Top.Mail.Ru




0

Як мікрарганізмы дапамагаюць у сельскай гаспадарцы

04.08.2025 | 14:15
Што ў меню на біякухні?

Сёння, каб атрымаць добры ўраджай, не абысціся без біятэхналогій. У самой прыродзе можна знайсці памочнікаў, якія змогуць і накарміць, і абараніць расліны, — мікраарганізмы.

З пытаннем, як знайсці нябачных саюзнікаў, якія дапамогуць пазмагацца за ўраджай, я звярнулася ў Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі.

У пошуку карысных мікробаў

«Мы вывучаем мікраарганізмы, якіх знаходзім у рызасферы (прыкаранёвай зоне раслін) і якія найбольш актыўна з ёй узаемадзейнічаюць», — расказала загадчыца лабараторыі ўзаемаадносін мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін Ірына АНАНЬЕВА. У прыродзе склаўся пэўны сімбіёз. Расліны прадуцыруюць пэўныя вугляводы і элементы, неабходныя для размнажэння бактэрый. Мікробы ж адказваюць за своеасаблівую кухню, дзякуючы якой расліны растуць і развіваюцца. Вучоныя знаходзяць найбольш карысных памочнікаў, вывучаюць, размнажаюць, ствараюць на іх аснове біяпрэпараты. Дзякуючы ім можна павялічыць колькасць карысных мікраарганізмаў, якія ў тым ліку будуць выцясняць патагены, а, галоўнае, забяспечваць добрае сілкаванне раслін, якое адаб’ецца на ўраджаі.

Ужо даўно гаспадыні на сваіх участках выкарыстоўваюць бабовыя культуры ў якасці сідэратаў, бо лічаць, што гэтыя расліны ўзбагачаюць глебу азотам. Насамрэч дзякаваць трэба так званым клубеньчыкавым бактэрыям, якія жывуць на каранях бабовых.

У Інстытуце мікрабіялогіі вядзецца работа па пошуку бактэрый, якія паглынаюць азот з атмасферы і робяць яго даступным для раслін. Эфектыўнасць беларускіх біяпрэпаратаў можа быць большай, чым многіх замежных, таму што сёння айчынныя вытворцы выпускаюць комплексныя ўгнаенні. У іх склад уваходзяць 2-3 і больш кампанентаў, якія дапаўняюць адзін аднаго. Сярод гэтых складнікаў — мікраарганізмы, якія адказваюць за фасфатмабілізацыю. У глебе могуць быць добрыя запасы фосфару, але расліны не здольныя яго засвоіць без бактэрый, якія дастаўляюць яго ў больш даступнай форме. Калі ўносяцца мікробныя прэпараты, дозу мінеральных угнаенняў можна знізіць.

Кожнай культуры — свая бактэрыя

Важна для кожнай культуры падабраць уласных маленькіх саюзнікаў. У кожнай расліны свой спектр каранёвых выдзяленняў і адпаведна асаблівыя суседзі, якія будуць найбольш актыўна дапамагаць. Таму вучонымі распрацаваны шырокі дыяпазон прэпаратаў: асобныя ёсць для цукровых буракоў, асобныя — для буякоў. Свае бактэрыі выдзелены з рызасферы ячменю і на аснове іх створаны асобны прэпарат. Сёння распрацоўваюцца дабаўкі для гароху, яравой пшаніцы, грэчкі.

Вучоныя вынайшлі і біяпрэпапат, які ўключае тры кампаненты (азотфіксуючыя і фасфатмабілізуючыя бактэрыі ды арбускулярна-мікарызныя грыбы) і можа быць карысным для трыцікале і кветкавых раслін. Ён садзейнічае стымуляцыі росту, працягласці квітнення, павышае стрэсаўстойлівасць раслін. Рэчыва выпрабоўвалася на аксамітках ды іншых культурах, можа выкарыстоўвацца пры азеляненні. У яго склад уваходзяць унікальныя мікраарганізмы, выдзеленыя з солеадвалаў Старобінскага радовішча. Вучоныя спецыяльна шукалі бактэрыі, здольныя выжываць у экстрэмальных умовах, да таго ж гатовыя прадуцыраваць шэраг карысных элементаў, якія павышаюць устойлівасць раслін да неспрыяльных акалічнасцяў (забруджванне глебы соллю ў гарадах).

Чатыры пытанні ад дачнікаў

— Што трэба ўлічваць пры выбары біяпрэпаратаў?

— У Беларусі ёсць каталог біяпрэпаратаў, дазволеных для выкарыстання. Перавагу лепш аддаць айчынным дабаўкам, бо яны адаптаваныя пад нашы прыродна-кліматычныя ўмовы. Іх стварэнне — вялікая праца: спачатку вылучаюцца мікраарганізмы па пэўных уласцівасцях, сярод іх адбіраюцца тыя, якія валодаюць большым комплексам карысных якасцяў: праводзіцца таксікалогія штама, каб ён быў бяспечным для чалавека, жывёл, насякомых. Даследаванні вядуцца як у лабараторных умовах, так і палявых. Па прабірках можна ўбачыць, наколькі лепш развіваюцца расліны з дапамогай бактэрый. Разам з акрэдытаванымі арганізацыямі (Інстытутам земляробства ў Жодзіне, інстытутамі агародніцтва і глебазнаўства) вучоныя сочаць за тым, як пэўныя штамы паводзяць сябе ў прыродным асяроддзі, наколькі канкурэнтаздольныя з абарыгеннымі мікрабіётамі. Падбіраюцца і ўмовы для культывавання, каб за найбольш кароткі прамежак часу атрымаць гатовы прэпарат. Важна глядзець на тэрмін прыдатнасці — у прэпарата вадкай формы ён можа складаць 3-4 месяцы. Выкарыстаць рэчывы патрэбна за адзін сезон. У сухой форме дабаўкі могуць даўжэй захоўвацца, але пры ўнясенні ў глебу ім патрэбны час, каб «раскачацца».

— Ці ёсць правілы ўнясення біяпрэпаратаў? Сёння ў садова-агародных чатах можна пачуць, што імі трэба апырскваць расліны раз на тыдзень. Маўляў, век мікробаў невялікі?

— Гэтыя мікраарганізмы выдзелены з прыроднага асяроддзя. Яны адаптаваны да некаторых стрэсаў, сутыкаліся з негатыўнымі з’явамі (тое ж ваганне тэмператур). Яны здольны выжываць пры неспрыяльных умовах. Ёсць мікраарганізмы, якія ствараюць споры, дзякуючы чаму могуць перачакаць цяжкія часы, а пры спрыяльных умовах прарасці і размножыцца. Трэба прытрымлівацца інструкцый па ўжыванні прэпаратаў, каб не рабіць лішніх выдаткаў. Вучонымі ўсё адпрацавана, у тым ліку тэрміны і нормы ўнясення. Мы ведаем, колькі і чаго прадуцырые мікраарганізм і зыходзячы з яго ўласцівасцяў вызначаем, у якой канцэнтрацыі павінна ўносіцца рэчыва. Калі бактэрыі прадуцыруюць фітагармоны, іх не варта даваць у вялікай колькасць. Можна атрымаць не той эфект, які вам патрэбны, напрыклад, пачне моцна фарміравацца зялёная маса, а не плады. Трэба ўлічваць, з якой мэтай выкарыстоўваеце бактэрыі. Тая ж сянная палачка можа ўваходзіць у прэпараты рознай накіраванасці — для ўгнаення мікробамі ці для фітаабароны. Усё залежыць ад спектра метабалітаў, якія прадуцыруе сянная палачка: існуюць розныя яе штамы са сваімі ўласцівасцямі.

— Калі трэба пачынаць працаваць з прэпаратамі?

— Залежыць ад іх прызначэння. Напрыклад, ёсць прэпарат, які ўносіцца восенню, пасля ўборкі збожжавых культур. У яго склад уваходзяць мікраарганізмы, якія дапамагаюць разлажыць раслінныя рэшткі ды палячыць глебу, а таксама азотфіксатары і фасфатмабілізатары. Ёсць мікробныя ўгнаенні для апрацоўкі насення альбо ўнясення падчас вегетацыі. Мы адпрацоўвалі метады выкарыстання біяпрэпартаў, каб яны дзейнічалі мэтанакіравана. У інструкцыі пазначана, у якую стадыю што дадаваць. Не трэба забывацца і пра эканомію — калі апрацаваць насенне, пасля яго прарастання ў маладых карэньчыках заселяцца карысныя мікраарганізмы. Параўнайце: на гектарную норму насення ідзе 200 мл прэпарату. Калі ж апрацоўваць расліны, на гектар можа пайсці 200 л вады, у якой ужо трэба развесці 4 л прэпарата.

— Ці можна бактэрыі ўносіць разам з іншымі кампанентамі: угнаеннямі, амінакіслотамі і г. д.?

— Калі мы адпрацоўваем тэхналогію, не выключаем прымяненне і іншых прэпаратаў. Так, пры выкарыстанні з гуматамі яны добра іх дапаўняюць, тое ж — з мікраэлементамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю