Зрабіць Амерыку вялікай зноў неабходна выключна за кошт іншых дзяржаў, якія «дзесяцігоддзямі абдзіралі амерыканцаў», — менавіта гэты наратыў на практыцы спрабуе рэалізаваць 46-ы вашынгтонскі лідар. А якая рэальная карціна?
Гісторыя эканамічнага прымусу мае шматвяковую практыку, аднак для амерыканскай палітыкі гэта стала асновай функцыянавання. Невыпадкова Трамп 2 мая 2025 года напярэдадні 80-годдзя Перамогі абвясціў, што менавіта ЗША атрымалі перамогу і ў Першай, і ў Другой сусветных войнах. «Многія нашы саюзнікі і сябры святкуюць 8 мая як Дзень Перамогі, але мы зрабілі больш, чым любая іншая краіна, у дасягненні пераможнага выніку ў Першай і Другой сусветных войнах... Мы выйгралі абедзве вайны, ніхто не быў з намі блізкі па сіле, адвазе або ваенным майстэрстве... Мы збіраемся зноў пачаць святкаваць нашы перамогі!» На жаль, цяперашні прэзідэнт ЗША не далёкі ад ісціны, ва ўсякім разе ў частцы, што датычыцца выгод (чытай набыткаў), атрыманых Вашынгтонам.
«Амерыканскае стагоддзе» у «свеце па-амерыканску»
У артыкуле вядомага амерыканскага сацыёлага і журналіста Уолтара Ліпмана «Амерыканскі лёс», апублікаваным у часопісе «Лайф» у 1939 годзе, у дачыненні да Першай сусветнай вайны адзначалася, што «ў выніку вайны амерыканцы сталі галоўнымі крэдыторамі, і гэта абумовіла іх жыццёвы інтарэс і дакладнае абавязацельства адыгрываць вядучую ролю ў пераўладкаванні сусветных фінансаў, крэдыту і гандлю».
Аўтар увязаў праблему Вялікай дэпрэсіі ў ЗША (1929–1939 гг.) з пытаннямі перабудовы сусветнай эканомікі ў цэлым і практычна напярэдадні пачатку Другой сусветнай вайны прапанаваў разглядаць яе як стратэгічную магчымасць стварэння «свету па-амерыканску». Ён падкрэсліваў узнікненне гістарычнага шанцу пашырэння амерыканскага ўплыву за межамі Заходняга паўшар’я: «Тое, чым Рым з’яўляўся для старажытнага свету, чым Вялікабрытанія стала для сучаснага свету, Амерыка павінна стаць для свету заўтрашняга дня...»
Лагічным працягам і развіццём амерыканскай тэорыі глабальнага дамінавання з’явілася канцэпцыя «свету па-амерыканску», распрацаваная ў 1941 годзе ўплывовым медыямагнатам і інтэлектуалам Генры Люсам. У той час, калі ў Еўропе бушавала вайна, а фашысцкая Германія пашырала сваю «жыццёвую прастору» за кошт іншых народаў, у ЗША выйшаў артыкул «Амерыканскі век», які раскрываў знешнепалітычныя памкненні дзяржавы. У публікацыі сцвярджалася, што «ХХ стагоддзе з’яўляецца амерыканскім стагоддзем»... Гэта першае стагоддзе Амерыкі як дамінуючай сілы ў свеце«. Вайна разглядалася не больш чым «магчымасць для трансфармацыі сістэмы міжнародных адносін і зацвярджэння амерыканскага лідарства ў свеце», а ўдзел ЗША ў ёй «не з’яўляецца пытаннем неабходнасці або выжывальнасці. Гэта пытанне выбару і разліку».
Адкрыта і цынічна выказаўся ў адносінах да вайны ў інтэрв’ю газеце «Нью-Йорк Таймс» будучы прэзідэнт ЗША, а ў чэрвені 1941 года член Дэмакратычнай партыі і сенатар ад штата Місуры Гары Трумэн. Ён прапанаваў ЗША дапамагаць боку, які прайграе. «Калі мы ўбачым, што выйграе Германія, то нам трэба дапамагаць Расіі, а калі выйграваць будзе Расія, то нам трэба дапамагаць Германіі, і, такім чынам, няхай яны забіваюць як мага больш...»
Па сутнасці, менавіта так ЗША ў далейшым і дзейнічалі, забяспечваючы абодва бакі сродкамі вядзення ўзброенай барацьбы, атрымліваючы максімальны прыбытак. Пасляваенная гісторыя стала яркім пацвярджэннем рэалізацыі гэтых пастулатаў у практыцы і працягам амерыканскай эканамічнай экспансіі.
На 1945 год ЗША — вядучая эканоміка свету, фінансавы і палітычны лідар, галоўны крэдытор і краіна-пераможца, якая валодае манаполіяй на ядзерную зброю. Па сутнасці, у той час, калі СССР вёў вайну за існаванне (выжыванне), ЗША паступальна рэалізоўвалі палажэнні канцэпцыі «свету па-амерыканску», прытрымліваючыся прынцыпу «халоднага разліку». Разгром фашысцкай Германіі, мільённыя ахвяры на еўрапейскім тэатры ваенных дзеянняў былі толькі чарговымі крокамі ў шматхадовай камбінацыі па выкарыстанні «гістарычнага шанцу» для замацавання амерыканскага сусветнага лідарства. Другая сусветная вайна, адкінуўшы вядучыя дзяржавы свету ў сваім развіцці на дзесяцігоддзі назад, стварыла рэальныя ўмовы для ўвасаблення ў жыццё плана глабалізацыі.
Анансаваная дзяржаўным сакратаром ЗША Джорджам Маршалам у чэрвені 1947 года амерыканская дапамога эканоміцы Еўропы для «аднаўлення і развіцця» ніякім чынам не з’яўлялася дабрачыннасцю. Аднаўляючы краіны Старога Свету, Вашынгтон інвеставаў ва ўласнае развіццё і нарошчваў палітычны ўплыў. Дапамога мела мэтавую накіраванасць і была абцяжарана шэрагам абавязацельстваў.
На доўгія гады ЗША сталі асноўным пастаўшчыком тавараў на еўрапейскі рынак. У амерыканскіх карпарацый з’явілася магчымасць укладваць капіталы, атрыманыя на ваенных пастаўках, у эканоміку Еўропы. У выніку сродкі, выдзеленыя ў якасці дапамогі, вярнуліся ў ЗША, а долар, на аснове якога ажыццяўляліся разлікі, на доўгія гады стаў галоўнай сусветнай рэзервовай валютай.
Сусветны рэкет: сучасная старонка
На працягу другой паловы ХХ і першага дзесяцігоддзя ХХI стагоддзя ЗША з’яўляліся бясспрэчным эканамічным лідарам. Аднак механізм татальнага рабавання пачаў даваць збоі. Да сярэдзіны другога дзесяцігоддзя ХХI стагоддзя ЗША пачалі паступова губляць уласныя пазіцыі, амерыканская эканоміка прасела, а тэхналагічная перавага была страчана.
На планеце пачалі фарміравацца новыя цэнтры сілы, сярод іх — Кітай, Расія, Індыя, Еўропа. Прычым тэмпы росту першых трох істотна пераўзыходзілі тэмпы заходніх канкурэнтаў.
Усведамляючы неабходнасць падтрымання ўласнага дамінавання, Вашынгтон чарговы раз звярнуўся да ідэі рэанімацыі эканомікі за кошт вайны. Прыладай аперыравання была выбрана Украіна, а вынікам павінны былі стаць: аслабленне (распад) Расіі, дэіндустрыялізацыя Еўропы, захоп энергетычных рынкаў і адраджэнне мілітарысцкіх ідэй у НАТА. Намаганні адміністрацыі Байдэна дазволілі часткова вырашыць глабальныя задачы, але не знішчыць Расію. Акрамя таго, яны падштурхнулі працэсы перабудовы светапарадку і пагоршылі становішча ЗША, дзяржаўны доўг якіх да лістапада 2024 года перавысіў 36 трыльёнаў долараў, што складае каля 107 тысяч на кожнага жыхара краіны.
У гэтых умовах прыход да ўлады Трампа пад лозунгам «Зробім Амерыку вялікай зноў» стаў заканамерным крокам для амерыканскіх эліт. Яго адміністрацыя спрабуе ў аўральным парадку вырашыць адразу некалькі задач: скараціць дэфіцыт гандлёвага балансу, пашырыць прамысловую вытворчасць на тэрыторыі ЗША, стварыць новыя працоўныя месцы, знізіць залежнасць ад паставак з-за мяжы (перш за ўсё, Кітая). Ужо відавочна, што першыя дзве праблемы разумеюцца Трампам не толькі ў фінансавых тэрмінах, але і ў сацыяльна-палітычных, і непасрэдна звязаны з такімі паняццямі, як «статус», «уплыў», «сіла».
У сувязі з гэтым анансаванае Трампам увядзенне імпартных пошлін у дачыненні да больш як 180 краін стала шокам для сусветнай эканомікі, аднак дакладным сігналам, што Вашынгтон мае намер змагацца за лідарства ўсімі спосабамі. Традыцыйна санкцыі і тарыфную палітыку адносілі да розных інструментаў прымусу. Да 2025 года першыя з’яўляліся знешнепалітычнымі, прызначанымі для дасягнення мэт нацыянальнай і міжнароднай бяспекі, а другія — знешнеэканамічнымі, накіраванымі на рэгуляванне эканамічных паказчыкаў гандлёвага балансу.
ЗША пры Трампе наўмысна змяшалі гэтыя два інструменты, стварыўшы новы гібрыд —тарыфныя санкцыі, прызначаны для аперыравання ў знешнепалітычным полі ў мэтах карэкціроўкі гандлёвага балансу праз санкцыйна-тарыфны прымус. Прычым асноўнай задачай выступае не абмежаванне доступу той ці іншай дзяржавы да канкрэтнага тавару ці паслугі (якая характарызуе эмбарга), каб яе аслабіць, а павелічэнне нацыянальнай эканамічнай выгады ад міжнароднага гандлю як фундамента нацыянальнай бяспекі.
Гегемон страціў давер
Аднак першапачатковы шок мінуў, а рэакцыя сусветных фінансавых рынкаў аказалася анамальнай. Раней у перыяды глабальных крызісаў інвестары заўсёды «беглі ў долар». Амерыканская валюта ўмацоўвалася, бо лічылася самым надзейным актывам. Так было і ў фінансавы крызіс 2008 года, і ў 2020-м, калі свет накрыла пандэмія COVID-19. Увядзенне пошлін — і, як вынік, скарачэнне аб’ёмаў імпарту — звычайна ўмацоўвала валюту краіны-імпарцёра. У красавіку 2025 года ўсё пайшло не па плане: нягледзячы на паніку на рынках і чаканне таго, што аб’ёмы імпарту ў ЗША пачнуць імкліва зніжацца, долар пачаў падаць. Адносна еўра ён патаннеў на 6,5 % усяго за тры тыдні.
Агрэсіўная эканамічная палітыка Вашынгтона практычна паламала міжнародныя механізмы рыначнага рэгулявання, а давер да ЗША як надзейнага партнёра істотна знізіўся. Вынікам гэтага стала пазбаўленне інвестараў ад крэдытных абавязацельстваў і скарачэнне доларавых актываў у рэзервах большасці краін свету. Больш за тое паскорыўся працэс дэдаларызацыі (яго аб’ём у разліках знізіўся да 60 %), а шэраг краін, сярод якіх Кітай і Бразілія, увялі санкцыі ў адказ у гандлі.
На фоне эканамічнай турбулентнасці ў якасці істотнага дасягнення адміністрацыі Трампа можна разглядаць абавязацельства краін — удзельніц НАТА выдзяляць 5 % ВУП на ўзбраенне. Істотная іх частка будзе паступаць у эканоміку ЗША ў якасці аплаты за баявыя сістэмы, якія пастаўляюцца ў Еўропу і ва Украіну. Аднак гэта толькі часовая адтэрміноўка для вырашэння наспелых эканамічных супярэчнасцяў, дзе санкцыі не з’яўляюцца ўніверсальным сродкам.
Смяротна небяспечны сябар
Гістарычны вопыт сведчыць, што санкцыі значна больш эфектыўныя супраць саюзнікаў, чым супраць сапернікаў — з прычыны большай узаемазвязанасці эканомік; інструменты палітычнага прымусу працуюць адносна слаба без ваеннага падмацавання, а іх уздзеянне тым меншае, чым больш у падсанкцыйных краін альтэрнатыў; класічны контрсанкцыйны інструмент — апора на ўнутраныя рэсурсы. У сувязі з гэтым асноўны ўдар закране менавіта саюзнікаў Вашынгтона, якім варта нагадаць словы Генры Кісінджэра: «Варагаваць з ЗША небяспечна. Але сябраваць з ЗША смяротна небяспечна».
Зразумела, што на нашых вачах адбываецца працэс глабальнай перабудовы свету. «Зрабіць Амерыку вялікай зноў» можна толькі за кошт чужых рэсурсаў, якія практычна адсутнічаюць у «свабодным» доступе. Акрамя таго, непадзельнае панаванне ЗША ў эканамічнай сферы завяршылася, а іх прэтэнзіі на «выключнасць» разбіліся аб сучасныя рэаліі. Свабодны гандаль, які дэклараваўся як адна з ключавых «амерыканскіх» каштоўнасцяў, кануў у вечнасць. Размова сёння ідзе не проста аб гандлёвых спрэчках і санкцыях, а, хутчэй, аб фарміраванні аблічча альтэрнатыўнай фінансава-эканамічнай сістэмы, стварэнне якой — недалёкая перспектыва.
У гэтых умовах Беларусь павінна памятаць пра свае інтарэсы і выбудоўваць эканамічную палітыку зыходзячы з выбранага курсу, разлічваючы на ўласны патэнцыял і падтрымку правераных саюзнікаў. Ніхто акрамя нас саміх не зробіць наша жыццё лепшым, а ўсе даброты ствараюцца нашымі ўласнымі рукамі.
Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар