Top.Mail.Ru




0

«Лепш мы памылімся адзін раз, чым страцім талент»

04.08.2025 | 14:10
Мастацтва, якое дае вынік

Прыгожыя спартыўныя перамогі бачаць усе. Маштабную працу, якая ім папярэднічае, — адзінкі. Але медалі і званні не прыходзяць у адзін момант — гэта вынік шматгадовай працы спецыялістаў і самога спартсмена, які пачынае шлях да перамогі вельмі рана. Са старшым трэнерам па рэзерве па лёгкай атлетыцы Андрэем ЧУЧВАЛАМ разбіраліся ў тонкасцях гэтай працы і прагназавалі будучыню нашай лёгкай атлетыкі. Ніякіх фантазій — толькі факты.

Ніколі не ставіць штампы

У ліпені на базе Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву прайшлі адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы памяці Аляксандра Васільевіча Уласюка або Спартакіяда вучылішч алімпійскага рэзерву. Для ўдзельнікаў — гэта бясцэнны вопыт, а для спецыялістаў — зрэз работы ўсіх адказных за падрыхтоўку спартыўнага рэзерву і магчымасць спланаваць мерапрыемствы на будучыню. Спартакіяда праходзіла ў асаблівым фармаце. Лёгкаатлеты самай малодшай узроставай групы спаборнічалі ў звязках, гэта значыць, не толькі ў профільнай для іх дысцыпліне, але і ў іншых, якія правяраюць падрыхтоўку і фізічнае развіццё. «Такі фармат дазваляе засяродзіцца на якасці спартыўнага рэзерву, перагледзець падрыхтоўку спартсмена, заўважыць недахопы. Такім чынам, мы змаглі ацаніць выхаванне атлетаў у вучылішчах алімпійскага рэзерву», — тлумачыць Андрэй Чучвал.

Паводле яго слоў, сёння, у першую чаргу вучылішчам, на першае месца трэба ставіць менавіта якасць, а не колькасць. «Мы арыентуем іх на пошук аднаго таленту, а не дзесяці сераднячкоў. Вучылішчам не трэба гнацца за нарматывамі па колькасці вучняў, лепш падрыхтаваць аднаго члена нацыянальнай каманды, чым 

10 спартсменаў, якія спыняцца на юнацкім узроўні», — удакладняе Андрэй Чучвал.

Пры гэтым увагі да масавага спорту менш не стане. Чым больш дзяцей будзе ў полі зроку спецыялістаў, тым вышэй шанц знайсці той самы «алмаз». Да таго ж, далёка не па кожным дзіцяці відаць, вырасце з яго класны спартсмен ці не. «Мой дэвіз — ніколі не ставіць штампы. Масавасць дазваляе пазбегнуць памылкі, дазваляе не страціць здольнага дзіцяці. Лепш мы памылімся, лішні раз праверым яго, чым страцім талент», — упэўнены старшы трэнер па рэзерве. Ды і зусім неабавязкова заваёўваць медалі, каб пабудаваць кар'еру ў спорце. Можна стаць трэнерам, выкладчыкам, менеджарам. Лёгкая атлетыка закладвае базавы ўзровень здароўя, а заняткі спортам прывіваюць дысцыпліну, адказнасць і мэтанакіраванасць.

Трэнер — прафесія творчая

У лёгкай атлетыцы больш за 40 дысцыплін. Развіваць кожную ў адным вучылішчы алімпійскага рэзерву немагчыма. Таму гістарычна склалася так, што кожнае з іх мае сваю спецыялізацыю. Напрыклад, Наваполацкае вучылішча спецыялізуецца на кіданнях і спартыўнай хадзе, у Гомельскім абласным — моцная школа мнагаборцаў, у Брэсцкай вобласці — класныя хадакі, там выдатна развіваюць вынослівасць, Гродзенскае вучылішча — кузня кідальнікаў. І на чале кожнай з гэтых школ — трэнеры, ад ведаў і кампетэнцый якіх залежыць літаральна ўсё.

Сапраўды, на пачатку кар'еры галоўны чалавек у лёсе спартсмена — трэнер. Ён і вучыць, і натхняе, і выхоўвае. Адказнасць каласальная. «Сёння неабходна адточваць і ўдасканальваць звязку «вопытны і малады трэнер». Трэба выбудаваць сістэму так, каб дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы не калі-нікалі перадавалі спартсменаў, а каб трэнер ДЮСШ выразна разумеў, да якога спецыяліста ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ён можа аддаць свайго выхаванца. У ідэале, вядома, трэба працаваць так, каб трэнеры з ДЮСШ і вучылішчаў разам вялі спартсмена, — адзначае Андрэй Чучвал. — Дзіцяча-юнацкая школа павінна закладваць базу, вучылішча алімпійскага рэзерву — удасканальваць яе, развіваць спартсмена. Таму кожны трэнер павінен працаваць з пэўным звяном. І ў вучылішчы алімпійскага рэзерву трэба не выціскаць са спартсмена ўсе сокі ў пагоні за перамогай, а весці яго да гэтых перамог».

Як прыклад такой работы суразмоўнік называе Брэсцкую вобласць, дзе ў падрыхтоўцы спрынтараў добра працуе звязка ДЮСШ — вучылішча алімпійскага рэзерву — цэнтр алімпійскага рэзерву. І як кульмінацыя — нацыянальная каманда па лёгкай атлетыцы. Пры гэтым брэсцкія спрынтары не перамагаюць у юніёрскім узроўні, як правіла, займаюць чацвёртыя-пятыя месцы. Але затое «расцвітаюць» на дарослым узроўні. «Юных спартсменаў трэба прывучаць да спаборніцтваў, прапрацоўваць кожную дэталь, таму што ў пагоні за вынікамі можна не ўсталяваць падмурак. У пачатку кар'еры трэба навучыць юнакоў не апускаць рукі з-за паражэнняў, навучыць не чакаць ад сябе толькі залатых медалёў і пры гэтым шмат працаваць. Іншы раз некаторыя старты трэба адкласці, каб не траўміраваць малады арганізм, каб да канца адпрацаваць тэхніку. Гэта вялікае мастацтва трэнера, якое дасць спартсмену годны вынік», — тлумачыць Андрэй Чучвал.

«Я абсалютна перакананы: не можа трэнер быць простым работнікам — гэта творчая прафесія. Да яе трэба прыйсці, а не проста атрымаць дыплом. У трэнера, як у мастака, на першым месцы павінен быць талент», — дадае Андрэй Чучвал.

Дзецям патрэбны адрэналін міжнародных спаборніцтваў

У любым узросце, нягледзячы на планы і методыкі, для спартсмена галоўнае — гэта спаборніцтвы. І, на жаль, цяпер у лёгкаатлетаў з гэтым праблемы. Лёгкая атлетыка — адзін з ужо нешматлікіх відаў спорту, у якім нашы спартсмены да гэтага часу не дапушчаны ні на якія міжнародныя старты. Каляндар спаборніцтваў запоўнены настолькі, наколькі гэта магчыма ўнутранымі турнірамі, стартамі з расійскімі калегамі. Але чым больш канкурэнцыі — тым лепш, у тым ліку і для матывацыі спартсменаў. «Перад трэнерамі, якія ў такіх умовах матывуюць дзяцей, можна зняць капялюш. Большасць спецыялістаў працуюць настолькі прафесійна, што ў спартсменаў няма ніякага псіхалагічнага напружання. Вясной чакалі, што нас дапусцяць да міжнародных стартаў, таму што абсурднасць такіх рашэнняў проста здзіўляе, і патрэбна іх ужо спыніць. Аднак, на жаль, гэта залежыць не ад нас. А ў нашых дзяцей як быццам працуе генетычная памяць — чым больш на іх ціснуць, тым мацнейшыя яны становяцца. Яны, здаецца, больш сабраныя, больш дысцыплінаваныя. Вядома, міжнародныя старты неабходныя. Ёсць «Дзеці Азіі», «Дзеці Прымор'я» — і гэта добра, таму што, у першую чаргу, дзецям патрэбны адрэналін, атмасфера міжнародных спаборніцтваў», — адзначае Андрэй Чучвал.

Праца з падлеткамі — гэта як праца з атамнай энергіяй, якую неабходна накіраваць у правільнае рэчышча, дзеліцца старшы трэнер па рэзерве. «Я заўсёды параўноўваю маладога спартсмена з зярняткам. Усе разумеюць, што для таго, каб яно дало парастак, за ім трэба назіраць, даглядаць, трэба даць яму час. Але, калі гаворка ідзе аб чалавечым арганізме, не ўсе разумеюць, што і ён павінен «даспяваць» паступова, а не даваць усё і адразу. Таму ў рабоце са спартыўным рэзервам галоўнае — цярпенне і планамернасць, — дзеліцца Андрэй Чучвал. — Вядома, гэта няпроста, але калі сілы канчаюцца, дзеці іх аддаюць назад. І гэта мой галоўны стымул, таму што кожны малады спартсмен — гэта такі цуд прыроды, які зараджае энергіяй і пазітывам. Найлепшае з адчуванняў — гэта разумець, што ты дапамагаеш маладому чалавеку пабудаваць лёс, рэалізавацца ў любімай справе».

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю