Top.Mail.Ru




0

Што такое магістратура і чаго чакаць пасля яе?

28.07.2025 | 18:03

Сёння наступная пасля бакалаўрыята ступень навучання ўспрымаецца не толькі як працяг акадэмічнай адукацыі, але і як прастора пераходу: ад студэнцкага жыцця да прафесійнай самарэалізацыі. Хтосьці абірае яе, каб паглыбіцца ў спецыяльнасць, іншыя — каб выйграць некалькі месяцаў і знайсці сябе, або проста павысіць канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Ёсць і тыя, хто трапляе сюды выпадкова, па інерцыі, не ведаючы, што рабіць далей. Прапануем вашай увазе развагі пра тое, што сёння насамрэч справе ўяўляе з сябе магістратура, як яна змяняе чалавека і ці заўсёды вядзе туды, куды хочацца.


Паступленне ў магістратуру для многіх бакалаўраў становіцца асэнсаваным рашэннем: працягваць навучанне, каб зрабіць наступны крок у прафесіі ці ў навуцы, адкрыць для сябе новыя метады, падыходы, міждысцыплінарныя сувязі. Універсітэты адказваюць на гэты запыт спецыялізаванымі праграмамі, магчымасцю навуковай дзейнасці, стажыровак і ўдзелу ў рэальных праектах. Магістранты не проста слухаюць лекцыі — яны вучацца думаць сістэмна, даследаваць, фармуляваць, абараняць свае ідэі. Менавіта на ўзроўні магістратуры з’яўляецца разуменне, як прымяняць веды ў рэальных умовах, як будаваць сваю адукацыйную і прафесійную траекторыю. Гэта ўжо не вучоба дзеля дыплома, а свядомая інвестыцыя ў будучыню, у сябе, у сваю кампетэнтнасць.

Але пытанняў усё роўна шмат. Як выглядае сучасная магістратура? Што прапаноўваюць універсітэты? Як вучацца студэнты і якія мэты перад сабой ставяць? І самае галоўнае: як атрыманыя навыкі дапамагаюць ім упэўнена ўваходзіць у прафесійнае жыццё?

Курс на якасць і рост

Аб асаблівасцях навучання на другой ступені, запатрабаваных кірунках і сучасных выкліках акадэмічнай адукацыі расказвае прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Віктар Кочын.

«Магістратура сёння займае важнае месца ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі, прадстаўляючы сабой не толькі наступны ўзровень навучання, але і самастойны этап акадэмічнага і прафесійнага развіцця», — падкрэсліў прарэктар БДУ. Паводле яго слоў, менавіта на гэтым узроўні адбываецца пераход да навукова-даследчай і педагагічнай дзейнасці.

Сёлета ў магістратуру Белдзяржуніверсітэта залічылі 511 студэнтаў. У БДУ адзначаюць рост цікавасці да сваіх адукацыйных праграм з боку замежных грамадзян, што пацвярджае міжнародны аўтарытэт установы адукацыі: яна ўваходзіць у адзін працэнт найлепшых універсітэтаў свету паводле аўтарытэтных міжнародных рэйтынгаў.

Найбольшую цікавасць у замежных студэнтаў выклікалі магістарскія праграмы эканамічнага кірунку, у галіне міжнародных адносін і журналістыкі. Сярод беларускіх студэнтаў папулярнасць размеркавана больш раўнамерна.

Пры гэтым універсітэт працягвае адкрываць новыя адукацыйныя галіны — гэта адказ на запыты рынку працы, змены ў тэхналагічных і навуковых трэндах. Паводле статыстыкі ВНУ, выпускнікі магістратуры найбольш запатрабаваныя ў трох ключавых сферах: адукацыі, навуцы і інавацыйнай эканоміцы. Сістэма размеркавання і аналітычнага суправаджэння магістраў дазваляе ўніверсітэту адсочваць іх прафесійную траекторыю і якасна наладжваць зваротную сувязь.

Як адзначыў Віктар Кочын, магістратура значна адрозніваецца ад бакалаўрыята. Найперш яна патрабуе большай ступені самастойнасці: навучэнцы актыўна працуюць з крыніцамі, рыхтуюць дысертацыі, атрымліваюць педагагічныя кампетэнцыі, неабходныя для выкладчыцкай работы. Падчас навучання магістранты ўдзельнічаюць у навукова-даследчых праектах, інтэгруюцца ў акадэмічныя калектывы і практыкуюцца ў прафесійным асяроддзі. Гэта не толькі спрыяе практычнаму замацаванню ведаў, але і стварае аснову для будучай кар’еры — разам з актыўным удзелам у грамадскім жыцці ўніверсітэта: у студэнцкім самакіраванні, валанцёрскіх ініцыятывах, медыя. БДУ таксама забяспечвае шырокі спектр падтрымкі не толькі для звычайных студэнтаў, але і для магістрантаў: стыпендыі, удзел у міжнародных стажыроўках, псіхалагічнае кансультаванне і іншыя механізмы сацыяльнай і прафесійнай адаптацыі.

Паводле слоў Віктара Кочына, у апошнія гады магістратура перастала быць пляцоўкай выключна для падрыхтоўкі да навуковай кар’еры. Яна ўсё больш запатрабавана сярод тых, хто імкнецца да практыкаарыентаванай адукацыі, хто хоча паглыбіць свае кампетэнцыі. Сучасныя магістранты дакладна разумеюць, што яны хочуць атрымаць, і ўсё часцей звязваюць навучанне з канкрэтнымі задачамі прафесійнай рэалізацыі.

Успаміны, якія грэюць душу

Мая суразмоўца Ганна Калініна зусім нядаўна, у чэрвені, скончыла магістратуру па спецыяльнасці «Мастацтвазнаўства». Яна прызнаецца: культурнае жыццё краіны заўсёды захапляла яе, таму пытанне, які кірунак абраць, не было складаным. Ганна падкрэслівае, што з самага пачатку перад ёй стаяла толькі адна мэта: адкрыць для сябе мастацтва з новага боку. 

На пытанне, чым для яе за год навучання стала магістратура, суразмоўніца адказвае: «Гэта не толькі працяг акадэмічнага шляху, але і новы этап асобаснага росту. Пасля бакалаўрыята па культуралогіі я адчула патрэбу паглыбіць веды ў больш вузкай тэме, і выбар на карысць кінамастацтва быў свядомым. Гэта ступень дала магчымасць не толькі сістэматызаваць ранейшыя веды, але і паглядзець на кіно як на культурны феномен з новых перспектыў».

Далей — больш. Па словах Ганны, яна атрымала не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя навыкі: ад аналізу фільмаў да работы з архівамі і медыятэкамі. Нечаканасцю стала адкрытасць акадэмічнай супольнасці: выкладчыкі і аднагрупнікі былі не проста калегамі, але і партнёрамі ў мысленні. Маладая мастацтвазнаўца таксама вызначыла: «Калі б я апынулася ў магістратуры зноў, то параіла б сабе не баяцца задаваць пытанні і не адкладаць ідэі на потым. Бо гэта час, калі варта быць максімальна актыўнай, ахвочай да адкрыцця новых тэм і не баяцца выказваць уласную думку».

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю