«Без цяжкасцей і з вялікімі заробкамі». Прычым усё і адразу. Кажуць, аб гэтым зараз не мараць, гэта зараз патрабуюць некаторыя маладыя. Так не бывае? Напэўна, не тыя казкі і прымаўкі яны чулі ў дзяцінстве.
Я добра памятаю сябе маладым. Як у калектыве ты адчуваў сябе навічком, як без слоў разумеў, што начное дзяжурства, выхадны дзень — на працы за табой. Ды і самому было цікава — нырнуць у прафесію з галавой... Пра тое ж арэнднае жыллё нават і рот на адкрываў — радаваўся проста, што працую ў камандзе, што зарплату атрымліваю. Разумеў, каб яна была большай, — трэба працаваць, развівацца.
Сёння маладых калег мы сустракаем як імяніннікаў, як герояў. І некаторыя думаюць: так і ёсць, не саромеюцца ні сваіх амбіцый, ні сваіх памылак, ні свайго няведання. Затое свае правы ведаюць лепш за ўсіх, за нас старэйшых. Лішняя хвіліна на працы — прычына незадаволенасці і нагода згадаць Працоўны кодэкс. І тут нават размова не пра адданасць ідэі, калектыву, краіне (час энтузіястаў, кажуць, незваротна мінуў). Тэма іншая, зусім прагматычная: каб зарабляць больш, трэба станавіцца лепшым спецыялістам. А як гэта зрабіць без жадання вучыцца і ўдасканальвацца?
А гарантаванае першае працоўнае месца — хіба не надзейная кропка апоры? Не, некаторыя ўпэўнены: я прыйшоў на адпрацоўку — таму я герой. Пачакай, герой. Не адразу гартавалася сталь. Калі незразумелая ідэя служэння — вось прагматычны і жалезны аргумент. Паважаны сябра, ты пакуль вяртаеш грошы, укладзеныя дзяржавай у твае веды. Немалыя грошы. І не толькі з кішэняў тваіх бацькоў. Таму кожны вывучаны на бюджэтнай аснове ўрач, міліцыянер, інжынер, журналіст павінен кожнаму працоўнаму беларусу. Таму вымушаны рабіць сваю справу ад душы, не ўмееш — старанна авалодвай прафесіяй. Гэта па-першае. Па-другое, першае працоўнае месца — гэта бонус сацыяльна арыентаванай эканомікі. Можа, дзяржаве пайсці на эксперымент і для вялікіх «нехачух» з дыпломамі за дзяржаўны кошт прапанаваць самім уладкоўвацца на працу, праз конкурсы, праз выпрабавальныя тэрміны, якія не факт што вытрымаеш. Грошы за навучанне канешне давядзецца вярнуць. А што — справядліва! Такія ж прагматычныя адносіны да фанабэрыстых выпускнікоў, як у іх да адказнасці перад дзяржавай.
Бо стан даросласці — гэта адказнасць. Замест пубертальнага «мне ўсе павінны», замест дзёрзкага «я сам ведаю», суровае і жыццёвае: «ты адказваеш». Але да той адказнасці яшчэ трэба дарасці...
І самае галоўнае, малады спецыяліст, — менавіта ад цябе залежыць будучыня краіны. У якіх абставінах будзе жыць твая сям’я, будуць гадавацца твае дзеці. Мірнае альбо хмурнае неба будзе над тваёй галавой з моднай прычоскай. Не ад непасрэднага начальніка, не ад «біг боса» з вышэйшага паверха, не ад міністра. Ад цябе! Можна памыляцца, не ведаць, але нельга быць абыякавым да справы. У свеце — цяжка. Як ніколі. Нам, нашай краіне, трэба заваёўваць і трымаць міжнародныя рынкі, нягледзячы на складанасці, якія нам падкідваюць санкцыйнымі пакетамі. Гэты чарговы віток турбулентнасці расставіць краіны па новых мясцінах. І гэта вызначыць развіццё кожнай з дзяржаў на дзесяцігоддзі наперад. А яшчэ зараз упершыню за гісторыю чалавецтва, кінуты антрапалагічны выклік. Чалавек, сям’я, дзяржава — апынуліся пад ударам. І час зараз нялёгкі. Як кажа моладзь, ад слова зусім.
Але гэта і час магчымасцяў, асабліва для маладых. Дзяржава робіць усё залежнае ад яе. І дзяржава на цябе спадзяецца і разлічвае. Твой выхад, моладзь, зрабі ёй крок насустрач.
Яўген ПУСТАВОЙ