Агульны стаж сям’і Коган на МТЗ складае 221 год
Мінскі трактарны завод без перабольшвання сёння можна назваць гонарам краіны. А гонар самога прадпрыемства — працоўныя дынастыі. Людзі, якія прысвяцілі рабоце на заводзе не адзін дзясятак гадоў, падарылі любоў да прафесіі сваім дзецям і ўнукам.
З адной з іх, дынастыяй Коган, якая летась адзначыла 70-годдзе свайго пачатку, мы пазнаёміліся бліжэй.
Анатоль Якаўлевіч Коган і яго пляменніца Таццяна Камініна
Пачынальнікам дынастыі стаў Якаў Яўгенавіч Коган, які прыйшоў працаваць на завод у 1954 годзе. Спачатку шчыраваў мадэльшчыкам у мадэльным цэху, а потым перайшоў у цэх доследнай вытворчасці мадэльшчыкам па драўляных мадэлях. У 1971 годзе пачаў свой працоўны шлях на заводзе старэйшы сын Якава Яўгенавіча Яфім. Быў электраманцёрам у электрычным цэху, а пазней уладкаваўся ў сталеліцейны цэх, у службу энергетыкі. Тут жа, на родным прадпрыемстве, Яфім Якаўлевіч сустрэў і сваю спадарожніцу жыцця. Зоя Герасімаўна працавала земляробам у сталеліцейным цэху, была прыбіральшчыкам у механічным цэху № 4. Маладыя работнікі пакахалі адно аднаго, стварылі сям’ю і найлепшыя якасці — адказнасць, мэтанакіраванасць і любоў да сваёй справы — перадалі сваім дзецям.
У 1977 годзе прыйшоў працаваць на завод і малодшы сын Якава Яўгенавіча Анатоль. У 2000 годзе прадоўжыў працоўную сямейную дынастыю ўнук Яўген. На працягу сямнаццаці гадоў Яўген Яфімавіч працаваў старшым майстрам прэсавага цэха. А вось у 2006 годзе пачала свой працоўны шлях на прадпрыемстве ўнучка Таццяна Камініна.
Дзесяцігоддзі, аддадзеныя руплівай працы, сталі выдатным прыкладам для дзяцей і ўнукаў. Якаў Яўгенавіч стаў пераможцам сацспаборніцтваў у 1977 годзе і атрымаў ганаровае званне «Ударнік пяцігодкі». За шматгадовую добрасумленную працу ён быў узнагароджаны дзясяткамі ганаровых грамат. За шматлікія працоўныя дасягненні, вынаходніцтвы і рацыяналізатарскія прапановы Якаў Яўгенавіч стаў рацыяналізатарам прадпрыемства, на працягу многіх гадоў займаўся настаўніцтвам. Высокі прафесіянал, ён аддаў рабоце на заводзе 40 гадоў, стаў ветэранам працы, ганаровым ветэранам працы і ветэранам працы краіны.
Старэйшы сын Яфім Якаўлевіч адпрацаваў на МТЗ 44 гады, малодшы, Анатоль Якаўлевіч, шчыруе на заводзе 48 гадоў, жонка Яфіма Якаўлевіча Зоя Герасімаўна аддала рабоце тут 38 гадоў... Усе яны з’яўляюцца ветэранамі вытворчасці. Агульны працоўны стаж дынастыі складае 221 год.

«Трактарны завод — гэта ўсё маё жыццё...»
«Прызнаюся шчыра: мая работа з’яўляецца для мяне любімай справай, — кажа Анатоль Якаўлевіч, інжынер-канструктар першай катэгорыі аддзела галоўнага зваршчыка ўпраўлення галоўнага тэхнолага. — Работу на заводзе я пачаў, прайшоўшы службу ў арміі. Паколькі за плячыма ўжо была вучоба ў Мінскім энергетычным тэхнікуме, мяне прынялі на работу наладчыкам 5-га разраду аддзела галоўнага зваршчыка. Тут я і працую да цяперашняга часу. Скончыўшы завочна Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут па спецыяльнасці «Тэхналогія і абсталяванне зварачнай вытворчасці», я паступова павысіў сваю прафесіянальную кваліфікацыю і атрымаў першую прафесіянальную катэгорыю.
Цяпер Анатоль Якаўлевіч успамінае, як у былыя гады інжынеры-канструктары працавалі на кульманах — драўляных дошках з лінейкамі. З 2000 года, калі пачалі актыўна выкарыстоўвацца камп’ютары, арганізаваць работу стала нашмат прасцей. Цяпер, напрыклад, спецыяліст праектуе на камп’ютары зварачныя аснастку і прыстасаванні.
«Магу з упэўненасцю сказаць, што трактарны завод — гэта ўсё маё жыццё, — гаворыць Анатоль Якаўлевіч. — Калі я бачу, як па вуліцы едзе трактар, маё сэрца напаўняецца асаблівай радасцю: я — трактарабудаўнік! Шматгадовы вопыт, які мне ўдалося атрымаць на працягу працоўнага шляху, стаў надзейным фундаментам. Вельмі прыемна працаваць у калектыве аднадумцаў, сярод людзей, якія ў сваю работу ўкладваюць душу і дзеляцца з калегамі сваімі напрацоўкамі».
І хоць работа заўсёды займае шмат часу, Анатоль Якаўлевіч умее арганізаваць змястоўна свой адпачынак. Разам з удзельнікамі турыстычнага клуба «Грэнада», створаным пры заводзе, ён неаднойчы накіроўваўся ў паход, шмат падарожнічаў. Пабываў практычна ва ўсіх гарадах Беларусі, а таксама ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Казані, Іашкар-Але, Уладзіміры, Суздалі і многіх іншых. З экскурсіямі наведаў Польшчу, Германію, Венгрыю і г. д.
Дорыць энергію падтрымка калег
Знайшла сваё прызванне ў любімай прафесіі і пляменніца Анатоля Якаўлевіча Таццяна. У 2006 годзе яна ўладкавалася на работу лабарантам ва ўпраўленне металургіі і тэрмічнай апрацоўкі ліцейнага цэха № 2. Затым перайшла ў прэсавы цэх на пасаду інжынера па падрыхтоўцы вытворчасці, а пазней была прызначана эканамістам планава-эканамічнага ўпраўлення. З 2022 года Таццяна з’яўляецца начальнікам бюро планава-эканамічнага ўпраўлення (ліцейныя цэхі). Працуючы на заводзе, жанчына завочна скончыла Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва. Работа вельмі цікавая, таму што патрабуе пастаяннага самаўдасканалення, паглыблення ведаў.
Дачка Таццяны Анастасія сёлета скончыла школу і з лёгкасцю паступіла ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, будзе набываць спецыяльнасць эканаміста. Хто ведае, магчыма, пройдзе час — і Анастасія таксама прыйдзе працаваць на завод, стане прадаўжальніцай працоўнай сямейнай дынастыі. Бацька Анастасіі Юрый працуе наладчыкам плазма-рэзальнага абсталявання прэсавага цэха.
Пасля завяршэння працоўных будняў Таццяна з задавальненнем займаецца вакальнай творчасцю, неаднойчы ўдзельнічала ў конкурсе «Спявай, BELARUS» і была яго пераможцай.
Суразмоўца шчыра прызналася ў тым, што якасці, якія цэніць у людзях, — шчырасць, спагаду і дабрыню, яна бачыць у сваіх калегах.
«Кожны дзень, прыходзячы на работу, разумею, што мае супрацоўнікі — гэта адна дружная сям’я, дзе кожны ў патрэбным выпадку рады падтрымаць іншага і добрым словам, і мудрай парадай. Напэўна, гэта і дорыць працоўную энергію і натхняе на ажыццяўленне новых задач».
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА