Такі вынік стаў следствам рознагалоссяў у пазіцыях МКС і амерыканскай эліты. «Міжнароднаму» суду было дазволена надзімаць шчокі і выдаваць ордэры ў дачыненні да афрыканскіх палітыкаў, Прэзідэнта Расіі, але не ў дачыненні да Вашынгтона і яго саюзнікаў.
Не чапай святое!
У верасні 2018-га Джон Болтан, тагачасны памочнік Трампа па нацыянальнай бяспецы, аб’явіў аб магчымасці ўвядзення санкцый супраць супрацоўнікаў МКС на фоне расследаванняў злачынстваў амерыканцаў у Афганістане, якія працягваюцца, і парушэнняў закона Ізраілем у дачыненні да палестынцаў.
У сакавіку 2019 года дзяржсакратар М. Пампеа папярэдзіў, што ЗША гатовыя адмовіць у выдачы віз службовым асобам МКС, якія непасрэдна адказваюць за вядзенне расследаванняў у дачыненні супраць амерыканскіх вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб. Больш за тое, ён таксама заявіў, што «ўлады ЗША не дапусцяць, каб амерыканцам пагражаў орган, які прадстаўляе сабой пародыю на правасуддзе».
Нарэшце, першае папярэджанне, або «жоўтую картку», у дачыненні да МКС вынес Д. Трамп падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміна ў 2020 годзе, дазволіўшы ўводзіць санкцыі супраць супрацоўнікаў МКС, «што ўдзельнічаюць у расследаваннях, якія Вашынгтон лічыць незаконнымі». Ва ўказе ён падкрэсліў, што «дзеянні МКС пагражаюць суверэнітэту Злучаных Штатаў, а таксама іх саюзнікаў, якія не падтрымліваюць Рымскі статут і не прызнаюць юрысдыкцыі МКС». «У нас ёсць важкія падставы меркаваць, што на найвышэйшых узроўнях кіраўніцтва Міжнароднага крымінальнага суда маюць месца карупцыя і неправамерныя дзеянні, што ставіць пад сумненне аб’ектыўнасць расследаванняў у дачыненні да амерыканскіх вайскоўцаў», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Белага дома.
Трамп даручыў кіраўніку Мінфіна ЗША і дзяржаўнаму сакратару Майку Пампеа выкарыстоўваць палажэнні новага ўказа для абароны інтарэсаў краіны. У прыватнасці, гаворка ішла аб замарозцы актываў супрацоўнікаў МКС у юрысдыкцыі ЗША і забароне на іх уезд на тэрыторыю краіны. Уведзеныя абмежаванні былі адменены 46-м прэзідэнтам ЗША Байдэнам, аднак Д. Трамп не забыўся пра «міжнароднае бюракратычнае балота».
Да адказнасці
Ужо ў лістападзе 2024 года саветнік Д. Трампа па нацыянальнай бяспецы Майкл Уолтц у сваім акаўнце ў сетцы X напісаў: «МКС і ААН атрымаюць канчатковы адказ ад ЗША за антысемітызм з-за іх рашэння арыштаваць прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і былога кіраўніка Мінабароны краіны Ёава Галанта. Ізраіль законна абараняў свой народ і граніцы ад генацыдных тэрарыстаў».
Нядзіўна, што 9 студзеня 2025 года Палата прадстаўнікоў амерыканскага кангрэса падтрымала законапраект аб санкцыях у дачыненні да Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе. Дакумент падтрымалі 243 члены ніжняй палаты заканадаўчага органа, 140 выступілі супраць. Законапраект, які атрымаў назву «Акт супрацьдзеяння нелегітымнаму суду», быў унесены больш як 60 кангрэсменамі-рэспубліканцамі на чале з членам Палаты прадстаўнікоў Чыпам Роем.
Рэстрыкцыі плануецца ўводзіць за любыя спробы МКС садзейнічаць «расследаванню, арышту, затрыманню або судоваму праследаванню любой асобы, якая знаходзіцца пад абаронай Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў». Санкцыі прадугледжваюць адмову ў выдачы віз і забарону на дзелавыя кантакты з асобамі, уключанымі ў чорны спіс.
Акрамя таго, паводле інфармацыі газеты The Guardіan, рыхтуюцца жорсткія эканамічныя санкцыі. Гэта датычыцца, у прыватнасці, магчымага блакіравання доступу суда да банкаўскіх і плацежных сістэм, ІT-інфраструктуры і страхавых кампаній. Такія меры не дазволяць амерыканскім кампаніям весці бізнес або транзакцыі з судом, што можа паралізаваць яго работу і паставіць пад пагрозу само існаванне МКС.
А суддзі хто?
На фоне дзясяткаў указаў Д. Трампа, тэма МКС практычна згубілася, але гэта нагляднае папярэджанне ўсім прыхільнікам шматпалярнага свету. Гегемон не збіраецца здаваць свае пазіцыі без бою. Пакуль любы міжнародны арганізм працуе па амерыканскіх правілах, ён дэмакратычны і легітымны, нават калі ён нічога не робіць і існуе намінальна (як МКС), аднак любая прэтэнзія на незалежнасць робіць яго ізгоем.
Пры гэтым дэмакратыя і «вяршэнства закона» адразу ж забываюцца, а арганізацыя прызнаецца «не вартай даверу». Ні меркаванні экспертаў, ні праваабаронцаў, ні міжнародных інстытутаў не прымаюцца да ўвагі.
На гэтым фоне ляманты праваабаронцаў выклікаюць толькі ўсмешку: «Пагрозы суду падрываюць давер да сістэмы міжнароднага правасуддзя і паслабляюць імкненне да справядлівасці».
Сёння свет уступіў у фазу турбулентнасці, калі сіла становіцца асноўным сродкам прасоўвання геапалітычных інтарэсаў. Рашэнне амерыканскага кангрэса — яркае таму пацвярджэнне.
Час усвядоміць, што ў «свеце, заснаваным на правілах», якіх рэальна няма, трэба спадзявацца выключна на сябе і сваіх саюзнікаў. Сёння адсутнічаюць «незалежныя» арганізацыі, а да любых «патрабаванняў, заяў, рэкамендацый» міжнародных цэнтраў і супольнасцяў варта падыходзіць выключна з пункту гледжання забеспячэння ўласных нацыянальных інтарэсаў. Ацэньваць працэсы ўнутры ўласнай краіны — прэрагатыва народа, прымаць рашэнні аб мэтазгоднасці ўдзелу ў міжнародных арганізацыях — права суверэнных дзяржаў, якое не павінна падмяняцца нечымі рэкамендацыямі.
Жыць сваім розумам, самастойна прымаць рашэнні і рэалізоўваць іх на карысць грамадства і дзяржавы без аглядкі на «замежнага дзядзьку» — у гэтым сутнасць урока, які варта атрымаць з гісторыі МКС. Ніхто, акрамя нас саміх, не зробіць наша жыццё лепшым, а найважнейшы крок у гэтым кірунку — усвядомлены выбар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 26 студзеня 2025 года.
Мікалай БУЗІН, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар
Тым часам
Аб тым, што санкцыі Захаду супраць Беларусі ніякім чынам не паўплываюць на дзяржаўны лад, а толькі на эканоміку (што, уласна, Захаду і трэба, каб аслабіць канкурэнтаў) і на дабрабыт простых людзей, пачынаюць разумець і збеглыя, у якіх яшчэ захавалася крытычнае мысленне. «Патрыярх апазіцыі ў выгнанні» Зянон Пазняк у інтэрв’ю аднаму з юцюб-каналаў так выказаўся з гэтай нагоды: «Еўрасаюз, асабліва Германія, праводзіць паслядоўную палітыку па знішчэнні Беларусі... Усе гэтыя паны шольцы і іншыя, яны цудоўна ведаюць, што робяць. А падтрымку гэтай палітыкі робяць офісы (збеглых. — „Зв.“) Найбольш шкодны — гэта Латушка. Каго вы душыце? Сваю дзяржаву, свой народ».