Top.Mail.Ru
0

Цана міру

Аўтар: Яўген Пуставой
24.02.2026 | 16:42

Зала для ўручэння ўрачыстых узнагарод Палаца Незалежнасці ад багацця пагонаў нагадвае зорнае неба. Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл нашай дзяржавы — адно з галоўных свят краіны. Павага да мундзіра — адна з асноў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. А было ж такое, што мундзір з пагонамі паспрабавалі замызгаць дэвальвацыяй Перамогі, мужчынскага стрыжня, ператварыць усё гэта ў перажытак. І толькі нязломны мужчынскі характар Першага дазволіў захаваць сапраўдную Беларусь.


Але зноў ядзерная гонка, 45-я дывізія вермахта, даруйце, бундэсвера, каля нашых граніц. І гэта адбываецца напярэдадні 85-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. А самыя частыя навіны з заходніх краін — гэта або аб бунце фермераў, або аб чарговым адкрытым ваенным аб’екце каля граніц Беларусі. Навошта капіталісты укладваюць свае грошы у мілітарызацыю? Няўжо «замарожваюць» актывы ці інвестуюць? Толькі куды? Няўжо забыліся, што значыць капітуляваць? Гэту ганьбу яны перажылі неаднойчы — ад віцэ-магістра ордэна Андрэаса фон Вельвена да Гітлера. Коні Напалеона капыцілі ў нашых храмах, а генералы вермахта разглядалі Маскву праз біноклі. Але любая напышлівая кампанія на Усход завяршалася позіркам у тэкст капітуляцыі, нашым сцягам Перамогі над іх рэйхстагамі. Так было і так будзе. 

Менавіта пасля нашай Перамогі была створана сістэма светаўладкавання. Шмат краін атрымалі незалежнасць, каланіялізм атрымаў аплявуху. А калі ўвогуле паразважаць, то нацызм — радыкальная форма таго самага каланіялізму, а Гітлер — увасабленне і філасофіі, і паводзін заходняга парадку. Колькі там тэорый, навуковых абгрунтаванняў і нават эзатэрыкі! Але сэнс існавання ваеннай агрэсіі супраць нас зусім прымітыўны. Гвалт і рабаўніцтва, спроба нажывацца за кошт іншых. І пакуль Брытанія назапашвала, а Францыя «асвойвала» краіны Афрыкі і Азіі, немцы вырашылі далёка не плаваць, а менавіта ў Еўропе паўтарыць метады гаспадарання сваіх жа суседзяў. Такая нялюдская «прагматыка». 

А вось менавіта дзякуючы нашай Перамозе свет змог уздыхнуць ад гнёту заходніх дзяржаў. Пасля перамогі пад Сталінградам і вызвалення Беларусі быў адкрыты шлях на Берлін. Таму аснова мемарыялаў незалежнасці ў многіх краінах свету — у нас пад Смалявічамі — Курган Славы. 

У свеце разгортваецца самая жорсткая барацьба за ўладу і рэсурсы з часоў Другой сусветнай вайны. Пра гэта на жэнеўскім саміце, што праходзіць у гэтыя дні, заявіў вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк. А сама арганізацыя ААН — дэвальваваная. Хоць яе стваралі для планетарнай бяспекі. Стваралі мы, як безумоўныя пераможцы ў Другой сусветнай вайне. Мы стварылі, вызвалялі іх ад іх жа еўрапейскіх памылак, выратоўвалі, а яны ўсе загубілі. Час мінуў — сітуацыя тая ж. 

І гэта не проста гучныя словы — рэальнасць. Мы, беларусы, заўсёды выступаем за міжнародны дыялог, наша краіна — лідар па вылучэнні мірных ініцыятыў, але іх заглушаюць кананады лакальных канфліктаў і адкрытыя пагрозы па прымяненні сілы. Гарантыяй суверэнітэту служыць сёння менавіта сіла зброі. Інакш спачатку высмакчуць усе прамысловыя сокі, знішчаць прыродную прыгажосць, а потым наша еўрапейскае скрыжаванне пад гусеніцамі «абрамсаў» ператворыцца ў васальную бездараж, бо нічога са Сярэднявечча ці з сярэдзіны дваццатага стагоддзя не змянілася. «Дранг нахт Остэн» і цяпер гучыць. Ваенна-стратэгічнае паняцце «беларускі балкон» было, ёсць і будзе. А дактрына нажывы з-пад пяра Барбаросы і праз тысячагоддзе гучыць з вуснаў па сутнасці псеўдадыпламатаў, розных там барэляў, маўляў, яны там «сад», мы — «джунглі». Яны па-ранейшаму гатовыя ў сваё «пракрустава ложа» ўкласці ўвесь нармальны цывілізаваны і насамрэч дэмакратычны свет.

У такой сітуацыі разумеюць толькі сілу — наяўнасць яе. Беларусы — нацыя хлебаробаў, але мы з павагай адносімся да абаронцаў. Так, чалавек у пагонах бліжэй для беларусаў, чым карпаратыўны менеджэр. Яно і зразумела. Усю гісторыю нас зацягвалі ў пекла вайны. Мы — за плуг, а нам у рукі — меч. І грамадства заўжды з павагай ставіцца да людзей прысягі. Таму і кватэрнае пытанне, па словах Галоўнакамандуючага, у ваенных у найбліжэйшыя гады павінна быць вырашана. У грамадстве поўны кансэнсус па гэтым пытанні. Так па-беларуску, па справядлівасці. Тыя, хто абараняе родныя гнёзды, самі павінны быць з гняздом. 

І зусім сімвалічна, што падчас цырымоніі ў зале па правую руку Галоўнакамандуючага — і гэта не толькі па пратаколу — увесь цвет генералітэту краіны — кіраўнікі ўсіх ведамстваў сістэмы нацыянальнай бяспекі. Кожны на сваім месцы.

Здаецца, час мірны, але... Медалі «За адвагу» былі ўручаны сапёрам і з Міністэрства абароны, і з унутраных войскаў. Мікалай Юркін вылечвае нашу зямлю ад трацілавых сведкаў планетарнай бойні. Заўсёды ёсць месца подзвігу. А сапёры з унутраных войскаў абясшкодзілі нашпігаваны ўзрыўчаткай мікрааўтобус, які быў здольны падарваць паўвуліцы і сітуацыю ў суседняй Расіі, куды і рухаўся груз менавіта напярэдадні 80-гадовага юбілею Перамогі.

У сучасных умовах гібрыднага супрацьстаяння і проксі-войнаў важныя не толькі танкі, але і філігранная работа спецыяльных ведамстваў. Некаторых з узнагароджаных ордэнамі «За службу Радзіме» і медалямі «За адзнаку ў вайсковай службе» рэдка паказваюць па тэлевізары, а некаторых і ніколі не пакажуць. На пасту. Імгненнае раскрыццё разбойнага нападу на мінулым тыдні ў Смалявіцкім раёне паказала: звыклая для беларусаў бяспека — гэта не аксіёма, гэта вынік зладжанай работы сілавых ведамстваў. А любое злачынства будзе раскрытае. Гэта ўплывае і на настрой грамадства.

Уся сістэма бяспекі дзяржавы — ад фінансавай да вайсковай — пастаянна мадэрнізуецца і ўдасканальваецца. Ёсць магутнае ўзбраенне беларускай арміі, і галоўнае — моц духу, якую нельга вымераць ні ў трацілавым эквіваленце, ні ў хуткасных махах.

Самаадданасць служэнню Радзіме кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў у сваім віншавальным слове да людзей прысягі. Тыл будзе забяспечаны. А ў міралюбівай Беларусі заўсёды з разуменнем ставяцца да людзей у пагонах.

Прымета апошняга часу — татальная інспекцыя арміі і ўскладненне задач. Аб гэтым Галоўнакамадуючы гаварыў нават на пасяджэнні Саўміна. Адкрыта і выразна гучалі пасылы Першага нават у святочны дзень 23 лютага. Трэба быць гатовымі: асвойваць сваю ваенна-ўліковую спецыяльнасць, стральбу і быць падрыхтаваным фізічна. Канешне, высокатэхналагічная зброя — гэта добра. Але ўсё пачынаецца з асабістай фізічнай загартоўкі. Гэта аснова асабістай выжывальнасці і агульнай перамогі. Усё пачынаецца з афіцэра.

Сапраўды, пры ўсёй тэхналагічнасці сучасных канфліктаў і навязванні праз мяккую сілу чужых куміраў у нашых славянскіх шыротах Матросаў — не проста прозвішча. Сярод афіцэраў, удастоеных днямі генеральскага звання, якраз быў аднафамілец легендарнага героя Вялікай Айчыннай вайны. Хоць гэта не толькі пра аднаго чалавека, гэта пра ўсю гвардыю самаадданых людзей прысягі, спадкаемцаў пераможцаў, герояў сённяшняга дня — ва ўмовах адкрытага супрацьстаяння гэтыя сінонімы гучаць па-вайсковаму канкрэтна — абаронцы Айчыны. Гэта нават не прафесія, а самаадданасць людзям. Служэнне — гэта па сэнсе бліжэй усяго да місіі нашага Галоўнакамандуючага. 

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю