Top.Mail.Ru
0

Развагі пасля паездкі Першага ў Першы рэгіён

Аўтар: Яўген Пуставой
05.08.2026 | 13:39

Імчым у Мінск. Вакол збожжавыя прасторы паміж Брэсцкай і Мінскай абласцямі, што, нібы крылы бусла, раскінуліся паабапал галоўнай магістралі краіны. Е30/М1 звязвае Маскву з Берлінам, расійскі Омск з нямецкім Коркам. Можна сказаць, галоўная дарога Еўразіі.



Пралягае праз Беларусь — бясспрэчны цэнтр кантынента. І па тым, што адбываецца на гэтай трасе, можна ацаніць і геапалітыку, і ўнутраны стан дзяржавы. Пакуль снуюць караваны грузавікоў — эканамічная прагматыка бярэ верх над палітычнай фанабэрыстасцю Захаду. А быў час, калі на «алімпійцы» гаспадарыў крымінал, пакуль беларускі народ не прывёў да ўлады сапраўднага гаспадара — Бацьку. І зараз паабапал гэтай трасы — шэрагі камбайнаў, навыперадкі з імі лётаюць буслы, нібы аберагаючы гэтую залацістую карцінку беларускага дабрабыту. Але на тых жа палях запраста маглі б быць і танкі, калі б не было сапраўднага гаспадара на зямлі і ў краіне. 

Жніво — гэта час інтэнсіўных паездак кіраўніка дзяржавы ў палі, а значыць, у рэгіёны. У Лукашэнкі не кабінетны стыль кіравання. А з’яўленне Прэзідэнта задае тэмп жніву. У гэтым годзе першым рэгіёнам ва ўборачным турнэ Першага стаў Першы рэгіён. Ёмкія даклады губернатара і профільнага міністра. Будзем з хлебам. На ўзроўні перадавога мінулага года, які зараз — база для паказчыкаў у АПК — жалезна. А ўсё пачынаецца з дысцыпліны: кадравай і вытворчай.

Дарэчы, сярод галін ёсць нейкая рэўнасць. Каму больш увагі ўдзяляе Прэзідэнт. Так, Лукашэнка пры ўсім сваім бэкграўндзе міжнароднага лідара не адрываецца ад роднай зямлі. Гэта ў сэрцы. Але ў прэзідэнцкай павестцы ўсё расстаўлена дакладна. Вось і гэтая двухдзённая камандзіроўка ў Брэсцкую вобласць пачалася з інспекцыі прамысловага патэнцыялу. Тым больш і ад назначэння «генерала ад прамысловасці» Пятра Пархомчыка на пасаду губернатара Брэсцкай вобласці Прэзідэнт чакае росквіту ад індустрыяльнага сектара рэгіёна.

Слава брэсцкага лямпавага завода згасла ў постсавецкі перыяд. А неўзабаве лямпачка Ільіча сыходзіць у музейнае мінулае. Але кіраўніку дзяржавы да ўсяго ёсць справа — і нават да вытворчасці ў 200 чалавек. Зараз брэсцкая лямпачка ў складзе сталічнага холдзінга «Гарызонт». Працай людзей могуць заняць. Але маяком развіцця павінна стаць вытворчасць запатрабаванай прадукцыі. Святлодыёдаў.

Першы прайшоўся па цэхах. Мадэрнізацыя пачалася, але патрабуецца паскарэнне. Тавар запатрабаваны заўсёды ўнутры краіны, нядрэнны попыт на замежных рынка. А штогадовы попыт Саюзнай дзяржавы — каля 350 млн святлодыёдных лямпаў розных мадэляў і прызначэння. Зялёнае святло святлодыёду не толькі ж з-за еўрапейскага трэнду на зялёную эканоміку. 

Прэзідэнт агучыў тры галоўныя тэзісы. Першы — барацьба з кантрафактам. У Беларусі, дзе ёсць знак якасці, спажывец з-за нядобрасумленнага імпарту па-ранейшаму сутыкаецца з кантрафактам. Абяцанні на ўпакоўцы — а змесціва не адпавядае. Рашэнне Першага — тавар не адпавядае заяўленаму — пад забарону: нягледзячы на краіну і брэнд пастаўкі. 

Другі момант — лакалізацыя вытворчасці. Бо часта на імпартныя камплектуючыя не заўсёды можна разлічваць. А ўлічваючы магчымасці прамысловасці і нацыянальны інтэлект — нам даступна многае. І галоўная выснова: у брэсцкага лямпавага — самыя яркія моманты яшчэ наперадзе, але трэба варушыцца. Дзяржава гатова дапамагчы з даступнымі крэдытнымі рэсурсамі. Была б стратэгія.

Адзін з галоўны пасылаў камандзіроўкі Першага ў Брэсцкую вобласць: нам патрэбны не безаблічныя ідэі, а канкрэтны падыход. Лямпавы завод — павінен стаць адным з пунктаў развіцця прыгранічнага горада, а сыраробная вытворчасць «Савушкіна прадукту» ў Бярозе ўжо такой стала. Вытворчая база цягне за сабой сыравінную. Нават мехдвор далучанай гаспадаркі нагадвае ўзлётную пляцоўку. Ідэальна.

Бяроза — гэта ўзорны райцэнтр. І гэта не проста прыгожая вітрына. Аснова паспяховай карцінкі — моцная вытворчая база. Сярод флагманаў рэгіёна — найбуйнейшая сыраробная вытворчасць у краіне, а па некаторых разліках і ў СНД. Паспяховыя паказчыкі гэтага бізнесу для Прэзідэнта звыклыя. Справа — у справядлівасці. Пераапрацоўчае прадпрыемства павінна мець свае сыравінныя гаспадаркі і дапамагаць іх развіццю. Аграрыяў нельга крыўдзіць. Ідэалогія простая. Каб сабраць вяршкі — маржу, трэба вырабіць малако. Прадпрыемства прыватнае. Але паводзіць сябе па-дзяржаўнаму. Менавіта такому бізнесу і дадзены зялёны колер у Беларусі. Бізнесу з павышанымі сацыяльнымі абавязкамі.

Скразной тэмай візіту Першага на прадпрыемства стала сацыяльная справядлівасць і эканамічная мэтазгоднасць паспяховага бізнесу. Гэта гаспадарка «Савушкін-Прамень». Па назве можна зразумець і гісторыю гаспадаркі. «Прамень» быў далучаны да «Савушкіна». Пасля гэтага сыравінная гаспадарка заззяла.

На палях багаты ўраджай, а значыць мора саломы. Яе трэба аператыўна прыбраць, а зямлю падрыхтаваць да наступнай сяўбы. Зерне паспяховых паказчыкаў залежыць ад наяўнасці патрэбнай тэхнікі. Прадукцыйнай — што вельмі важна ва ўмовах дэфіцыту кадраў. Дапаможа прэс-падборшчык, ужо з гордым надпісам: «Зроблена ў Беларусі». Даручэнне Першага выканана.

Для агляду і палявых выпрабаванняў цэлая лінейка прэс-падборшчыкаў. Ізноў відавочныя патрабаванні: лакалізацыя, якасць і сумленнасць. А яшчэ патрэбен распыляльнік для занясення даламітавай мукі. Трэба змагацца з кіслымі глебамі, каб павышаць ураджаі. Попыт на наша харчаванне — па ўсім свеце. Наша — па-за канкурэнцыяй. Толькі на экспарце «малочкі» ў мінулым годзе зарабілі 4 млрд долараў. Такую прывабную карціну ствараюць малочныя флагманы. Вось ён — рэцэпт паспяховага бізнесу з правільным падыходам у межах сацыяльна арыентаванай беларускай мадэлі развіцця. Не крыўдзіць людзей. Тых, што сумленна працуюць: кожны на сваім месцы. 

Тут паказчыкі поспеху настолькі добрыя, што Першы ўпершыню адышоў ад традыцыі ўручэння дзяржузнагарод і замест Палаца Незалежнасці прывёз іх проста ў цэх. Атрымалася сапраўдная народная цырымонія. 

Прэзідэнт таксама не з пустымі рукамі вярнуўся ў Мінск. Бронзавая карова вагой 550 кілаграмаў прапішацца на тэрыторыі Палаца Незалежнасці. Помнік карміліцы. Калі ставіцца да яе з павагай і клопатам — будзеш як сыр у масле. Простая і правераная часам спрадвечная філасофія. Першы як ніхто яе разумее, таму заўсёды так эмацыянальна і жорстка гаворыць пра падзеж жывёлы, якога ў сучасных гаспадарках увогуле быць не павінна. Карацей — дысцыпліна ў аснове ўсяго — працоўная і тэхналагічная. 

З яе, з адказных адносін да справы, якую робіш, і пачынаюцца і новыя хлебныя вышыні гэтага года, і яркае ззянне гарызонтаў беларускага поспеху. Гарызонты нашага развіцця — на збожжавых прасторах, па якіх навыперадкі з бусламі рухаюцца шэрагі камбайнаў. 

Яўген ПУСТАВОЙ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю