Чым яшчэ могуць быць карысныя адна адной Беларусь і Цюменская вобласць, гаварылі ў Палацы Незалежнасці
Чарговы рабочы тыдзень кіраўніка дзяржавы пачаўся сустрэчай з сябрамі і планамі на будучыню. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымаў у Палацы Незалежнасці дэлегацыю Цюменскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Маорам.
Найперш беларускі лідар перадаў прывітанне паслу Расіі ў Беларусі Барысу Грызлову ад Уладзіміра Пуціна. Аляксандр Лукашэнка напряэдадні правёў тэлефонную размову са сваім расійскім калегам. «Я яму кажу, што з цюменцамі сустракаюся. «Гэта багатая вобласць, з імі трэба размаўляць», — перадаў жарт расійскага лідара Прэзідэнт.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, гэты расійскі рэгіён вельмі блізкі беларусам. Ён расказаў, што яшчэ ў савецкія часы бываў у Лангепасе, які тады быў яшчэ пасёлкам. «Яго спраектавалі, пабудавалі беларусы. І тады спецыялісты і кіраўніцтва вобласці былі вельмі задаволеныя працай беларусаў», — нагадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адну нітачку, якая звязвае Беларусь і Цюменскую вобласць, у прыватнасці кіраўніка рэгіёна. Прадзед Аляксандра Маора падчас Вялікай Айчынай вайны загінуў пад Віцебскам і там жа, у Лёзна пахаваны. «Мы трапятліва ставімся да герояў той вайны. І нас пераконваць у гэтым не трэба. Мы пахаванні савецкіх байцоў і ўсіх загінулых у Беларусі, нашых людзей, свята шануем. Устаноўлены сотні мемарыялаў, помнікаў у Беларусі ў гонар гэтых людзей, якія прынеслі нам перамогу», — адзначыў Прэзідэнт.
«Вы будзеце ў гэтым зацікаўленыя»
«Аднак галоўнай тэмай размовы стала не агульнае мінулае, а сённяшняе супрацоўніцтва для задзелу на будучыню. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер тавараабарот паміж Беларуссю і Цюменскай вобласцю складае каля чатырох мільярдаў долараў. «Але ёсць адно „але“ ў нашым супрацоўніцтве. Мы ў вас у асноўным купляем вуглевадародную сыравіну. Гэта добра. Дзякуй за тое, што вы робіце ўсё, каб забяспечыць сыравінай гэтай беларускія прадпрыемствы. Нам хацелася б, каб мы ў вас куплялі вялікую наменклатуру. Вы ў гэтым будзеце, вядома ж, зацікаўленыя. Гэта значыць, нам трэба пашыраць па наменклатуры наша супрацоўніцтва», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
- Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Цюменскую вобласць пастаўляецца нямала камплектаў шасі на базе МАЗ. На гэтыя шасі ўсталёўваецца абсталяванне для гідраразрываў пластоў для больш сучаснай здабычы нафты, пажарныя ўстаноўкі і гэтак далей. «Але неяк прытармазілі па аўтобусах. Хоць мы планавалі вытворчасць аўтобусаў з абласцямі Расійскай Федэрацыі і з вашай вобласцю. Вядома, мы аўтобусы гэтыя прададзім, попыт вельмі вялікі. Але хацелася б нам, каб мы наша супрацоўніцтва ў гэтай сферы не зніжалі. Хацелася, каб і беларускія аўтобусы былі на маршрутах у вашай вобласці, не толькі ў Цюмені. Мы можам рабіць іх і на газаматорным паліве, і электробусы — сёння шырока выкарыстоўваюцца ў Беларусі, яны тэсціраванні прайшлі вельмі сур’ёзныя. Таму калі цікавасць у вас будзе да гэтага — паглядзіце», — прапанаваў беларускі лідар.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, сёння ў Цюменскай вобласці вельмі запатрабаванае абсталяванне для здабычы нафты. «Вы ведаеце, што заточаныя ў асноўным на Цюменскую вобласць пастаўкі гэтага абсталявання. А цяпер, калі гэтыя шалёныя сышлі ад нас, ад вас (дзякуй богу, хай сыходзяць) мы гатовыя замяніць іх і пастаўляць па ўсёй Расіі неабходнае абсталяванне для здабычы вуглевадароднай сыравіны. У нас ёсць нейкія навыкі», — акрэсліў яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуўся да губернатара Цюменскай вобласці з просьбай, якая вынікае з нядаўняй нарады па здабычы нафты ў Беларусі. «Ясна, што і ўрад, і „Беларуснафта“, і спецыялісты нашы заточаныя на адну кампанію — „Беларуснафта“, і яны дакладваюць у адным кірунку. Мне хацелася б атрымаць экспертную ацэнку спецыялістаў з нагоды перспектыў здабычы вуглевадароднай сыравіны ў Беларусі. Я неяк не магу паверыць, што, здабываючы калісьці больш за 8 мільёнаў тон у савецкія часы, мы сёння скруціліся да двух, праўда, крыху прыпадняліся. Я не веру, што ў нас няма гэтай вуглевадароднай сыравіны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але патрэбныя спецыялісты, якія мне маглі б сказаць, ці ёсць ці не. Хацелася б, калі гэта магчыма, пару чалавек, якія маглі б нам нешта падказаць, параіць, як нам працаваць далей. Гэта для мяне трэба, не для нашай кампаніі, яны нібыта ўсе ведаюць і разумеюць. Нам патрэбныя незалежныя эксперты, якія маглі б адказаць на пытанне, у якім кірунку нам тут развівацца. Ці варта нам укладваць грошы ў новую разведку ці старыя неяк свідраваць. Хоць мы навучыліся нямала і па гарызантальным свідраванні, з вамі дзелімся гэтымі навыкамі. Вось такая да вас просьба, калі гэта магчыма».
Прэзідэнт нагадаў, што раней беларусы куплялі ў цюменцаў шмат газатурбінных установак. Шмат закуплялі на захадзе гэтых установак. «Але вы навучыліся пасля іх сыходу ажыццяўляць рамонт, абслугоўванне. Гэта наш інтарэс вялікі, акрамя вуглевадароднай сыравіны ў вашай вобласці. Мы гатовыя супрацоўнічаць з вамі з нагоды турбін, асабліва замежнай вытворчасці, якія вы навучыліся рабіць», — адзначыў ён. Таксама па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы гатовы працаваць з цюменскімі калегамі ў сферы біябяспекі, правядзення навуковых даследаванняў у гэтым плане.
«Я думаю, вы добра ведаеце магчымасці Беларусі. Але апошнім часам мы чамусьці навучыліся. Калі вы нешта ўбачыце карыснае для Цюменскай вобласці, скажыце — мы будзем заўсёды рады задаволіць вашы запыты і патрэбы», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прыярытэт — супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі
У сваю чаргу Аляксандр Маор прызнаўся, што для яго было важна наведаць Беларусь у год 80-годдзя Вялікай Перамогі. «Гэта асаблівыя эмоцыі, і сапраўды мой прадзед загінуў і пахаваны ў Віцебскай вобласці. Гэта было ў снежні 1943 года. А літаральна месяцам пазней, мой дзед, яго сын, вызваляў Беларусь і Украіну, прайшоў палову Еўропы, дзякуй богу, жывым вярнуўся з вайны. Таму сапраўды ёсць асабістая сувязь», — расказаў ён.
Па словах губернатара, для Цюменскай вобласці адным з прыярытэтаў з’яўляецца развіццё адносін з прадпрыемствамі Беларусі. Аляксандр Маор звярнуў увагу, што Цюмень, Цюменская вобласць яшчэ з савецкіх і больш ранніх часоў стала для беларусаў другім домам. Ён расказаў, што дагэтуль у Цюменскай вобласці жывуць людзі, якія размаўляюць на беларускай мове. «Беларуская зямля падарыла Цюменскай вобласці шмат таленавітых людзей. Шмат гадоў кіраўніком горада Цюмень быў Сцяпан Міхайлавіч Кірычук, які нарадзіўся ў Брэсцкай вобласці», — дадаў ён
«Сёння мы адзначаем рост тавараабароту паміж Цюменскай вобласцю і прадпрыемствамі Рэспублікі Беларусь. Асноўная доля — гэта нафта і газ, прадукты нафтахіміі. І мы таксама зацікаўленыя ў тым, каб тавараабарот рос па больш шырокай наменклатуры», — адзначыў Аляксандр Маор.
Даслоўна
У размове з журналістамі сустрэчу з беларускім лідарам Аляксандр Маор назваў сустрэчай сяброў. Паводле яго слоў, у Цюменскую вобласць ужо шмат гадоў пастаўляецца якасная беларуская тэхніка. Яна запатрабаваная ў сельскай гаспадарцы, камунальных службах. 70% ліфтаў, якія былі заменены ў рэгіёне — гэта ліфты беларускай вытворчасці. «Вельмі важная для Цюменскай вобласці і Беларусі сфера — супрацоўніцтва ў паліўна-энергетычнай сферы, нафтагазавым машынабудаванні, аказанне сервісных паслуг. Ва ўмовах незаконных санкцый мы зацікаўлены ў вытворчасці сучаснага абсталявання, не толькі ў замене і рамонце таго, што ёсць, а ў выпуску сучаснага канкурэнтаздольнага абсталявання. Таму мы будзем прапаноўваць нашым беларускім калегам супрацоўніцтва з нафтагазавым кластарам, у які сёння ўваходзіць амаль 200 кампаній з 26 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. А сам кластар зарэгістраваны ў Цюменскай вобласці», — дадаў губернатар.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА