Што агульнага ў забудове Мінска і ў архітэктуры Ле Карбюзье?
Дзе мы, а дзе ён — першае, што можа прыйсці ў галаву. Швейцарац па нараджэнні, ён у мінулым стагоддзі заснаваў у Парыжы ўласнае архітэктурнае бюро і стаў знакаміты сваімі наватарскімі рашэннямі ў архітэктуры. І адным з яго прынцыпаў была функцыянальнасць забудоў, прастата і зручнасць, у тым ліку так званых «дамоў-ячэек» для людзей. О, вось гэта ўжо нам бліжэй. І сапраўды, мэтр урбаністыкі мог бы ацаніць сучасны Мінск з пункту гледжання сваіх ідэй. А насамрэч яны сталі інтэрнацыянальнымі, пайшлі па ўсім свеце і моцна паўплывалі на архітэктурную думку, у тым ліку ў Беларусі.
Пра гэта, між іншым, сведчыць адметны перасоўны праект «Ле Карбюзье: мінскае рэха», які размясціўся ў дворыку Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Да яго падрыхтоўкі далучыліся Пасольства Францыі і Пасольства Швейцарыі ў Рэспубліцы Беларусь. І невыпадкова, што злучыць гэтыя краіны з Беларуссю цяпер дапамог менавіта архітэктурны складнік. Таму што сёлета Беларускаму саюзу архітэктараў споўнілася 90 гадоў, у гонар гэтай прыгожай даты ў верасні павінен адбыцца XVІ Нацыянальны фестываль архітэктуры. А выстаўка пад адкрытым небам праходзіць якраз да верасня і нібыта рыхтуе наведвальнікаў да маштабнай падзеі, якая скіраваная на тое, каб прыцягнуць увагу да прыгажосці нашай краіны і яе архітэктурнай спадчыны і адметнасці. Усё гэта, між іншым, пра любоў да Радзімы. І часам на яе трэба паглядзець нібыта збоку, на адлегласці — тады больш выразна адчуваецца лінія яе развіцця, кантэкст, у якім яна існавала і будавалася (у тым ліку літаральна). Таму падысці да традыцый айчыннай архітэктуры праз асобу Ле Карбюзье сапраўды цікава.
Найперш таму, што ён быў актыўны барацьбіт за сучаснасць і актуальнасць і часам быў гатовы ахвяраваць нейкімі адценнямі гісторыі дзеля таго, каб будаваць зручны горад. Мінск не адмаўляўся, але, на жаль, у ліхалецці страціў частку сваёй гістарычнай адметнасці. І разрасталася наша сталіца дзякуючы сучасным мікрараёнам — ну, дакладна, у духу Ле Карбюзье. І калі ведаць, што прапанаваў і пабудаваў гэты наватар у розных краінах свету, то зразумела, што сталічныя забудовы 1960–1980-х гадоў былі створаны ў духу часу і не без уплыву яго смелых ідэй. То-бок, нашы забудовы больш позняга савецкага перыяду — гэта было ў свой час не толькі зручна, але і модна, нават крута.
Да такой высновы можна прыйсці, калі пазнаёміцца з праектамі Ле Карбюзье. А пасля... Па-новаму ацаніць аблічча Мінска, дзе ёсць адметны водна-зялёны дыяметр, які спалучаецца з урбаністычнасцю, а цяпер і «жылыя адзінкі» паводле швейцарска-французскага архітэктара, дзе шмат жыхароў, для якіх прадуманы крамы і розныя паслугі. Нездарма сярод тых, дзякуючы каму паўстаў гэты праект, — Музей гісторыі горада Мінска, дзе ведаюць пра мінулае сталіцы шмат, але здолелі падкрэсліць адметнасць сучаснасці. А яна працягвае прырастаць новымі архітэктурнымі формамі.
Ларыса ЦІМОШЫК