Адной — ганаруся, а іншыя — каб былі. Самая класічная — журфак БДУ. У перыяд, калі альма-матар была на піку формы. Што ні выкладчык — цікавая і адмысловая асоба. Яны былі носьбітамі не толькі эксклюзіўных ведаў, але ўвогуле той самай невычэрпнай жыццёвай філасофіі. Я нават меў асобны сшытак, у якім запісваў выказванні настаўнікаў журналістыкі. То было жывое Слова, журналістыка з душой.
Давялося ў свой час прычыніцца і да іншай журналістыкі — «журналістыкі фактаў» — на курсах, арганізаваных школай ВВС. Падчас навучальнага працэсу мы атрымлівалі заданні пра «аб’ектыўнае» асвятленне сацыяльных праблем. Факты, маўляў, і ніякіх высноў. Але чамусьці высновы ў тых матэрыялах у выніку патрабаваліся — выключна негатыўныя. Тады і прыйшло разуменне, што тая «журналістыка фактаў» — самая што ні ёсць прапагандысцкая. І яе моц не ў сіле слова, а ў псіхалагічных і лексічных сродках уздзеяння.
Крытыка заўжды цікавейшая за добрыя навіны. А ў медыя мы шукаем таго, чаго не хапае нам у рэальным жыцці. Чым складаней і горш у рэальнасці, тым больш хочацца пазітыўнай інфармацыі, а чым лепш і спакайней — тым большая прага негатыву. Варта задумацца, чаму ў нялёгкія 90-я мы «завісалі» на шматсерыйных меладрамах, часцей сустракаліся за небагатым сямейным сталом, а сёння запыт на жахі і крымінальныя навіны. Спакойна і нецікава стала ў рэальным жыцці?
Лексічным інструментарыем, нібыта палітрай фарбаў, можна намаляваць любы настрой. Эпітэт, параўнанне, нават адзін дзеяслоў — гэта эмацыянальна-псіхалагічная зброя, чалавека можна накіраваць да любой высновы. Вось яна — філасофія «журналістыкі фактаў».
За сваё свядомае прафесійнае жыццё я не раз назіраў яе ў дзеянні, у тым ліку і працуючы ў прэзідэнцкім пуле. Кожны раз — падчас інтэрв’ю Першага выхаванцам заходняй «аб’ектыўнай журналістыкі». Размова атрымліваецца адна, а ў эфіры альбо на старонках прэсы ў выніку — ну зусім іншае. Вось табе і эталонная журналістыка!
Да Лукашэнкі на інтэрв’ю — гэта ўжо традыцыя сусветных медыя. Ён асоба ў свеце вядомая. Адны ім захапляюцца, іншыя крытыкуюць, але ўсе слухаюць. Але справа не толькі ў рэйтынгах і праглядах. Лукашэнка не толькі адзін з хэдлайнераў сусветнага парадку, ён — актар геапалітыкі. І тыя ж сусветныя цэнтры сіл, якія з’яўляюцца бенефіцыярамі інфармацыйнай хмары супраць Беларусі, самі ж і прызнаюць палітычную самавітасць Лукашэнкі.
У самых розных цэнтрах прыняцця рашэнняў — поўнае расчараванне ў альтэрнатыўных лабірынтах для Беларусі і тых, хто імі кіраваў. Яны — ніхто. Першы, галоўны ў Беларусі — Лукашэнка. І тыя інтэрв’ю з заходнімі журналістамі і блогерамі — гэта якраз сігнал таго, што там гатовыя весці дыялог менавіта з Лукашэнкам.
Крэда Першага — размаўляць з усімі. І нават пасля чарговага «падпраўленага» ў выніку па заходніх лякалах інтэрв’ю мы адчыняем дзверы ідэалагічным сапернікам. Бо палітыка Лукашэнкі ідзе ад праўды, не дзеля піяру, мы кажам праўду. Бо менавіта пазіцыя Мінска мае рацыю. Таму і на старонках самага вядомага палітычнага выдання ў свеце TІME Першы з’явіўся дзеля міру — у суседняй краіне, блізкім для нас на Блізкім Усходзе дый ва ўсім свеце.
У самога выдання — амаль 30 млн чытачоў па ўсёй планеце, большасць з якіх жыхары ЗША. Таму гэта гутарка была выгадна ўсім удзельнікам сустрэчы. Наша мэта была адкрыць амерыканцам інфармацыйную «Амерыку». Сёння альтэрнатыўнае і нават рэзкае меркаванне ў дэфіцыце.
Сам той Шустэр, які браў інтэрв’ю, публіцыст, пісьменнік... І яшчэ вельмі тонкі псіхолаг, выдатнік школы «журналістыкі фактаў». Гэта было заўважна па наборы пытанняў і рэплік. Адразу стала зразумела, што мэта амерыканскага журналіста — справакаваць Лукашэнку (так і хочацца сказаць з’едліва: «Супакойцеся: там, дзе вы вучыліся, Лукашэнка выкладаў»). За дзве гадзіны інтэрв’ю Прэзідэнт адказаў на самыя складаныя пытанні сусветнага і ўнутранага парадку дня.
А што ж у выніку інтэрв’юер — публіцыст і пісьменнік? У сваёй публікацыі ў часопісе ён прывёў толькі некалькі фраз Першага. Некалькі! «Майстар слова», «аб’ектыўнай» журналістыкі... Ні альтэрнатывы, ні вострых момантаў, ні спрэчак, чаго хапала падчас запісу. Шустры Шустэр выканаў заказ куратараў. Ён намагаўся падвярстаць пад свой, напэўна, напісаны загадзя тэкст адказы Лукашэнкі. Не атрымалася правакацыя. І артыкул не атрымаўся. Інтэрв’ю — цікавае, артыкул — нікчэмны. Класічныя разважанні ліберала... І яны яшчэ разбіраюць нашу прапаганду?! Кантэнт пра гэта робяць. Высмейваюць. Плакаць трэба, калі так паводзяць сябе «заканадаўцы дэмакратычнай журналістыкі».
Яны ўмеюць усміхацца, ківаць галавой і... хлусіць. Гэта рыса толькі іх «аб’ектыўнай» журналістыкі ці ўсёй заходняй цывілізацыі? От, вядома, — эпоха постпраўды...
Мяне яшчэ турбуе вось якая акалічнасць. Кажуць, амерыканскае выданне TІME падаюць з ранішняй кавай многім палітыкам па ўсім свеце і тым, хто прымае рашэнні. Што ў іх інфармацыйным рацыёне — падумаць брыдка...
Яўген Пуставой