Дзеля таго каб захаваць сябе ў гісторыі, сакрэт просты: трэба з увагай ставіцца да малых і павагай да сталых. Насамрэч гэта дзейсная і геніяльная формула сацыяльнай дзяржавы. Сацыяльная дзяржава — вялікая раскоша ў сучасным свеце. А калі казаць яшчэ і пра дзяржаву, створаную на прынцыпах справядлівасці, — то гэта ўвогуле выключэнне. Вось да якой вяршыні мы імкнёмся. І дробязяў у гэтым няма.
Ну вось, напрыклад, гандаль. Гэта індыкатар эканомікі, грамадства, дзяржавы. Можна пусціць у вольнае плаванне: маўляў, рынак усё адрэгулюе. А спажывец? Хто выплыве, а хто і не. Капіталізм не прымае лузераў. Ён змяняе нават чалавечыя адносіны: усё мае цану. А вось бясцэннае стаўленне да чалавека, прыкмета сацыяльнай дзяржавы, — рэдкая раскоша. Добра, што Лукашэнка выхадзец не з партыйнай наменклатуры ці новага «гарвардскага істэблішменту».
Ён чалавек ад зямлі — ведае і паважае чалавека працы. Што і казаць, у Беларусі неяк не модна выпінаць свой капітал. А каб абараніць гэтую сацыяльнасць краіны, даводзіцца перыядычна прыводзіць у пачуцці схільных да нажывы. На гэты раз у Палацы Незалежнасці абмеркавалі чалавечы твар гандлю. Прычым рэгіянальнага, і асабліва — вясковага.
Вёска насамрэч ажывае. Памятаеце пастулат дзяржаўнай палітыкі: «Захаваем вёску — захаваем краіну». І гэта не толькі глеба для развіцця АПК: харчовая бяспека, дзякуючы знешнепалітычным дамоўленасцям Прэзідэнта — рост экспартных запытаў. Наша вёска — элемент кода беларускасці. Гэта яшчэ і якасць жыцця ў гады ашалелай урбанізацыі. Так, і людзі паехалі абжываць глыбінку. Пачулі заклікі Аляксандра Лукашэнкі і голас розуму ды сэрца. Жыллё сярод прыроды — раскоша для сучаснага чалавека. А ў беларусаў ёсць такая магчымасць — мець сваю хату. Мы нават не можам ацаніць сваё шчасце. Але хацелася б яшчэ і камфорту.
І на ўсё ёсць час для кіраўніка дзяржавы. Ён заняты ў геапалітычных працэсах, актыўны стваральнік стратэгічных інтэграцый, чакаецца візіт у Кітай — на глабальную сустрэчу прэзідэнтаў. Але не забываецца Першы пра спадзяванні ўмоўнай бабы Дуні. Каб ні ў якім разе не пакрыўдзіць яе, Прэзідэнт акрэсліў, якім павінен быць гандаль у вёсцы.
Мы будуем краіну роўных магчымасцяў, і моцныя рэгіёны — прыярытэт пяцігодкі, а Прэзідэнт даручыў выпрацаваць вертыкаль гандлёвага сэрвісу. Стварыць эфектыўную мадэль у рэгіёнах. У райцэнтрах — некалькі добрых гандлёвых цэнтраў, у аграгарадках — меншыя магазіны, у вялікіх вёсках — звычайныя крамы з добрым асартыментам, у невялікіх вёсках — развазны гандаль. Каб нікога не забыць.
Пакуль асноўны гулец на вясковым гандлёвым рынку — Белкаапсаюз. Да яго і прэтэнзіі. Белкаапсаюз — гандаль з сацыяльным тварам. А страты пакрываюць за кошт бюджэту. Толькі на паліва для аўтакрам у гэтым годзе выдзелена Br1,3 млн. З такім падыходам далёка не з’едзем. Прэзідэнт падкрэсліў «цуды» сістэмы спажыўкааперацыі. Пры агульных стратах добра жыве штаб спажывецкай кааперацыі: у кіраўніцтва зарплата вышэйшая, чым у большасці міністраў.
Хата бацькоў — не прадаецца, а з поля зроку Першага ніколі не знікнуць пытанні развіцця беларускай вёскі. Не толькі для рыначнікаў, але і дзяржслужачых скарачэнне сацыяльных аб’ектаў падаецца самым прымальным выйсцем. Павесілі замок, знеслі — ніякай адказнасці. Не, так з Лукашэнкам не атрымаецца.
Пытанне сацыяльнай справядлівасці стала чырвонай ніткай нарады па гандлі. Каб дайсці да кожнага дома і кожнага жыхара, задзейнічаюць розныя рэсурсы.
У гэтым працэсе ўсё будзе залежаць ад уцягнутасці мясцовай улады. Гандлёвыя сеткі, прыватнікі і вытворцы павінны будуць падзяліць лагістычны цяжар Белкаапсаюза. Гэта значыць, за кожным удзельнікам гандлёвай прасторы замацуюць тэрыторыі адказнасці. У кіраўнічым штабе Белкаапсаюза зараз рыхтуюцца да канкурэнцыі на іх спрадвечным полі дзейнасці — у сельскім гандлі. Бітву за райцэнтры яны ўжо прайгралі. Але ж ёсць у іх спрадвечная ніша — «прадуктовы хэндмэйд». «Бацькава булка» са Свіслачы, кіраўскія смажанкі, іванаўскія прысмакі, івацэвіцкія саленні...
Сістэму вядома ж выпрацуюць, але калі на вострыя куты не звярнуў увагу Першы, то як бы іх абыходзілі і абыходзілі б увогуле? Гэта як і з коштам тавараў. Да абмеркавання цэн таксама неўзабаве зноў вернуцца.
Рэзюмэ нарады — у закліку Першага: «не забываць бабу Дуню». Сістэма павінна быць выпрацавана да пачатку будучага года. І тыя, хто сядзіць крукам над паперамі і балансам ведамасных інтарэсаў у высокіх кабінетах, і тыя, хто лічыць капіталы, — павінны не забываць маршчыністыя рукі бабулі з невялікай беларускай вёскі — менавіта яны пабудавалі нашу краіну.
Яўген ПУСТАВОЙ