Top.Mail.Ru




0

З якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца да падолагаў?

28.07.2025 | 16:58

Якія тэхналогіі выкарыстоўваюцца імі для дасягнення ўстойлівага выніку? На што трэба звяртаць увагу пры выбары абутку? Якую гімнастыку ступняў рэкамендуецца выконваць кожнаму для прафілактыкі непрыемнасцяў? Пра гэта пагаварылі з вопытным падолагам Аленай Якубоўскай.



— Спачатку, Алена, давайце растлумачым, хто такі падолаг. Ці абавязкова для такіх спецыялістаў наяўнасць медыцынскай адукацыі?

Падолаг — спецыяліст, які займаецца апрацоўкай праблемных ступняў і пазногцяў. Далёка не ва ўсіх з іх ёсць медыцынская адукацыя. Але ўсе мы заканчваем курсы, дзе атрымліваем пэўныя медыцынскія веды. Разумеючы, што выклікае праблемы з пазногцямі і скурай ступняў, мы накіроўваем кліентаў да профільных урачоў (дэрматолагаў, артапедаў), каб яны ставілі дыягназ і прызначалі лячэнне, а самі пазбаўляем ад знешніх праяў розных паталогій на падэшвах. Напрыклад, хтосьці скардзіцца на крывавыя расколіны на ступнях. Калі я бачу прыкметы інфекцыі, рэкамендую здаць неабходныя аналізы, звярнуцца да дэрматолага і пасля кансультацыі вярнуцца да нас на апрацоўку. Пры грыбку дэрматолагі самі часта раяць пацыентам шукаць падолага — ён зачысціць частку пазногця, якая пакутуе ад мікозу.

— З якімі праблемамі да вас звяртаюцца мужчыны і жанчыны? Хто часцей?

— Сярод нашых кліентаў прыкладна 60 % жанчын і 40 % мужчын. Прычым многіх прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва прыводзяць да нас жонкі. Залішняя патлівасць (гіпергідроз) ступняў у мужчын часта стварае спрыяльнае асяроддзе для грыбковай інфекцыі. З-за гэтага пазногці патаўшчаюцца, становяцца друзлымі, а на падэшве з’яўляюцца празмернае арагавенне і расколіны. У жанчын праблемы на падэшвах і пазногцях часцей звязаныя з нашэннем вузкага абутку, мадэляў на высокім абцасе, агрэсіўным педыкюрам, які траўміруе. Да сухасці, празмернага арагавення скуры, расколін на ёй, ушчыльнення і скручвання пазногцяў могуць прывесці наступствы артапедычных парушэнняў, а таксама такіх хранічных захворванняў, як варыкознае пашырэнне вен, цукровы дыябет, эндакрынныя і сардэчна-сасудзістыя паталогіі і г. д.

— Ці ёсць сярод вашых кліентаў дзеці?

— Так. Дзеці трапляюць звычайна з праблемай урослых пазногцяў. Гэта тлумачыцца патлівасцю іх ступняў, няправільным абстрыганнем пазногцяў, а таксама не адпаведным па памеры абуткам.

— Якія сучасныя методыкі і тэхналогіі прымяняюцца ў падалогіі?

— Для карэкцыі формы пазногцяў (напрыклад, калі яны скруціліся) часта ўсталёўваюць спецыяльныя сістэмы: з дроту або пластыка. Прапаноўваем сіліконавыя вырабы для абароны суставаў, каб «кампенсаваць» дэфармацыю пальцаў на нагах, пазбавіць ад нязручнасцяў пры хадзьбе, для прафілактыкі мазалёў. Яшчэ выкарыстоўваем у сваёй практыцы тэйпы — эластычныя стужкі для падтрымкі, стабілізацыі і памяншэння болю пры плоскаступнёвасці, вальгуснай дэфармацыі вялікага пальца, пасля траўмаў.

— Колькі часу патрэбна, каб пазбавіцца ад праблем на ступнях і пазногцях?

— Звычайна мінімум паўгода. Рэдка ўдаецца ў больш кароткія тэрміны дабіцца стойкіх вынікаў. Людзям з вялікай колькасцю хранічных захворванняў нашы паслугі часам патрабуюцца пажыццёва.

— Прывядзіце, калі ласка, прыклад таго, як дапамога падолага здольная змяніць якасць жыцця.

— Неяк да мяне на прыём прывезлі жанчыну сталага веку, у якой былі вельмі патоўшчаныя і доўгія пазногці: абстрыгчы іх самастойна ў яе не атрымлівалася; гэта перашкаджала нармальна хадзіць, яна стала пустэльніцай. Родныя прызналіся: нават не здагадваліся, што ёй патрэбна дапамога. Праз некаторы час пасля педыкюру даведалася: бабулю быццам падмянілі, яе практычна нельга застаць дома.

1751909056257858.jpg

Як абраць сваю цудоўную пару (абутку):

  • Даўжыня абутку. Павінна быць больш за даўжыню ступні на 5-7 мм. Пры прымерцы арыентуйцеся на самы доўгі палец. Каб даведацца, ці ваш гэта памер, устаўце ўказальны палец у вобласці задніка і праверце, ці свабодна ён туды заходзіць.
  • Шырыня. Павінна быць з запасам. Падчас прымеркі дастаньце вусцілку і пастаўце на яе нагу. Калі ступня акажацца шырэйшай за вусцілку — мадэль вам малая.
  • Фіксацыя. Каб нага не хадзіла ходырам па ўсім перыметры і не ўцякала наперад, спыніце выбар на мадэлях са шнуркамі ці ліпучкамі.
  • Абцас і падэшва. У прыярытэце невялікі абцас і не надта тоўстая падэшва. Добра, калі падэшва гнецца ў месцы згібу пальцаў. Пятка павінна быць вышэйшай за пальцы для захавання правільнай біямеханікі кроку. Аптымальная вышыня абцаса 1-4 см.
  • Заднік. Ён абавязкова павінен прысутнічаць і быць шчыльным, фармаўстойлівым.
  • Насавая частка. Павінна трымаць форму для абароны пальцаў, не быць занадта мяккай. Вышыня насавой часткі і аб’ём абутку павінны адпавядаць ступням і не аказваць ціску на пальцы.

Гімнастыка для ступняў

Седзячы на крэсле (канапе), пачынайце выконваць практыкаванні — з 7-10 разоў паступова (на працягу 5 дзён) давядзіце іх да 15 разоў.

  • Адцягваеце вялікі палец нагі ў бок, процілеглы астатнім пальцам. Выконвайце адначасова і для левай, і для правай нагі.
  • Пальчыкі — пятка. Змяняеце становішча ступняў з пальчыкаў на пятку. Ступні левай і правай нагі рухаюцца сінхронна.
  • «Кулак». Усе пальцы падціскаеце пад ступню, потым расслабляеце, затым цягнеце пальцы ўверх.
  • «Мячык». Для практыкавання спатрэбіцца спецыяльны масажны мячык з мяккімі шыпамі (можна замяніць яго тэнісным).
  • Ступнёй пракочваеце мячык ад пальчыкаў да пяткі — і назад. На левую і правую ступню — па 7–15 разоў.
  • Падэшвамі здзяйсняеце кругавыя рухі мячыка. На кожную — 5-7 кругоў налева, 5-7 кругоў направа.
  • «Уборка». Раскідайце перад сабой на падлозе 7–15 дробных прадметаў. Падымайце кожную рэч пальцамі ног і перамяшчайце. Спачатку адной нагой, затым другой.
  • «Кручэнне». Пакладзіце левую нагу на правую, выканайце кручэнне ступні ў галёнкаступнёвым суставе 5–7 разоў налева, 5–7 разоў направа. Затым памяняйце ногі месцамі і выканайце практыкаванне для другой нагі.

Рэкамендацыі па хатнім доглядзе скуры ступняў і пазногцяў:

  • Штодня 1-2 разы старанна мыць ногі з мылам, асаблівую ўвагу ўдзяляючы прамежкам паміж пальцамі.
  • Пры гіпергідрозе ступняў лепш наносіць на іх спрэі, талькі, якія падсушваюць скуру. Людзям з павышанай патлівасцю трэба выкарыстоўваць сродкі, прызначаныя для апрацоўкі ўнутранай паверхні абутку.
  • Раз у 2-3 тыдні неабходна падстрыгаць пазногці па прамой лініі. Каб фарміраваць квадратную форму, лепш выкарыстоўваць адмысловыя кусачкі з прамым палатном. Пасля падстрыгання можна апрацаваць паверхню пазногця пілкай.
  • Штодня наносіць на пазногці пажыўны алей з антысептычнымі кампанентамі, масіраваць зону росту.
  • Штодня 1-2 разы наносіць спецыялізаваны крэм на чыстую сухую скуру ў залежнасці ад яе тыпу. Крэмы для ступняў часта ўтрымліваюць у сваім складзе супрацьзапаленчыя, супрацьгрыбковыя кампаненты, паляпшаюць кровазварот, танізуюць, загойваюць расколіны, змякчаюць, астуджаюць ці саграваюць скуру.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю