На што здольныя беларускія русалкі
У Сінгапуры завяршылася адна з найважнейшых падзей гэтага спартыўнага лета — Чэмпіянат свету па водных відах спорту. У чарговы раз ён паказаў, што ў беларускага воднага спорту жаночы твар. Галоўнымі гераінямі спаборніцтваў сталі Васіліна ХАНДОШКА і Аліна ЗМУШКО.
Менавіта Васіліне і яе трэнерам варта падзякаваць за тое, што ў апошнія гады беларускае артыстычнае плаванне (менавіта так цяпер называецца сінхроннае плаванне) становіцца ўсё больш вядомым у міжнародных басейнах. На мінулагоднім чэмпіянаце яна заваявала першы для Беларусі медаль у гэтым відзе спорту — стала трэцяй у адвольнай праграме ў дысцыпліне «сола». Сёлета Васіліна свой вынік паўтарыла і нават пераўзышла. Яна замкнула тройку прызёраў у адвольнай праграме, а ў тэхнічным выступленні паказала другі вынік.
- «На сусветным форуме ўсё атрымалася, усё зрабіла як трэба, вынік — два медалі. Атрымала добры водгук ад трэнераў і гледачоў. Вядома, задаволеная! У адвольнай праграме заваявала бронзавую ўзнагароду, але, спадзяюся, я толькі ў пачатку шляху. Зараджаюся на наступны сезон і буду змагацца па поўнай. Спадзяюся, атрымаецца паехаць на ўсе этапы Кубка свету і далей заяўляць пра сябе і нашу краіну», — дзялілася ўражаннямі спартсменка, якая без перабольшвання зрабіла сенсацыю.
Як адзначыў у віншаванні прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, стабільны прагрэс спартсменкі не можа не радаваць, і, стаўшы ўжо трохразовым прызёрам чэмпіянатаў свету, Васіліна гучна заявіла пра сябе і беларускую школу сінхроннага плавання на міжнароднай арэне.
Не такім артыстычным, але не менш захапляльным быў турнір плыўцоў. І тут таксама не без добрых навін. Падзякаваць за іх варта Аліне Змушко. Яна заваявала бронзавы медаль на дыстанцыі 200 метраў брасам. Вынік у 2:23,52 секунды яна раздзяліла з прадстаўніцай Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Кейлін Корбет. Дарэчы, на Алімпійскіх гульнях у Парыжы на гэтай жа самай дыстанцыі Аліна паказала восьмы вынік у фінале. А на мінулагоднім чэмпіянаце свету на 200 метрах брасам была чацвёртай. Хутчэй, вышэй, мацней — дакладна пра яе.
«Пакуль яшчэ не ўсведамляю маштаб, але вельмі задаволеная. У фінале плыла па максімуму, старалася не адцягвацца. На апошніх метрах убачыла, што саперніцы пачалі прыбаўляць і выходзіць наперад, гэта надало мне матывацыі і я дацярпела да самага канца. Рада, што прынесла краіне медаль, — адзначала Аліна Змушко
Пакуль спартсмены змагаліся за медалі, функцыянеры клапаціліся аб іх будучыні. Беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй федэрацыі плавання Вольгай Сцепусь сустрэлася з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту World Aquatіcs Хусейнам Аль-Мусаламам. Бакі абмеркавалі пытанне ўдзелу беларускіх атлетаў у міжнародных спаборніцтвах і інтэграцыю ў сусветную плавальную супольнасць. «Мы ўмацоўваем супрацоўніцтва з World Aquatіcs і паслядоўна адстойваем інтарэсы спартсменаў па аднаўленні ў правах і паўнавартасным вяртанні на сусветную арэну. Гэта з’яўляецца галоўным прыярытэтам», — адзначылі ў Беларускай федэрацыі плавання.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц