80 гадоў назад, 6 і 9 жніўня 1945 года, Вашынгтон ажыццявіў ядзерную бамбардзіроўку японскіх гарадоў Хірасімы і Нагасакі, у выніку якой загінулі звыш 450 тысяччалавек. Навукоўцы і палітыкі дагэтуль спрачаюцца аб мэтазгоднасці таго кроку, аднак гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Трагедыя, якая здарылася восем дзесяцігоддзяў назад, паказала ўсяму свету, што чалавецтва дасягнула рысы, пераход праз якую азначае — канец цывілізацыі.
Першы ў гісторыі чалавецтва выпадак баявога прымянення ядзернай зброі зафіксаваны ў 8 гадзін 15 хвілін 6 жніўня 1945 года ў Хірасіме, калі ўзарвалася атамная бомба Lіttle Boy («Малыш»), эквівалентная па магутнасці 13–18 кілатонам тратылу, скінутая амерыканскім бамбардзіроўшчыкам B-29 Enola Gay. Гэты горад у якасці мішэні быў выбраны невыпадкова. Ён адпавядаў усім разліковым крытэрыям, якія дазваляюць дабіцца максімальнай колькасці ахвяр і разбурэнняў: раўніннае размяшчэнне, вакол узгоркі, малапавярховая забудова і лёгкаўзгаральныя драўляныя будынкі.
Праз тры дні, 9 жніўня 1945 года, плутоніевая атамная бомба Fat Man («Таў-стун»), эквівалентная ад 19 да 21 кілатоны тратылу, была скінута на японскі горад Нагасакі. Па экспертных ацэнках, у выніку двух выбухаў імгненна загінула каля 80 тысяч чалавек, а больш за 250 тысяч памерлі на працягу 5 гадоў ад прамянёвай хваробы і ракавых захворванняў. Агульная колькасць ахвяр склала каля 450 тысяч чалавек.
Амерыканскі маніфест новага «ядзернага» светапарадку
У «Заяве прэзідэнта (Г. Трумэна) аб аб’яўленні прымянення атамнай бомбы ў Хірасіме» (крыху менш за 6000 друкаваных знакаў), размешчанай у амерыканскіх СМІ 6 і 7 жніўня канстатавалася што: «Шаснаццаць гадзін таму амерыканскі самалёт скінуў адну бомбу на Хірасіму, важную базу японскай арміі. Гэта бомба па магутнасці больш, чым 20 000 тон тратылу. Гэта больш, чым у дзве тысячы разоў мацней за выбух брытанскага Grand Slam, які з’яўляецца самай буйной з бомбаў, якія калі-небудзь выкарыстоўваліся ў гісторыі войнаў... Бітва ў лабараторыях такая ж рызыкоўная для нас, як і бітвы ў паветры, на зямлі і моры, і зараз мы выйгралі бітву ў лабараторыях, як мы выйгралі іншыя бітвы».
Пасля кароткага агляду характарыстык бомбы і спецыфікі яе стварэння Трумэн ускладае адказнасць за прымяненне гэтай зброі на японскі ўрад: «Ультыматум ад 26 ліпеня ў Патсдаме павінен быў выратаваць японцаў ад поўнага знішчэння. Іх лідары адразу адхілілі гэты ўльтыматум. Калі яны зараз не прымуць нашы ўмовы, то яны могуць чакаць „дождж разарэння“ з паветра, падобнага на які ніколі не бачылі на зямлі. За гэтай паветранай атакай будуць марскія і сухапутныя. У такой колькасці і магутнасці, якіх яны яшчэ не бачылі, а баявое майстэрства, якое яны ўжо добра ведаюць».
Завяршаецца заява наступнымі словамі: «Я прадстаўлю далейшыя меркаванні і рэкамендацыі Кангрэсу аб тым, як атамная энергія можа стаць магутным і моцным уплывам на ўтрыманне міру ва ўсім свеце».
Вось так, дакладна, без сентэнцый і шкадавання амерыканскі лідар узору 1945 года пракаментаваў прымяненне ядзернай зброі, а на практыцы прадэманстраваў недасягальную моц ЗША. Словы, сказаныя нібыта японцам, аб «непрыняцці ўльтыматума і яго наступствах», былі накіраваны на ўвесь свет і, у першую чаргу, на свайго саюзніка — Савецкі Саюз. Ваенная сіла, падмацаваная практычнай дэманстрацыяй «магчымасцяў ядзернай бомбы», стала галоўным аргументам на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Ужо ў снежні 1945 года быў распрацаваны план ядзернага ўдару па тэрыторыі СССР пад кодавай назвай «Таталіці», які прадугледжваў «уздзеянне» па 20 найбуйнейшых гарадах учарашняга саюзніка з прагназаваным уронам у 13 мільёнаў чала-век. Пры гэтым падобныя «страты» разглядаліся як цалкам дапушчальныя, а план — рэальным.
Па меры нарошчвання ядзерных магчымасцяў ЗША ўдакладняліся спосабы «нейтралізацыі савецкай экспансіі». Ужо ў чэрвені 1946 года быў актуалізаваны план «Пінчэр», які павялічыў першапачатковы аб’ём задзейнічання ядзерных боепрыпасаў з 20–30 адзінак да 50. Прычым ядзерныя бамбардзіроўкі разглядаліся як найбольш эфектыўны сродак вырашэння геапалітычных задач, паколькі толькі ЗША валодалі падобнымі сродкамі паражэння. Далей — больш. У 1947–1948 гадах пералік аб’ектаў для ядзернай бамбардзіроўкі на тэрыторыі СССР быў пашыраны да 24, а «вага» ўдару павялічана да 60 носьбітаў (планы «Бройдар» і «Фролік»). Гаворка ішла аб знішчэнні мільёнаў людзей з вельмі невысокай ступенню дзеянняў у адказ, але Вашынгтон рэальна рыхтаваўся да вайны, карыстаючыся ўласнай эканамічнай і тэхнічнай перавагай.
На працягу дзесяцігоддзяў ЗША заставаліся вядучай дзяржавай, якая валодае максімальным ваенным патэнцыялам і ўплывам на рашэнні, якія прымаюцца. Ужо да снежня 1948 года ў рамках амерыканскага плана «Сізэл» колькасць аб’ектаў паражэння на тэрыторыі СССР была павялічана да 70 гарадоў, а меркаваная колькасць ядзерных боепрыпасаў даведзена да 133. У гэтых умовах «амерыканская выключнасць» набыла трывалы падмурак, якая не мела альтэрнатыў да 1949 года, калі Савецкі Саюз стаў уладальнікам уласнай ядзернай зброі і тэхналогій яе вытворчасці.
У 1950 годзе свет убачыла першая стратэгічная канцэпцыя НАТА, якая атрымала вядомасць як дактрына «стрымлівання і абароны». Праз два гады яна была перапрацавана і дапоўнена, а яе сутнасць заключалася ў «масіраванай адплаце». Падобная гульня паняццямі ва ўмовах пераважнай ядзернай перавагі Захаду была чарговым элементам інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння і спарадзіла «гонку ўзбраенняў» паміж ЗША і СССР. Толькі да 70-х гадоў ХХ стагоддзя быў дасягнуты ваенны парытэт, аднак ядзерны фактар да гэтага часу застаецца найважнейшым у сістэме стратэгічнага стрымлівання.
Сучасны свет і ядзерная зброя
Цяпер дзевяць дзяржаў свету маюць ядзерную зброю — ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Пакістан, Ізраіль, Паўночная Карэя. Згодна з дакладам Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем свету (SІPRІ) за 2023 год, у агульнай складанасці налічвалася 12 512 ядзерных боегаловак. Пры гэтым на долю ЗША і Расіі прыпадала больш за 90 % баявых зарадаў, а Кітай з 410 боегалоўкамі займаў 3 месца. Іншыя краіны мелі адпаведна: Францыя — 290 ядзерных боегаловак, Вялікабрытанія — 225, Пакістан — 170, Індыя — 164, Ізраіль — 90 і Паўночная Карэя — 30.
Кожная з названых дзяржаў мае ўласныя канцэпцыі прымянення ядзернай зброі, аднак за восемдзесят гадоў, якія прайшлі з моманту першага баявога выкарыстання, гэты тып узбраення больш не задзейнічаўся. Як правіла, ядзерная зброя разглядаецца як «сродак стрымлівання» і падзяляецца па магутнасці на пяць груп боепрыпасаў: звышмалыя — менш за 1 кт; малыя (1–10 кт); сярэднія (10–100 кт); буйныя (вялікай магутнасці) — ад 100 кт да 1 Мт; звышбуйныя (звышвялікай магутнасці) — звыш 1 Мт.
Згодна з прапанаванай класіфікацыяй абодва ядзерныя зарады, ужытыя Вашынгтонам у Японіі ў 1945 годзе, адносяцца да катэгорыі сярэдняй магутнасці, але колькасць чалавечых ахвяр у выніку іх выкарыстання ацэньваецца ў сотні тысяч. Невыпадкова, Леа Сілард, адзін са стваральнікаў атамнай бомбы, прысвяціў астатак жыцця барацьбе супраць ядзернай зброі, а Альберт Эйнштэйн, чый ліст прэзідэнту Рузвельту спрыяла пачатку Манхэтэнскага праекта, назваў свой удзел «найвялікшай памылкай жыцця».
На жаль, асобныя сучасныя палітыкі дастаткова павярхоўна ставяцца да пагрозы прымянення ядзернай зброі. Амерыкана-ізраільскія авіяцыйныя ўдары па іранскіх ядзерных аб’ектах, пагрозы Кіева аб магчымасці стварэння (прымянення) «бруднай» бомбы і нанясенне паражэння элементам расійскай ядзернай трыяды (авіяцыйным носьбітам) застаюцца без належнага асуджэння палітычнымі элітамі і міжнароднай грамадскасцю.
СМІ транслююць інфармацыйны парадак дня, згодна з якім дапускаецца «абмежаваны абмен ядзернымі ўдарамі». Разам з тым заходні істэблішмент паверыў ва ўласную беспакаранасць і «немагчымасць» дзеянняў у адказ па ўласнай тэрыторыі. На поўным сур’ёзе разглядаюцца варыянты «прэвентыўных» і «апераджальных» ядзерных удараў, а таксама магчымасць «перамогі над ядзернай дзяржавай» або «адарвання» яе часткі (Калінінградскай вобласці). Адначасова распаўсюджваюцца «навукова-аналітычныя» даклады і ацэнкі ў частцы, якая датычыцца прагназавання наступстваў прымянення зброі масавага паражэння.
У амерыканскім выданні Newsweek у канцы 2024 года з’явілася публікацыя, у якой «змадэляваныя магчымыя наступствы ядзернага ўдару ЗША тэрмаядзернай авіябомбай В83 па Расіі, КНДР і Кітаі». Аўтары ацэньваюць плошчу паражэння боепрыпаса ў 4,1 квадратнага кіламетра і сцвярджаюць, што ва ўмеранай зоне паражэння будуць знішчаны будынкі і ўзнікнуць буйныя пажары, у лёгкай зоне паражэння будуць пашкоджаны вокны. Людзі, якія знаходзяцца недалёка ад эпіцэнтра выбуху, атрымаюць апёкі трэцяй ступені, у выніку якіх могуць стаць інвалідамі або пазбавіцца канечнасцяў. Канстатуецца, што «ў выніку атакі на Маскву не стане 1,4 мільёна чалавек, яшчэ 3,7 мільёна жыхароў сталіцы пацерпяць. У Пхеньяне не выжывуць 1,3 мільёна чалавек, 1,1 мільёна — атрымаюць раненні. У Пекіне — прагноз 1,5 і 3,3 мільёна чалавек адпаведна». Пры гэтым гаворка нават не вядзецца пра ўдар у адказ па тэрыторыі ЗША ці краіны-агрэсара. Так і хочацца задаць пытанне выдаўцу: «Для чаго гэта робіцца?»
У цяперашні час акрамя Францыі і Вялікабрытаніі, якія валодаюць уласнай ядзернай зброяй, на тэрыторыі Еўропы размешчаны згаданыя вышэй авіяцыйныя атамныя бомбы В83 розных мадэфікацый на шасці авіябазах у пяці краінах: у Германіі (Бюхель), Італіі (Авіяна і Гедзі), Бельгіі (Кляйне Брогель), Нідэрландах (Волкель) і Турцыі (Інджырлік). Іх ахову ў мірны час нясуць выключна амерыканскія вайскоўцы.
Не менш трывожным выглядае ваяўнічая рыторыка Дональда Трампа, які 1 жніўня 2025 года заявіў аб тым, што «ЗША гатовы да ядзернай вайны з Расіяй», а ў раёны патрулявання каля расійскіх берагоў выйшлі падводныя атамныя ракетанос-цы. Белы дом афіцыйна паведаміў, што 46-ы амерыканскі прэзідэнт, «адраджаючы смяротную місію ўзброеных сіл ЗША і праводзячы палітыку міру праз сілу», выканае «сваё абавязацельства па аднаўленні бяспекі ва ўсім свеце». На поўным сур’ёзе Ва-шынгтон вылучае ўльтыматум суверэнным дзяржавам, у тым ліку ў ваеннай сферы і «патрабуе» прытрымлівання правіл, абвяшчаных ім. Усё гэта да болю нагадвае кальку з заявы Г. Трумэна 1945 года, аднак зусім не ўлічвае сённяшнія рэаліі.
Больш за тое, газета The New York Post напярэдадні 80-годдзя атамных удараў па Хірасіме і Нагасакі апублікавала артыкул, у якім назвала ядзерныя бамбардзіроўкі ЗША «правільным рашэннем», якое выратавала мільёны жыццяў. На думку выдання, ядзерныя бомбы такім спосабам «адыгралі міратворчую ролю». Аўтары артыкула таксама сцвярджаюць, што ўдары паслужылі «добрай мэце», спыніўшы «непрацяглае савецкае ўварванне», якое «нібыта пацягнула сотні тысяч смерцяў японскіх грамадзян». Вось так перапісваецца гісторыя і ствараецца новая рэальнасць.
Вішанька ж на торце ў дэталях публікацыі: «Сёння, калі ў перспектыве верагоднасць канфлікту паміж вялікімі дзяржавамі ўзрастае, становіцца ўсё больш магчымым, што ядзерная зброя будзе выкарыстана зноў». Як вам такі фінал для артыкула? Ці не нагадвае рыторыку сярэдзіны 40-х гадоў ХХ стагоддзя?
«Патрэбен магутны маральны інстынкт»
Паводле адэкватных ацэнак навукоўцаў на аснове камп’ютарнага мадэляван-ня, ядзерная вайна з эквівалентам у 100 ядзерных выбухаў падобных на бамбардзіроўку Хірасімы, з высокай ступенню верагоднасці, прывядзе да дзясяткаў мільёнаў смерцяў з-за доўгатэрміновай змены клімату планеты (ядзерная зіма), без уліку прамых ахвяр. Гэты рукатворны Армагедон не абміне нікога. Дарэчы, сучасная бомба В83 у разы больш магутная за сваю папярэдніцу, якая сцёрла з твару зямлі японскі горад 80 гадоў назад.
Ніякім чынам не апраўдваючы ЗША, якія да гэтага часу не выказалі прабачэнняў Японіі, сёння можна сцвярджаць, што сутнасць сакральнай ахвяры Хірасімы і Нагасакі заключаецца ва ўсведамленні моцы і недапушчальнасці прымянення ядзернай зброі на планеце Зямля. Дзякуючы гэтай трагедыі ў 1945 годзе вядомымі навукоўцамі, уключаючы Роберта Опенгеймера і Альберта Эйнштэйна, быў заснаваны «Бюлетэнь навукоўцаў-атамшчыкаў», які распрацаваў у 1947 годзе Гадзіннік Суднага дня як сімвал надыходзячай катастрофы з-за рукатворных пагроз. Мінутная стрэлка мяняе становішча ў адказ на сусветныя падзеі, а становішча стрэлак «апоўначы» сімвалізуе поўнае знішчэнне планеты. Гадзіннік не закліканы прадказваць будучыню, а характарызуе бягучае становішча спраў: яго пераглядаюць раз на год у канцы студзеня. Сёння, у 2025 годзе ён паказвае 89 секунд да паўночы і гэта самае блізкае значэнне да «канца свету» за ўсю гісторыю ацэньвання.
Сучасны свет пачаў забываць аб жахах ядзернага апакаліпсісу, а зброя становіцца «дубінай запалохвання», якой асобныя палітыкі спрабуюць размахваць, не разумеючы згубнасці наступстваў. Разам з тым за восемдзесят гадоў ні адна дзяржава, якая валодае ядзернай зброяй, не стала аб’ектам ваеннай агрэсіі. Дзякуючы намаганням нашага Прэзідэнта і дапамозе саюзнай Расіі, Рэспубліка Беларусь у 2024 годзе стала краінай, на тэрыторыю якой такая зброя вярнулася (пасля вываду ў 1996-м).
У сувязі з гэтым прароцкімі з’яўляюцца словы маршала СССР Маліноўскага, міністра абароны СССР у 1957-1967 гг.: «Сучасную зброю вялізнай знішчальнай сілы нельга даверыць чалавеку, у якога ўсяго толькі ўмелыя, цвёрдыя рукі. Патрэбна цвярозая, здольная прадбачыць наступствы галава і здольнае адчуваць сэрца — гэта значыць, магутны маральны інстынкт». У сучаснай Беларусі такія людзі ёсць, а трагедыі Хірасімы і Нагасакі ніколі не павінны паўтарыцца, інакш — канец цывілізацыі, і гэта не метафара.
Завяршыць хацелася б цытатай 35-га прэзідэнта ЗША Д. Кенэдзі, у якога ў 60-я гады ХХ стагоддзя хапіла мудрасці не пачаць ядзерную вайну падчас Карыбскага крызісу: «Агульнае паміж намі ў тым, што ўсе мы — жыхары гэтай планеты. Усе мы дыхаем адным паветрам. Жывём дзеля будучыні нашых дзяцей. І ўсе мы смертныя... Альбо чалавецтва пакончыць з вайной, альбо вайна пакончыць з чалавецтвам». Магчыма менавіта пра гэта варта часцей нагадваць заходнім палітыкам, якія не хочуць рабіць высноў з урокаў гісторыі, а спрабуюць перапісваць яе старонкі на ўласны лад.
Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук прафесар