Літаратурны агляд кніг для дзяцей ад «Звязды»
Крыніцы цеплыні і сілы
Спазнанне жыцця і навакольнага свету для ўсіх пачынаецца з вобразаў і адчуванняў: маміна ўсмешка, першы самастойны крок, таямніца слоў. І ў што ўсё тое выльецца — даведаемся толькі з часам. Аднак вельмі важна, каб у аснове ўсяго былі стваральная сіла, мудрасць і годны прыклад для пераймання. Пералічанае змогуць знайсці самыя юныя чытачы і іх бацькі ў новых кнігах «Выдавецкага дома «Звязда», якія ўжо чакаюць сустрэчы з вамі.
Самыя добрыя казкі
У аднайменнай кнізе Алены Лемеш сабраны казачныя гісторыі, якія спрыяюць фарміраванню ў дзяцей патрыятычных пачуццяў, любові да малой радзімы. У працэсе азнаямлення з літаратурным матэрыялам у дзіцяці пашыраецца кругагляд, развіваюцца пасіўны і актыўны слоўнікі, памяць, крытычнае мысленне, фарміруецца ўяўленне аб маральна-этычных нормах паводзін у грамадстве. Выданне адрасуецца бацькам для чытання з дзецьмі ад двух да шасці гадоў, таксама будзе карысным для педагогаў дашкольнай адукацыі ў працэсе азнаямлення выхаванцаў з навакольным светам, у ролевых гульнях і ў падрыхтоўцы да тэматычных свят.
Падчас чытання малыя і дарослыя даведаюцца гісторыі пад назвамі «Кацін кубак», «Як кураня сабе новую маму шукала», «Казка пра шпільку», «Татаў дзень», «Лясны аркестр» і многія іншыя. Напрыклад, мы знойдзем там сюжэт пра тое, як сапсаваным рэчам можна даць новае жыццё, як важна шанаваць і цаніць сваіх бацькоў, як добра і карысна быць патрэбнай, нават калі ты маленькая рэч... Усіх сакрэтаў не станем раскрываць, бо лепш, калі чытач робіць адкрыцці ў працэсе прачытання гісторый.
Кніга — мудрасці глыток...
У зборніку вершаў лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, паэта Кастуся Жука «Шпак купіў магнітафон» чытачы знойдуць шмат цікавых і незвычайных сюжэтаў, якія дазволяць па-новаму зірнуць на навакольны свет. «Мне прысніўся дзіўны сон — / Шпак купіў магнітафон. / Ён, усеўшыся на грушу, / Інтэрв’ю бярэ ў птушак...» Аўтар не толькі распавядае пра птушак і жывёл, але і дае дзеткам карысныя парады: «Кожны ўрок — да ведаў крок. / Ты вучы, вучы, дзіцятка, / Скуль бярэцца куранятка, / Скуль жыцця ідзе выток». Яшчэ на старонках кнігі вас чакаюць знаёмствы з доктарам Сонцам, чмялём-ласуном, маленькімі парашутыстамі, незвычайным цымбалістам, жывым будзільнікам, прасам-чараўніком і многімі іншымі незвычайнымі героямі. Аўтар маляўніча расказвае гісторыю кожнага з іх, каб усе яны засталіся ў нашай памяці добрымі ўспамінамі. І мастацкае афармленне выдання ад Ганны Архіпавай таксама дадае адметных фарбаў гэтаму непаўторнаму падарожжу.
Куфар патрэбных казак
Кніга хавае пад сваёй вокладкай цэлы калейдаскоп казачных прыгод. У «Куфар патрэбных казак» Андрэя Дарожкіна ўвайшлі чатыры аўтарскія гісторыі, стылізаваныя пад народныя казкі. Кожная з іх накіравана на захаванне традыцыйных духоўных каштоўнасцяў беларусаў, папулярызацыю здаровага ладу жыцця, фарміраванне гарманічнай асобы юнага чытача, трансляцыю адэкватнай мадэлі паводзін для сучаснага маладога пакалення.
Выданне прызначана для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, можа выкарыстоўвацца на пазакласных занятках настаўнікамі і педагогамі дадатковай адукацыі. Героі казак «Двум братам — па дзве жмені зерняў», «Сказ пра тое, як каваль князёўну ратаваў», «Там, дзе клёкат буслоў, нібы песня, ліецца», «Паўсядзённы цуд» стануць добрымі прыкладамі для дзетак у любым куточку нашай краіны.
Алена ДРАПКО