Аграрыі ўбіраюць хлеб. Нават уначы. Вось гэта і ёсць маяк нашага развіцця. Гармонія беларускага свету, дабрабыту, ладу — у размераным выкананні намечанага. Своечасова робіцца тое, што трэба, спакойна, з толкам, з расстаноўкай укараняем новыя ідэі.
Дарога ў абдымках лесу выводзіць у рэспектабельны і буйны райцэнтр Міншчыны. Мікрараёны створаны ў гады развітога сацыялізму, а партыйным органам хапіла розуму ці не хапіла запалу — не разбураны храмы: вельмі рэдкі праваслаўны XIX стагоддзя ў гонар Марыі Егіпецкай і каталіцкі ў неараманскім стылі з рысамі неаготыкі пачатку XX стагоддзя. Абодва сакральныя збудаванні спаборнічаюць паміж сабой хіба толькі ў тым, чыя гісторыя цікавейшая, а так — мірна перазвоньваюцца па нядзелях.
І вось яно, Вілейскае вадасховішча — самае буйное ў краіне (і не мялее, як мялеюць вялізныя еўрапейскія рэкі з-за паўсюднай засухі, якая ў чымсьці адлюстроўвае сённяшні стан заходняй цывілізацыі). У паўнаводным вадасховішчы пад Вілейкай і сёння не патанула легенда аб прыгожым каханні і лебядзінай вернасці Сцяпана і Віліі.
Дарэчы, і сёння тут поўна любячых сем’яў. А сужэнцы Філістовічы сімвалізуюць і вышыні самаахвяравання, і глыбінныя сэнсы нашага нацыянальнага коду — у сям’і адзінаццаць дзяцей і дваццаць гектараў зямлі. І яны ўдзячныя — Бацьку. Прыйшлі на сустрэчу з Прэзідэнтам сказаць яму аб гэтым. Нязмушаная, шчырая гутарка Першага з людзьмі стала апагеем яго рабочай паездкі ў Вілейскі край. Зносіны з людзьмі — найлепшая карцінка электаральнай падтрымкі. А пачуццё грамадскай кансалідацыі — найлепшы варыянт дэмакратыі.
Прэзідэнт і з людзьмі на плошчы, і з чыноўнікамі шчыра і з веданнем справы гаварыў пра тое, што хвалюе. Самая аператыўная праблема — стан паўночных земляў. Праблема ў тым, што інвазійныя расліны псуюць карцінку — прышлы, заморскі, імпартны сумнік нахабна захоплівае нашы землі, калі іх нейкі час не апрацоўваць. Праўда, гэтыя палі перааруць, вернуць у севаабарот. Сумнявацца ў гэтым не варта — Першы ўзяў на кантроль.
Гэта пра звычайныя палі. Але ж на ментальным полі, калі яго не даглядаць, чужыя наратывы паводзяць сябе гэтаксама — па-захопніцку. А ці зможам мы разрыхліць глебу сэрцаў і розумаў нашага грамадства, каб выкарчаваць інвазійныя ідэі чужых мадэляў развіцця? І хто гэта зробіць? Аб дакладнай ідэалагічнай сістэме, якая была ў савецкія часы і якую мы страцілі, Прэзідэнт гаворыць амаль у кожнай паездцы і на нарадах. Так, у Беларусі мы ўсё ж такі пайшлі супраць мэйнстрыму, часам сціпла, часам саромеючыся еўрапейскіх «дарадцаў», прагрэсіўных замежных экспертаў, ды і сваіх укормленых на беларускіх харчах лібералаў — усё ж не выкраслілі са свядомасці грамадства паняцце «ідэалогіі».
Трэба нанова да чагосьці прыйсці, падрыхтаваць базіс — такой стратэгічнай задачай зараз занепакоены Лукашэнка. Ён жа разумее: беларуская мадэль развіцця — унікальная і па напаўняльнасці, і па часе стварэння — трымаецца ў асноўным на плячах яго, Першага. А што будзе пры другім, трэцім? Усе, каму неабыякавы лёс Беларусі, разумеюць: патрэбная сістэма не толькі персаніфікаваная, але кансалідаваная, зрошчаная з нашым грамадствам, нашымі каштоўнасцямі, светаразвіццём. У кожнай рэгіянальнай паездцы гэта становіцца адной з галоўных тэм Прэзідэнта. Як дасведчаны рытар і кіраўнік, ён вывучае рэакцыю, рыхтуе глебу. Усё бачыць і без бінокля, які падарылі яму на «Зеніце».
Актуальная тэма рэгіянальных паездак — развіццё мясцовых прадпрыемстваў, якія маюць уплыў і на развіццё населеных пунктаў. Для Вілейкі гэта «Зеніт». Важна, што па патрабаванні Прэзідэнта на світанку незалежнасці не прагледзелі развіццё сваёй аптычнай школы. Ёсць заказы і работа, вялікі экспарт. Кампетэнцыі былі захаваны па ўласнай ініцыятыве Першага. Цяпер холдынг «БелОМА», у склад якога ўваходзіць «Зеніт», на слыху ў спецыялістаў па ўсім свеце. Але маглі б яго проста прадаць, прыватызаваць, пазбавіцца ад складаных актываў. Але наш Прэзідэнт — народны чалавек і дзяржаўнік, таму ён задаваў маркетолагам і заходнікам, якія прапаноўвалі гэта зрабіць, іншыя пытанні. А як жа тэхналагічны суверэнітэт, навуковыя школы і людзі? А як жа інтарэсы Радзімы і народа?
Падыход Першага да гандлю ў вёсцы мае такую ж філасофію. У горадзе праблем няма. А вось на вёсцы... Праблема часам — нават якасць хлеба і яго даступнасць. Выслухаўшы ўсіх: прыватных фермераў, Белкаапсаюз і нават муніцыпальныя гандлёвыя арганізацыі, Першы зрабіў галоўную выснову.
Беларусь — краіна хлебаробаў, а не спекулянтаў. І гарант таго, што яна менавіта такая, — Лукашэнка, які заўсёды служыць народу, а не капіталу. Ёсць сумленне. А ёсць мэтазгоднасць. Мэтазгоднасць — гэта рыначны падыход. І тады, кіруючыся толькі ім, у вёску, дзе жыве некалькі чалавек, не павязе тавары ніхто. Але мы — краіна сумлення. Прынамсі, пры Лукашэнку. Так, сістэма спажывецкай кааперацыі грувасткая, няма адзінага закупачнага цэнтра, пануе структурны сепаратызм. Але мы спрабуем стварыць краіну роўных магчымасцяў, незалежна ад таго, дзе чалавек жыве.
А вёска — гэта сутнасць краіны. Душа Беларусі.
Своеасаблівы парадокс: чым лепш мы жывём, тым больш імпартных тавараў купляем. А як наконт сваіх, дзякуючы якім развіваецца эканоміка? З другога боку, мы экспартуем складаную прадукцыю, такую, як камбайны, але купляем усялякія спажывецкія тавары. У нас ёсць свае карані. Фінансава-эканамічныя паказчыкі дазваляюць нам забяспечваць спажыўцоў прымальнымі крэдытнымі рэсурсамі. Але ні ідэальная стаўка ў чатыры працэнты, ні піяр-кампанія «Кожную пятніцу — роднае, сваё» пакуль не далі чаканых вынікаў. Пэўна, справа ў тым, што не навучыліся яшчэ роднае, сваё любіць. Не разумеем яго каштоўнасць. Як прыклад — вясковыя хаты. Расіяне ахвотна іх купляюць («ізбінг» становіцца модным словам), а мы ўсё разварушваемся. Пасля будзе позна, папярэджвае Бацька, заклікаючы ўсіх мець месца, дзе дзеці могуць пабегаць басанож па траве. А Бацьку, як гавораць народныя мудрасць і досвед, трэба слухаць.
На плошчы каля райвыканкама Аляксандра Лукашэнку чакаў вялікі натоўп. Наш Прэзідэнт ніколі не праходзіў міма людзей. І ўжо зусім нерэальна для «развітых дэмакратый» — каб зрабіць сэлфі з нашым кіраўніком дзяржавы, выстраілася цэлая чарга. Звычайныя людзі ў звычайным райцэнтры змаглі сфатаграфавацца з Прэзідэнтам. Ніякія паліттэхнолагі не сфарміруюць такі вайб вакол палітыка. Гэта асабістая харызма і народнасць Лукашэнкі з першых дзён яго прэзідэнцтва.
У сацсетках, калі жыхары Вілейкі пачалі выкладваць фота з Першым, нават засумняваліся: а ці не штучны інтэлект гэта? Не. Рэальнасць. І наш Прэзідэнт — самы што ні ёсць сапраўдны. Той самы, што стараецца дзеля людзей, якія ў 40-градусную спякоту ўбіраюць хлеб. І дзеля пенсіянераў, якія паднімалі нашу краіну і без кандыцыянераў таксама ў спякоту ўбіралі хлеб. Адвечны кругазварот, як паўнаводны паток у тым самым буйным вадасховішчы нашай краіны. Кругазварот развіцця.
Яўген ПУСТАВОЙ