Чагосьці не хапае? Хіба сапраўднасці. Жаночую прыгажосць замяняюць ботэксам, адносіны паміж людзьмі — парадамі ад «трэнераў асабістага росту». І песні таксама гучаць, але чамусьці душа рэдка ад іх расхінаецца. І вось у калядныя дні здарыўся цуд: зіма стала сапраўднай, як мае быць. І мы нібыта абудзіліся. І ў душы, і ва ўсіх сацсетках загучала наша «Завіруха».
І, здаецца, час заходняга «постмадэрнізму» скончыўся. Мы вярнуліся да сапраўднасці: да звычайнай зімы на беларускіх вуліцах, да каштоўнасці сапраўдных прафесій і сапраўдных спраў. А яшчэ сапраўдных учынкаў. Да людскасці — ёсць такое вельмі трапнае беларускае слоўца. Мы згадалі, што беларусы ўмеюць адзін аднаму дапамагаць, а наша дзяржава зноў даказала сваю самавітасць. Умела рэагуючы на завеі — як уласна кліматычныя, так і геапалітычныя. Дарэчы, выкажу здагадку: можа, атмасфера ў грамадстве ўплывае на рэальнае надвор’е — чым менш фальшу ў нас, тым больш традыцыйны клімат?
«Незразумеласці» ў клімаце скончаны. Бывай, мяккая і ўтульная «еўразіма». Многіх яна разняволіла і нават разбэсціла. Як і сама ідэя еўрапейскага камфорту, а насамрэч — звычайная золь. Хлопчыкі ў штанах-дудачках і разгул інфекцый. А моцны марозік і валёнкі — хіба не камільфо? Мы ўжо так прызвычаіліся да прагнозу «каля нуля». І калі раней звычайным зімовым снегападам прысвячалі песні, рамантычныя кампазіцыі, то цяпер прысвойваюць імёны ўласныя і чырвоныя ўзроўні небяспекі. Але нарэшце прачнулася сапраўднае, напяваючы «Кабы не было зимы», «Такого снегопада» ці беларускамоўны хіт «Завіруха». Эх, як людзі яшчэ зусім нядаўна тонка адчувалі, як размашыста жылі! Зноў прачнулася ў нас гэта наша спрадвечнае ўсходнеславянскае і — у бой са снежнай стыхіяй (якая яшчэ нядаўна лічылася звычайным сапраўдным зімовым надвор’ем).
Дамавыя чаты ператварыліся ў інструкцыі да дзеяння. Лапаты ў рукі — і за справу. Вось гэта талака! Снежная талака, якая зрабіла нас адзінымі і цяплейшымі ў адносінах адзін да аднаго. Дзяржслужачыя ўсіх узроўняў, дэпутацкі корпус — усе закасалі рукавы: партфелі ўбок, лапаты ў рукі. Ну малайцы ж!
Вось менавіта так і павінны мы рабіць пры любым калектыўным выкліку. Прэзідэнт сказаў пра гэта на штогадовай цырымоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне». «Будзем разам, будзем давяраць адзін аднаму, будзем выконваць — кожны на сваім месцы — тое, што павінны зрабіць, значыць, будзе ўсё нармальна», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
А потым узяў лапату — і за справу. Як сам сказаў: замест абеду — фітнес-працэдуры на зімовым свежым марозным паветры. Тут табе размінка не толькі для мускулатуры, але і для лёгкіх. Уся краіна пайшла за Першым. І «творчыя справаздачы» — у сацсеткі. Нібыта сапраўднае спаборніцтва. І ва ўдзельнікаў такога «флэшмобу» быў бачны фінал.
Але шмат каму не да сацсетак. Дворнікі, міліцыянеры, дарожнікі, вадзіцелі грамадскага транспарту, ваенныя і супрацоўнікі МНС — усе як адзін на снежным фронце. Цяпер час сапраўдных прафесій. Выбачайце, без барбершопера можна абысціся, а без кіроўцы грэйдара — ох, не!
Усім супрацоўнікам «камунальнай арміі»: ад «камандзіраў» да «радавых» — нізкі паклон! Гэтымі марознымі днямі да цеплыні ў сэрцы прыемна за нашу краіну. Мы, вядома, малайцы: арганізаваліся! Але без зладжанай працы ўсёй сістэмы ўлады, у тым ліку і лапатамі, са стыхіяй проста не справіліся б. Вось менавіта ў такіх сітуацыях і правяраецца трываласць вертыкалі. Першы падняў па трывозе ўсіх. Усе і кожны на сваім месцы — разам.
Уменне правільна размеркаваць рэсурсы — гэта пра мастацтва кіравання. Электрыкі і кіроўцы аўтакрам, хуткай дапамогі, грэйдараў, урачы, прадаўцы, сацыяльныя работнікі — вы людзі сапраўдных прафесій. Дарогі расчышчаны нават у глушы Белавежскай пушчы. Свежы хлеб і мандарыны да Каляд Белкаапсаюз даставіў бабулям у самыя аддаленыя вёсачкі.
Дзесьці буксавалі, але ехалі нашы родненькія аўтобусыМАЗы, расчышчалі дарогі грузавікі. Вось гэта праверка на трываласць нашага аўтапрама! Вытрымалі. Запас трываласці прадэманстравалі беларусы. Людзі і трактары. У Еўропе заўсёдны снежна-транспартны калапс. А ў нас усе віды транспарту ў страі. Нават самалёты лятаюць.
Сілавікі паказалі сваю сілу. Бэтээры і пажарныя машыны буксіравалі аўтобусы, супрацоўнікі ДАІ — сагравалі гарбатай вадзіцеляў, якія забуксавалі на трасе. «Тэлефануйце, мы дапаможам», — усе міліцэйскія сеткі былі напоўнены гэтымі паведамленнямі. Як гэта нехта і некалі там казаў — «міліцыя з народам»? Правільна. Міліцыя з беларускім народам!!!
Ні пагранічнікі, ні вайскоўцы, ні ратавальнікі — ніхто не застаўся ўбаку. Дарэчы, у прадстаўнікоў гэтых прафесій ёсць яшчэ асноўная нагрузка. І ў маразы, у завіруху бяспеку забяспечваюць нашы надзейныя хлопцы ў форме: пагранічнікі, АМАП, патрульныя, супрацоўнікі ДАІ. А пасля асноўнай справы яшчэ з лапатамі папрыходзілі чысціць ад снегу прыпынкі грамадскага транспарту, двары дзіцячых садкоў, пансіянатаў для людзей сталага ўзросту.
Мы разам здольныя расчысціць любыя завалы і вытрымаць любыя завірухі. І гэтыя калядныя дні паказалі, што над Беларуссю не згасне Віфлеемская зорка. Мы ўмеем шчыра дапамагаць — гэта так па-сапраўднаму. Сапраўдная зіма — час сапраўдных людзей. Мы ж не столькі прыпынкі і тратуары расчышчалі, колькі свае сэрцы. У душах насамрэч утульна і чыста. І гучыць зразумелая наша «Завіруха».
Яўген ПУСТАВОЙ