Top.Mail.Ru
0

Толькі наперад

Аўтар: Яўген Пуставой
01.10.2025 | 19:34

Беларусь — краіна з душой. Мы павіны захаваць гэты непаўторны «вайб» нашай дзяржавы. А каб захаваць саму краіну, варта няспынна працаваць над умацаваннем эканомікі. І мы гэта робім. Можа, без лішняга піяру, але ствараем новыя кампетэнцыі, назапашваем веды і не разбураем падмуркі створанага да нас. Такі класічны падыход да развіцця эканомікі, кажуць, старамодны, але дзейсны. Абышлося без сацыяльных эксперыментаў і грамадскага размежавання.


Канешне, аднолькавая таўшчыня кашалька ва ўсіх быць не можа. Мы розныя. Але задача дзяржавы, асабліва сацыяльна арыентаванай, — забяспечыць роўнасць грамадства. І гэтага можна дасягнуць толькі дзякуючы развіццю вялікіх дзяржаўных праектаў. Тады прамысловасць будзе лакаматывам для сацыяльнай сферы. Краіне патрэбны градаўтваральныя праекты.

Напрыклад, БелАЭС ажывіла цэлы так званы «мядзведжы кут» беларускага памежжа. Што і казаць, раней адтуль людзі імкнуліся ў Мінск — на працу, у Вільнюс — у кафэ. А цяпер не толькі са ўсёй нашай краіны, але і, без перабольшвання, са ўсяго свету спецыялісты імкнуцца ў Астравец. А сам горад перажывае сапраўдны рэнесанс. Атамка падцягвае і развіццё іншых сфер. Індустрыю адпачынку і паслуг таксама.

Танная энергія, асабліва для ацяплення, — падарунак усім беларусам. На электрычныя катлы пераходзяць нават у самых аддаленых вёсках. Націснуў на кнопку — цёпленька. А для прамысловасці якая дапамога! Свая энергія.

І гэтымі днямі зноў прыйшла добрая навіна: будзем надалей пашыраць магутнасці атамнай энергетыкі.

З Глабальнага атамнага кангрэса ў Маскве Прэзідэнт вярнуўся з важкім кейсам стратэгічных дамоўленасцяў. Сярод іх — на пяць гадоў па цэнах на энерганосьбіты. Другое, таксама не менш важнае, — канкрэтыка па будаўніцтве БелАЭС 2.0. Мы ў ядзерным клубе — гэта не проста імя ў геапалітыцы, гэта заклад энергетычнага суверэнітэту. Асабліва цяпер, калі ідзе перадзел свету і барацьба за даступнасць да сыравінных і тэхналагічных рэсурсаў.

Прэзідэнт гаворыць заўсёды аб першаснасці эканомікі. Але барацьба за доступ да рэсурсаў, сыравіны і рынкаў збыту — гэта ўжо геапалітыка. Нават калі мы не жадаем умешвацца ў глабальнае кіраванне, а, напрыклад, проста хочам прадаваць свае МАЗы ў Афрыку, нам прыходзіцца ўдзельнічаць і ў геапалітычных працэсах. Або ёсць іншы варыянт: сваю эканоміку і інтарэсы — на тормаз і проста падпяваць каму трэба. Такое сучаснае жыццё.

Удзел у глабальным кіраванні — цяпер гэта і ёсць заклад незалежнасці, як некалі жаданне мець свой кавалак зямлі. Спакойна ж вырошчваць жыта і бульбу, выпускаць сваю прадукцыю таксама не даюць. Таму гаворка і аб бяспецы. І вось, каб мець права на ўсё гэта, трэба было паспець стварыць літаральна за некалькі дзесяцігоддзяў адзіную краіну, да якой паважліва ставяцца самыя гучныя цэнтры сусветных сіл. Тыя, што на слыху. А яшчэ ж зусім нядаўна — усяго 30 гадоў таму — мы былі аскепкам разваленай вялікай краіны. Але пазл склаўся. Ці, больш дакладна, яго склалі пад кіраўніцтвам Першага.

Тое, што і Пекін выказвае жаданне шырокага і паглыбленага супрацоўніцтва, і Масква ахвотна дзеліцца з намі сваімі прамысловымі кампетэнцыямі альбо інвестыцыямі, — найважнейшыя моманты. У суседняй і самай блізкай Расіі ўпэўнены ў нашай гаспадарлівасці і геапалітычнай цвёрдасці. А маглі б па-іншаму размаўляць. Нас жа да гэтага вялі — тыя ж, хто прывёў украінцаў. Толькі вось кінуць у кацёл супрацьстаяння ёсць каму — ну, дроўцаў могуць падкінуць, — а да мірнага жыцця вярнуць не спяшаюцца. Разабрацца ў хітраспляценнях змог менавіта Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў пачатку шляху. Захаваць прамысловасць, кампетэнцыі і школы — таксама валявое рашэнне Першага.

І вось ён вынік: выстаўка «ІНАПРАМ. Беларусь» — сучаснае, прыгожае і тэхналагічнае аблічча нашай Радзімы. Яго ацанілі і кіраўнікі урадаў, якія прымалі ўдзел у інтэрграцыйных мерапрыемствах па лініі ЕАЭС і СНД. У адзін голас прэм’еры адзначылі прамысловую моц нашай краіны.

У вельмі няпростай геапалітычнай сітуацыі нават самыя заўзятыя ліберальныя крытыкі беларускай мадэлі развіцця пераканаліся, што рашэнне аб захаванні і развіцці кампетэнцый у прамысловасці — дзейсны шлях для суверэннай краіны. Цяпер гаворым пра развіццё новага тэхналагічнага ўкладу. Гатовы і да гэтага. Так, прамысловаму твару краіны патрэбны далейшы «мэйкап». Але калі ёсць аснова, то ўсё атрымаецца. Рухаемся далей — толькі наперад! І, вядома ж, прыгажосць зыходзіць з глыбіні душы, якую мы таксама збераглі ў Беларусі.

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю