго звя­зуць з по­ля

04.08.2025 | 19:53

Збожжа сушыцца...



Сёлета ва ўборачнай кампаніі важна не толькі паспець зжаць паміж дажджамі, але і дасушыць намалочанае. Пра гэта гаварыў Прэзідэнт і падчас селектарнай нарады па ўборачнай кампаніі, і на полі ў «Азярыцкім-Агра». Збожжа ў гэтым годзе павышанай вільготнасці, таму на тых, хто прымае яго з бункераў камбайнаў, адказнасць не меншая, чым у камбайнераў і кіроўцаў. Уласны карэспандэнт «Звязды» адправілася ў вучэбна-доследны СВК «Путрышкі» на збожжаачышчальны сушыльны комплекс, каб даведацца, што адбываецца з ураджаем пасля таго, як яго звязуць з поля.

Гаспадарка «Путрышкі» размешчана ў аднайменным аграгарадку. Гэта ўтульнае і ціхае месца знаходзіцца ў Гродзенскім раёне, недалёка ад абласнога цэнтра. Асноўная спецыялізацыя сельгаспрадпрыемства — вырошчванне элітнага насення збожжавых культур, якое яно 

выкарыстоўвае для ўласных патрэб, а таксама ў вялікай колькасці рэалізуе гаспадаркам раёна, вобласці і рэспублікі. Сельгасугоддзяў — 3900 га, раллі — 2930 га. Тут вырошчваюць рапс, азімы ячмень, азімае трыцікале, азімую пшаніцу. На раніцу панядзелка было ўбрана 76,8 % плошчаў.

— Цяпер стаўка робіцца менавіта на азімыя сарты, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Віталь ЦЯЦЮШЫК. — Увосень палі максімальна засяваюцца азімымі культурамі, яны даюць больш высокую ўраджайнасць і перыяд вегетацыі ў іх большы. І на іх не настолькі моцна ўплывае надвор’е.

У цяперашніх умовах надвор’я зернесушыльныя комплексы становяцца яшчэ большай апорай і падтрымкай, бо сучасныя тэхналогіі дазваляюць прывесці збожжа да неабходнай вільготнасці. Як адзначае загадчыца склада Ганна СЕМАШКО, за ўсе гады працы яна не помніць такога нестабільнага лета. Але тым не менш праца ідзе! У гаспадарцы тры сушылкі, якія сушаць збожжа.

— Працуем шмат, але мы ўсе да гэтага звыклыя. Прымаем збожжа да таго часу, пакуль яго прывозяць. Перш за ўсё ўраджай узважваем, вынік запісваецца. Затым збожжа высыпаецца побач з сушылкай, дзе прыборам робіцца замер, які вызначае вільготнасць. І потым яно сушыцца. Напрыклад, сушылка змяшчальнасцю 60 тон спраўляецца з гэтым аб’ёмам прыкладна за 12 гадзін. Вядома, калі ўраджай з павышанай вільготнасцю, час на сушку павялічваецца. Я ў гаспадарцы з 2001 года, калектыў у нас згуртаваны, мы падтрымліваем адно аднаго. Гэта і дапамагае з усім справіцца. Калі побач з табой добрыя і спагадлівыя людзі, любая праца будзе рабіцца на ўра

Акрамя таго, цяпер на комлексе дапамагаюць студэнты — шчыруюць з шуфлямі каля залатых куч, бо ніводнае зярнятка не павінна прапасці. Хлопцы і дзяўчыны працаўладкоўваюцца ў рамках студэнцкіх атрадаў. Студэнт 3-га курса Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вадзім ШЫША разам з іншымі дапамагае сушыць ураджай. 

Прызнаецца: фізічна не вельмі лёгка, але ж якая практыка!

— Праца мне падабаецца, я да ўсіх аспектаў нармальна стаўлюся. Да таго ж гэта мая сфера, я будучы аграном. І мне цікава даведацца, як усё ўладкавана, паспрабаваць самому папрацаваць. Гэта карысны досвед, які спатрэбіцца і ў вучобе, і ў далейшай рабоце. Таму я не разважаў, калі нам ва ўніверсітэце прапанавалі папрацаваць.

Нягледзячы ні на што, уборачная кампанія працягваецца. Вопыт і згуртаванасць аграрыяў Беларусі дае магчымасць рабіць усё прафесійна. Немалаважную ролю адыгрывае ўсебаковая падтрымка і дапамога з боку розных структур, а таксама моладзі.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю