Top.Mail.Ru




0

Паглядзелі, што прадаецца на школьным кірмашы ў райцэнтры

04.08.2025 | 14:00

«Ручак і сшыткаў, ды пабольш!»



Два месяцы лета ўжо мінулі. Здавалася б, толькі празвінеў апошні званок, а ўжо зноў набліжаецца школьная пара. Як забяспечыць дзіця ўсім неабходным і пры гэтым укласціся ў запланаваны бюджэт? Адказ ведаюць бацькі, якія ўжо актыўна рыхтуюць дзяцей да школы ці толькі збіраюцца, але ўсё роўна прыцэньваюцца. У гэтым пераканалася карэспандэнт «Звязды», адправіўшыся ў ГЦ «Спадарожнік», што ў Маладзечне.

З самай раніцы ў адной з крам, дзе прадаецца, здаецца, усё для школьнікаў, аншлаг. Асартымент даволі шырокі, таму бацькі і дзеці не спяшаюцца купляць першае, што кідаецца ў вочы.

Пачынаюць падрыхтоўку менавіта з адзення. Чую, як маці падказвае дачушцы, пакуль тая прымярае нешта ў прымерачнай: «Глядзі, каб пераважна бавоўна была ў саставе!»

«Пакупнікі ахвотна выбіраюць тавары, звяртаючы ўвагу на вытворцу, тканіну і, вядома, на цэны, — расказвае намеснік дырэктара крамы „Дзіцячы свет“ Наталля ПРЭЦКАЙЛА. — Падрыхтаваць малодшага школьніка да навучальнага года можна за 100 рублёў, калі гаворым толькі пра адзенне і абутак. Старэйшых дзяцей — ад 200».

Каб не быць галаслоўнымі, мы паспрабавалі сабраць школьны гардэроб 10-гадоваму хлопчыку на гэту суму: кашуля з доўгімі рукавамі — 36 рублёў, з кароткімі знайшлі за 18, класічныя чорныя штаны каштуюць тут 36 рублёў. Кеды, якія сёння так любіць спалучаць з дзелавым стылем моладзь, — ад 50-і. Хоць можна знайсці і танней. У выніку падлічылі, што аптымальны набор школьнай формы для дзіцяці будзе каштаваць каля 150 рублёў.

Спартыўны камплект з двух прадметаў сёлета каштуе прыкладна 55 рублёў. Абутак для заняткаў фізічнай культурай і спортам — ад 50 рублёў. «Яшчэ, вядома, патрэбна канцылярыя, — дадае спецыяліст. — Я сама маці, таму разлічваю, што на канцылярскія тавары спатрэбіцца не больш за 100 рублёў, хоць малодшым школьнікам, як правіла, трэба ўсяго, ды пабольш, таму сума можа павялічыцца».

Дачка Наталлі, Эмілія, рыхтуецца пайсці ў 2-і клас. На адзенне мама разлічвае выдаткаваць не больш за 150 рублёў.

Некаторыя тавары, па словах спецыяліста, як, напрыклад, канцылярскія, людзям прасцей выбіраць на маркетплэйсах, што насамрэч істотна спрашчае падрыхтоўку да школы. З відавочных плюсоў — у чэргах стаяць не трэба. Аднак гэта не датычыцца адзення — яго трэба выбіраць у крамах.

З Аленай знаёмімся паміж радамі, дзе вісіць школьная форма. Яе старэйшы сын Ягор ідзе ў 10-ы клас — клас прафесійнай накіраванасці для арыентацыі на атрыманне ваенных спецыяльнасцяў у Маладзечанскай сярэдняй школе № 14. Юнаку, паводле слоў жанчыны, спатрэбіцца спецыялізаваная ваенная форма. «Яе закупім: штаны каля 

70 рублёў каштуюць, кашуля — 65, — прыкідвае жанчына. — Туфлі планую купляць з натуральнай скуры, разлічваю на 130 рублёў. Памер нагі ў майго дзіцяці — сорак трэці (смяецца). У дзіцячым аддзеле наўрад ці знайду патрэбны абутак. Гальштук яшчэ трэба купіць. Што датычыцца канцылярыі, неабходна дакупіць сшыткі і ручкі. І дзённік! Усё астатняе захавалася ў добрым стане з мінулага года».

Другі сын Алены, Данііл, рыхтуецца пайсці ў 7-ы клас. «Без яго школьную форму не купіш, — кажа маці. — Сёлета прасцей у тым плане, што хлопцы ўжо дарослыя, больш-менш сочаць за сваім знешнім выглядам, таму нешта ад старэйшага сына пяройдзе малодшаму. Але дзве кашулі і штаны адны ўсё роўна куплю. Туфлі таксама трэба. І сшыткі з ручкамі, ды пабольш!»

У жніўні пачынаюць рыхтавацца да школы Яўгенія і яе сын Максім. «Я не трывожная маці, з мая рыхтавацца не пачынаю, таму што дзеці растуць хутка. Сынок пойдзе ў 5 клас, і цяжэй за ўсё яму падабраць форму. Ён ужо падлетак — дагадзіць няпроста. Купіла аднойчы на свой густ кашулю, давялося вяртаць у краму — не спадабалася, — расказвае жыхарка Маладзечна. — Што яшчэ трэба купіць? Тры кашулі, дзве пары штаноў. Абутак зменны, спартыўную форму яшчэ — белую футболку і чорныя штаны. Што датычыцца канцылярскіх тавараў, многае захавалася з мінулага года, дакупіць трэба сшыткі, алоўкі, ручкі і гумку. Па дробязі! Рыхтуюся аддаць на ўсё каля 400 рублёў. Але калі нешта раптам забуду ці не куплю — нічога страшнага. Тавараў у крамах — на любы кашалёк. Канцылярскія прылады і дадатковыя сшыткі купляем адразу, а вось адзенне, абутак набываем і на працягу навучальнага года».

Дарэчы

У галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінскага абласнога выканкама нагадалі, што кірмашы па продажы школьных тавараў у вобласці стартавалі з 19 ліпеня. Спецыялізаваныя кірмашы да пачатку 2025/2026 навучальнага года па продажы тавараў школьнага асартыменту, канцылярскіх прылад, кніжнай прадукцыі, адзення дзелавога стылю, абутку, у тым ліку з дэманстрацыяй мадэляў, запланаваны на наступныя даты: 16 жніўня — у Маладзечне і Салігорску, 23 жніўня — у Барысаве, Жодзіне і Слуцку. Таксама на тэрыторыі Мінскай вобласці запланавана штотыднёвае правядзенне па выхадных днях з 19 ліпеня да 6 верасня спецыялізаваных кірмашоў па продажы тавараў для школы, у тым ліку ў сельскай мясцовасці.

Яна ВАЛАСАЧ

фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю