...Днямі споўнілася сорак дзён, як пакінуў гэты свет Пётр Іосіфавіч Навумчык, былы стараста вёскі Буса ў Іванаўскім раёне. Пра трагедыю шматпакутнай Бусы ўпершыню загаварылі ў нашай краіне ў 1997 годзе, калі з дакументаў быў зняты грыф «Сакрэтна». У нашай газеце неаднойчы расказвалася пра падзеі таго фатальнага дня — 11 лістапада 1957 года.
Нагадаю коратка: у вёску прывезлі кіно, што было святам у той час асабліва для моладзі, дзяцей. У школьны пакой, які мог умясціць чалавек 50–60, набілася добрая сотня гледачоў. Пайшлі першыя кадры, плёнка абарвалася, кінамеханік папрасіў падсвяціць яму лямпай. Ніхто і падумаць не мог, што лямпу па нечай нядбайнасці заправілі бензінам. Адным словам, нехта некага падштурхнуў, газоўка зляцела з кручка, разбілася, кінаплёнка ўспыхнула як порах. Узнікла паніка, таўкатня. Ад пажару загінулі 65 чалавек, 50 з якіх былі маладзейшыя за 20 гадоў. Юнацтва і надзея вёскі за лічаныя хвіліны пайшлі ў вечнасць па недарэчнай выпадковасці.
Пеця Навумчык вельмі хацеў у кіно, у апошні момант маці паслала яго з тэрміновым даручэннем да цёткі ў суседнюю вёску. У тым агні загінулі яго бацька і сястра. І ў 12 гадоў ён стаў галавой сям’і, асноўнай рабочай сілай у доме. У школу нават не пайшоў больш, экзамены за сямігодку здаваў экстэрнам. Не да навукі было... Шмат працаваў. Вырас, стварыў сям’ю з аднавяскоўкай Ганнай, выгадавалі дзвюх дачок, дачакаліся ўнукаў, праўнукаў.
Але памяць пра трагедыю ніколі не давала яму спакойна жыць. Помнік з цэглы паставілі на пажарышчы яшчэ ў 1958 годзе. Яго ўзвялі і даглядалі самі вяскоўцы. З часам той сціплы абеліск стаў разбурацца, патрабаваўся новы. І вось у 1990-х гадах, калі Пятра Навумчыка выбралі старастам вёскі, ён пачаў стукацца ва ўсе дзверы, хадзіў па інстанцыях, звяртаўся да дзелавых людзей і быў пачуты. У 2002 годзе новы помнік вырабілі і паставілі замест старога. На гранітнай пліце нанеслі імёны ўсіх, хто загінуў на пажары. З той пары да помніка 11 лістапада прыходзяць людзі, запальваюць свечкі.
Справу добраўпарадкавання тэрыторыі вакол помніка ўзяў на сябе райвыканкам. «І вось аднойчы засталося трохі грошай, выдзеленых на агароджу, — расказваў Пётр Іосіфавіч. — У мяне ўзнікла думка пусціць іх на іншы помнік — землякам-франтавікам. З нашай вёскі 65 мужчын пайшлі на вайну, з іх 30 не вярнуліся. А такога месца, дзе можна згадаць франтавікоў, у нас не было. За тыя грошы найперш мы замовілі пліту, на якой увекавечылі імёны ўсіх франтавікоў. Першы спіс назвалі «Яны загінулі за Радзіму», другі — «Яны змагаліся за Радзіму».
Калі будавалі дарогу, Навумчык прыгледзеў валун, па просьбе старасты дарожнікі яго пакінулі ў вёсцы. Валун дачакаўся свайго часу, на яго і прымацавалі пліту. Грошы таксама ахвяравалі сем’і тых, чые імёны ўвекавечылі. А з тыльнага боку прымацавалі таблічку, якая згадвае, што ў 1944 годзе акупанты спалілі вёску. Праўда, людзі тады паспелі ўцячы ў лес, а вось хаты ніводнай не засталося. Жылі ў зямлянках, пакуль не адбудаваліся. Гэты надпіс таксама служыць напамінам пра трагічную старонку гісторыі Бусы... З тэхнікай і матэрыяламі дапамагло кіраўніцтва «Моладава-Агра». Можна сказаць, што зрабілі помнік талакой, але галоўнай рабочай сілай тады былі сам Пётр Навумчык ды яго зяці.
Потым чарга дайшла да помніка невядомым партызанам, які стаяў на могілках. Помнік быў драўляны, з часам ён канчаткова разбурыўся, стлеў. Нехта падпёр яго старымі крыжамі. З пліткай, матэрыяламі, як заўсёды, дапамагло сельгаспрадпрыемства. І зноў рукі прыклалі сам стараста, яго сваякі, суседзі. З цэменту зрабілі невялікі пастамент, паставілі помнік з надпісам «Невядомым партызанам». Пасля гэтага пакідаць яшчэ адзін помнік невядомаму воіну зусім не выпадала. Дзейнічалі па той жа схеме. Сабралі матэрыялы, замовілі таблічку, паставілі помнік «Невядомаму салдату». Дарэчы, на ўстаноўцы апошніх помнікаў працавалі ўжо не толькі яго зяці, але і мужы ўнучак. Бо памяць з падачы галавы сям’і стала сямейнай справай Навумчыкаў.
Калі я апошні раз сустракалася з Пятром Іосіфавічам у 2022 годзе, ён паказваў мне свае вершы, краязнаўчыя нататкі, гаварыў, што жыццё склалася б па-іншаму, каб тады не загінуў яго бацька. Напрыклад, ён абавязкова атрымаў бы адукацыю. У апошнім няма падставы сумнявацца, як і канстатаваць: сваё жыццё Пётр Навумчык пражыў годна. І пакінуў пасля сябе светлы след: помнікі землякам, каля якіх абавязкова будуць збірацца людзі і абавязкова згадаюць яго — рупліўца, працаўніка — добрым словам.