У наш студэнцкі час падобныя дзеянні мелі абсалютна фізічнае выяўленне і ўсе шанцы атрымаць такія ж абсалютна фізічныя наступствы — нахабніку маглі ў адказ надаваць кухталёў, прычым у самым прамым сэнсе. Што, калі не адбівала ахвоту надалей паступаць падобным чынам, дык як мінімум давала разуменне, што за гэта можа быць а-та-та. Шчаслівыя былі часы, наіўныя былі людзі! Мы тады не здагадваліся, што хутка з’явіцца «бойкае месца», на якім можна колькі заўгодна і, лічы, беспакарана гарлапаніць літаральна на ўвесь свет.
Я, калі здагадаліся, пра сацыяльныя сеткі, да якіх прычыніліся сёння нават «самыя адсталыя слаі насельніцтва». У іх кожны, каму такая ідэя прыйдзе ў галаву, сам сабе рэпарцёр. «Рэпартажы» трансліруюцца ў адкрытым доступе, прычым іх аўтары часта нават не чулі аб такіх паняццях, як аб’ектыўнасць і праўдзівасць інфармацыі.
Вось, напрыклад, зусім нядаўна ў Бараўлянах здарылася абсалютна па-чалавечы бытавая гісторыя. Дзяўчынка гуляла ў сяброўкі, бацька прыехаў забраць яе дадому. Прыехаўшы ў патрэбны двор, ён убачыў на арэлях дзяцей і, не разглядзеўшы толкам у ранніх прыцемках, падумаў, што гэта яго дачка. Хуценька рушыў да малых (пэўна, кудысьці спяшаўся), дзверы ў машыне пакінуў адчыненыя, стаў дачку клікаць. Падышоўшы бліжэй, убачыў, што дзеці не тыя, дачкі там няма. Памыліўся, з кім не бывае. Але тут да яго выскачыла маці тых самых дзяцей: маўляў, чаго ты ад іх хочаш? Мужчына паспрабаваў растлумачыць, што проста абазнаўся, але дыялогу не атрымалася: кабета пагражала яму міліцыяй і тым, што здыме яго на тэлефон. Урэшце мужчына забраў дачку, якая, як высветлілася, гуляла з сяброўкай у кватэры, і паехаў дадому. Здавалася б, інцыдэнт вычарпаны. Аднак заклапочаная маці не супакоілася.
Яна пайшла ў міліцыю. Тут яе можна зразумець і нават падтрымаць, бо ўсе мы пра бяспеку сваіх дзяцей дбаем, а людзі ёсць усякія, і верыць на слова незнаёмцу, можа, і не варта. Але нашай «гераіні» не цярпелася ж яшчэ і запісаць «рэпартаж», прычым тут жа. І вось яна ўжо са спалоханым выглядам, прыглушаным голасам, нібы дзесьці побач сапраўды крадзецца маньяк, вяшчае ў Tіk-Tok: «Маіх дзяцей хацелі ўкрасці. Нейкі мужчына хутка ішоў да іх па дзіцячай пляцоўцы, падазрона азіраўся, трымаў рукі ў кішэнях. А непадалёк стаяла яго машына з адчыненымі дзвярыма...» Карацей, жах. Маньяк у Бараўлянах!
І гэта было б нават смешна, але «гарачую навіну» з сацсеткі падхапілі і простыя карыстальнікі, і рэсурсы, аўтары якіх сядзяць за мяжой і як могуць стараюцца нагадзіць Беларусі. І пакуль той няўважлівы небарака давёз дачку дадому, яго ўжо на ўвесь свет праславілі як выкрадальніка дзяцей і маньяка, які дзейнічае ў сталіцы прама сярод цёмнага вечара, а міліцыя бяздзейнічае, таму нашы дзеці ў небяспецы.
Дарэчы, міліцыя вельмі хутка высветліла ўсе абставіны, устрывожаную маці-«рэпарцёра» супакоілі. Яна нават запісала яшчэ адзін ролік, дзе, як мне падаецца, крыху расчаравана расказвае пра тое, што памылілася. «Так атрымалася... Дадумкі, выдумкі... Але, я думаю, любая жанчына мяне зразумее...» — скрушна ўздыхаючы, гаворыць яна на камеру.
Не, шаноўная, не любая. Вас не зразумее, напрыклад, жонка таго мужчыны. Вас не зразумее кожная, у каго яшчэ ёсць уласнае крытычнае мысленне, а не толькі жаданне хайпануць на «гарачай навіне», прычым не задумваючыся нават, што ў гэтай навіне праўда, а што, мякка кажучы, не вельмі.
І каб жа гэта быў адзінкавы прыклад! У той жа Tіk-Tok людзям з уразлівай псіхікай лепш зусім не заходзіць. Вось мамка абурана скардзіцца, што вымушана рабіць са сваім школьнікам урокі («Чаму яго ў школе не вучаць так, каб не трэба было тлумачыць?! Дармаеды-настаўнікі дарма атрымліваюць зарплату»). Вось яшчэ адна пакрыўджаная ў праведным гневе расказвае, што яе «ўзорную сям’ю» паставілі ў сацыяльна-небяспечнае становішча «толькі за тое, што былы муж здзейсніў правапарушэнне». Вось яшчэ адна самадзейная «экалагіня» ходзіць са спалоханым выглядам па беразе возера і вяшчае: «Паглядзіце, якая тут пена. І яна вельмі дзіўна пахне. Не, я нізавошта летам не пайду сюды купацца»...
Тысячы праглядаў, сотні каментарыяў і рэпостаў аўтарам «рэпартажаў» забяспечаны. Праўда, аб’ектыўнасць? Не, не чулі. Што з таго, што школьнік прагульвае ўсе факультатывы, на якіх тлумачаць тое, што не зразумеў на ўроках? Што «правапарушэнне» бацькі, якое стала падставай для асаблівай увагі да яго дзяцей, — ужыванне і збыт наркотыкаў? Што пена на беразе вадаёма — ад таго, што ў ім восенню гніюць водарасці, гэта натуральны працэс, які ніякай шкоды экалогіі не наносіць?..
Шмат сёння кажуць пра «лічбавую гігіену», пра тое, што не трэба верыць, давяраць усяму, што чытаеш і бачыш у віртуальнай прасторы. Але, здаецца, сёння варта гаварыць у гэтым плане не толькі пра карыстальнікаў, але і пра аўтараў непраўдзівага або неаб’ектыўнага кантэнту. А то атрымліваецца, што хтосьці дзеля хайпу выкладвае ролік (як у некалькіх узгаданых прыкладах), а тыя, хто пасля ўдакладняе або ўвогуле абвяргае інфармацыю, нібыта апраўдваюцца. А «рэпарцёру» за гэта што? А часцей за ўсё — нічога. Атрымліваецца, тое крычаўскае «крычы ва ўсю глотку — заўсёды праў будзеш» і тут спрацоўвае?
Ці ўсё ж такі і тут можна даць рады гарлапанам? Адлучыўшы ад «бойкага месца» (доступу да інтэрнэту), напрыклад. Хоць бы часова, бо, калі не ставіць нахабніка на месца, ён не супакоіцца. Прынамсі, у рэальным жыцці так. У рэальнасці з папраўкай на віртуальнасць, думаю, таксама.
Алена ЛЯЎКОВІЧ