0
Аграрыі з Клецкага раёна ўстанавілі новы рэкорд па намалоце і перавозцы золата палёў
04.08.2025 | 16:09
Плюс яшчэ тысяча!
Камбайнер Павел Шуціла і вадзіцель Андрэй Аляксейчык з ААТ «Кухчыцы» Клецкага раёна ўжо не раз станавіліся героямі нашых публікацый. Гэтым разам хлебаробы паставілі новы рэкорд — першымі ў краіне намалацілі і перавезлі 4 тысячы тон! Віншаваў лідараў жніва першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў.
Дасягненне хлебаробаў Клеччыны стала яркім сімвалам самаадданай працы беларускіх аграрыяў у цэлым і важнай вяхой у ходзе ўборачнай кампаніі 2025 года. На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання лідараў жніва першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Васіль Сысоеў адзначыў, што такі вынік — гэта вынік не толькі майстэрства і самааддачы, але і эфектыўнай арганізацыі працы ў гаспадарцы, а таксама сістэмнай падтрымкі аграпрамысловага комплексу з боку абласной улады. Ён уручыў перадавікам падзячныя лісты і каштоўныя падарункі, выказаўшы ўпэўненасць, што іх рэкорд натхніць іншых працаўнікоў вёскі на новыя дасягненні. Таксама было падкрэслена, што ў нядзелю камбайнер устанавіў і сутачны рэкорд па намалоце.

Перадавікі, у сваю чаргу, падзякавалі кіраўніцтву вобласці і гаспадаркі за высокую ацэнку іх працы. Хлебаробы падкрэслілі, што дасягнуты вынік — гэта плён агульнай працы ўсяго калектыву ААТ «Кухчыцы». Камбайнер Павел Шуціла выказаў упэўненасць, што беларускія аграрыі і ў далейшым будуць паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі па забеспячэнні харчовай незалежнасці краіны.
- Немалаважны вызначальны факт — тэхніка, на якой працуюць рэкардсмены жніва, айчынная — камбайн GS2124 і аўтамабіль МАЗ.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.