Звычайная тэлефонная размова прэзідэнтаў — так, кантакты Першага з сусветнымі лідарамі — не навіна. Набраць Пуціна ці Сі далёка не кожны кіраўнік дзяржавы можа сабе дазволіць — ну, мы да гэтага адносімся звыкла... А тут — іншае. Лукашэнку Трамп патэлефанаваў менавіта перад перагаворамі з расійскім Прэзідэнтам. Гэту сустрэчу назвалі гістарычным самітам, і напярэдадні яго Трамп тэлефануе ў Мінск. Гэта больш чым сімвалічна.
«Наша размова была вельмі добрая. Мы абмеркавалі шмат тэм, у тым ліку візіт Прэзідэнта Пуціна на Аляску. Я з нецярпеннем чакаю сустрэчы з Прэзідэнтам Лукашэнкам у будучыні». Адно паведамленне Трампа ў сацсетцы пераважыла ўсе пытанні, адрасаваныя заходняй медыйнай і экспертнай супольнасцю Мінску. Сваё паведамленне кіраўнік адной з найбуйнейшых эканомік і армій свету пачаў з падкрэслена паважлівай фразы: «У мяне была выдатная размова з глыбокапаважаным Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам», — потым — ужо аб справах: для дзялка і мільярдэра Трампа больш звыкла — адразу аб справах. Не, ён спачатку выказаў павагу — у вялікай палітыцы ніводная коска, ніводная літара невыпадковыя.
Аляска — гэта не пра Украіну. Гэта пошук далейшага суіснавання на планеце. Украіна — толькі штрых у глабальнай архітэктуры планетарнай бяспекі. Мы маглі б стаць крывавым працяжнікам гэтага штрыха — а зараз мы — дзяржава-ініцыятар міру для свету. Мінск уцягнуты ў міратворчы працэс на роўных. Без жэстаў добрай волі з боку Прэзідэнта, без удзелу беларусаў у працэсе абмену палоннымі, без таго інтэрв’ю, падчас якога Першы запэўніў: з Пуціным можна дамовіцца і трэба дамаўляцца, — ці пачаўся б гэты працэс увогуле?
Глыбінная дзяржава ўльтраглабалістаў унутры самой Амерыкі і планетарная — у свеце — белы сцяг не выкінула. Таму Трамп і шукае прыхільнікаў нармальных каштоўнасцяў ва ўсіх кутках. Трамп — прадстаўнік Захаду, але нацыянальна-арыентаваны — гэтым і падобны з Лукашэнкам, Пуціным, Сі. Гэта іх аб’ядноўвае. У свеце час Першых, харызматычных лідараў — а не тых, каму і руку нельга паціснуць. Час Першых — гэта прыкмета перамогі нармальнага, традыцыйнага свету. Час нацыянальных лідараў, чыя задача — каб свет застаўся падзеленым на краіны, а не зоны інтарэсаў транскарпарацый, каб міжнародныя адносіны адпавядалі інтарэсам дзяржаў, а не наднацыянальных інстытутаў. Таму Трамп і шукае саюзнікаў у барацьбе з гэтым сусветным лобі. А сусветнае лобі робіць войны ў самых балючых кропках свету. А з кім размаўляць? Не з тымі ж, хто са зламанай ідэнтычнасцю хоча змяніць свет на замову нейкага істэблішмента.
Пакрысе вымалёўваюцца новыя цэнтры прыцягнення для шматпалярнага свету. Ну, амаль як 80 гадоў назад, калі перамаглі фашызм. А калі прыгледзецца бліжэй, то і геаграфія падобная: Расія, ЗША, Кітай. Беларусь тады стаяла ля вытокаў ААН, была адной з заснавальніц. І сёння яна — не сведка: актыўная саўдзельніца новага светаўладкавання. Так склалася? Не, проста мы выбралі правільную дарогу.
Асабліва асабістае — беларусацэнтрычнае. Наш шлях самы дакладны: мы самыя блізкія ва ўсіх сэнсах да вялікай Расіі (а сустрэча на Алясцы толькі завяршыла гэтую легітымацыю), мы найбліжэйшыя па шкале адносін з Кітаем. Ну, добра ўсё гэта было, і ёсць. Але зараз наладжваецца дыялог з іншым берагам асноўнага гульца ў светаўладкаванні — з ЗША. Дарэчы, гэта зусім не перашкодзіць нам узмацніць узаемадзеянне і са светам арабскіх інвестыцый.
Еўрапейскі кантынент, які некалі лічыўся эпіцэнтрам сусветнай палітыкі, паступова страчвае свае пазіцыі, ператвараючыся ў поле бітвы інтарэсаў глабальных дзяржаў. Гэта рэзюмавалі і на хельсінкскай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю АБСЕ.
А зараз уявіце, што магло б быць, калі б не было цяперашняй улады і нас прымусілі б адмовіцца ад нашай мадэлі развіцця. Думаю, за нас бы так не клапаціліся. Прычым, трэба разумець, Прэзідэнт палітычна дасведчаны, але яго ўдзел у геапалітыцы — не дзеля далейшага зацвярджэння палітычнага аўтарытэту, а ўсё для адной мэты — «каб не было вайны» — абараніць беларусаў ад канфліктаў, спыніць вайну ў суседзяў. Беларусь, калі б пайшла па іншым шляху, магла б таксама стаць гордзіевым вузлом еўрапейскага кантынента. Але мы самі дапамагаем разблытваць гордзіевы вузлы сучаснага свету. Але, у адрозненне ад свайго антычнага цёзкі, беларускі лідар прапануе ўсім не секчы з пляча.
Яўген ПУСТАВОЙ