Кажуць, што ўспаміны — гэта адзіны рай, з якога нас ніколі не выганяць. Такім чынам...
Цуд: як жа добра летам на вуліцы! Ды пасля дажджу...
— Э-э, што паселі, бы на вяселлі?! — пытаецца бацька. — Гайда ў лес!
— А на чым, дзеда? — пытае малодшы ўнук.
— Як гэта на чым? На кані!.. Шкода, воз з жалезнымі коламі... Лепшы — з гумовымі — суседу пазычыў. Але ж запрагайце, хлопцы!
Двойчы сынам загадваць не трэба: запрэглі яны каня, грыбнікі — і малыя, і старыя — ускараскаліся на калёсы, рушылі ў дарогу. Дзед — кіроўца — на хаду жартаваў, рассыпаў свае прымаўкі, мы адзін аднаго падколвалі і смяяліся.
Тым часам гравійка скончылася, конь усцягнуў наш воз на асфальт і ўжо там
нарабіў столькі шуму... Адно з жалезных колаў аказалася трохі пагнутым, і чым хутчэй мы ехалі, тым гучней грукаталі, тым больш рагаталі! А тут яшчэ цётка, якая ў сваім двары прала адзенне, з тазікам выскачыла на вуліцу, каб паглядзець, што за «картэж» з’явіўся ў Азярніцы.
Параўняўшыся з жанчынай, мы трохі прыціхлі, павіталіся, потым зноў сталі смяяцца, пакуль не зразумелі, што... болей не едзем: воз стаіць на месцы. «Хто запрагаў каня?! — строга спытаў бацька. — Дзе вы гужы зацягнулі? З якога боку дугі? Во спецыялісты... Галоўнае — з адукацыяй... Сораму не абабрацца!»
Уголас наракаючы на сыноў, бацька перапрагаў каня, потым паганяў яго далей. А на пад’ездзе да лесу раптам аб’явіў, што найлепшыя грыбы растуць на дарозе, і ўсе мы «пасыпаліся» з воза — кінуліся іх шукаць.
Баравікі, чырвона- і чорнагаловікі сапраўды трапляліся: па адным, па два, па пяць. Мы зразалі іх, складалі ў кашы... Збіралі ў гэтым месцы, потым кіравалі ў іншае.
Што цікава, бацька папярэдне пытаўся ў маці, куды пад’едзем. Яна казала сваё меркаванне. Ён пры гэтым мог паслухацца, а мог павезці туды, куды вырашыў сам. Калі там грыбы трапляліся (шмат), ён пачуваўся сапраўдным героем, калі збіраць не было чаго, усе шышкі ляцелі на... матулю, якая пры гэтым... міла ўсміхалася, бо гаспадара свайго добра ведала і вельмі шанавала.
Я ў гэтай сям’і была новенькай (нявесткай з зусім невялікім стажам), а таму ўважліва назірала за адносінамі свёкра са свякроўю і рабіла свае высновы. Думала, наколькі важна мужу і жонцы навучыцца ладзіць, наколькі важна праз гады, нават дзесяцігоддзі сумеснага жыцця, захаваць узаемную павагу і велікадушнасць, навучыць гэтаму дзяцей, паказаць ім, у чым сапраўднае шчасце і моц чалавека — у сям’і, у цёплым коле родных яму людзей.
...Тым часам мала-памалу, па лесе, мы дабраліся да рэчкі Смердзь. «Ну, хто ўброд, хто на воз?» — спытаў бацька. Малыя з разгону (ім толькі дазволь!) кінуліся ў ваду: хіба адзін пасажыр застаўся на возе. Пачалася пераправа: колы ўсё больш асядалі ў пясок, да воза падступала вада. «Сядзь вышэй, порткі змочыш», — загадаў бацька пасажыру. Той схамянуўся, бо разглядаў грыбы ў кашы, але ратаваць (падымаць вышэй) стаў не пятую кропку, а вялізны баравік, што якраз трымаў у руках.
Убачыўшы гэту карціну, мы рагаталі на ўвесь лес! Найбольш, можа, не разумеючы нават з чаго, — заходзіліся дзеці.
...На тым, другім, беразе рэчкі ўсім нам шчасціла куды больш: баравічкі — шмат — трапляліся як з карціны!
Праўда, брала сваё і стома.
На ўзлеску мы паселі ў кружок, каб падсілкавацца салам з хлебам, з памідорамі, каб палічыць свае здабыткі і, пахваліўшы найлепшага грыбніка, пакіраваць дадому.
Воз наш ехаў паволі, пасажыры ціха драмалі. Бацька, задаволены паездкай, час ад часу цмокаў на каня, маці з цеплынёй абдымала ўнукаў, а мы — сярэдняе пакаленне гэтай сям’і — цешыліся прыгажосцю прыроды і цудоўна пражытым днём.
...Пасля яго птушкаю праляцелі тысячы іншых. Так атрымалася, што на гэтым свеце няма ўжо ні свёкра, ні свекрыві, але ж тое, можна сказаць, святочнае «Э-э, што паселі, бы на вяселлі?!» мы з мужам пранеслі праз усё жыццё: навучылі сваіх дзяцей працаваць, любіць прыроду, цаніць сямейныя мерапрыемствы.
«Э, што паселі?.. Давайце ў грыбы!» — ужо нам гавораць унукі, і мы, вядома ж, едзем!
Валянціна Богдан
г. Лунінец
Абы ехаць... І даехаць
Адзін дзядзька пасля хваробы стаў трохі заікацца, але да гэтага яшчэ не прывык. Дабраўся ў Мінску да аўтавакзала, каб адтуль паехаць у Рагачоў, і просіць у касіра:
— Дайце мне білет да Р-р-р-р...
Назву горада — ну не вымавіць!
Азірнуўся — за спінай чарга.
— Ат, — махнуў рукою, — д-давайце да Г-гомеля!
Паміж імі, жанчынамі
(З падслуханага)
— Учора ў нашу фірму адзін мужчына прыязджаў. Ну такі... Ну такі... Табе не расказаць: проста супер-пупер!.. Пакуль дакументы яму спраўляла, сказаў, што ў мяне і фігурка, і прычоска, і вочы, і голас, што я — незвычайная, чароўная...
— А сам ён хто?
— Камандзіровачны.
— А як выглядае? Ну, высокі? Малады?
— Ведаеш, я неяк не заўважыла.
Міхась Сліва
г. Рагачоў