Top.Mail.Ru
0

Работы ўсім хопіць

Аўтар: Яўген Пуставой
29.05.2025 | 16:54

Памятаеце, калісьці ў нас слова «імпарт» вымаўлялі ледзь не з прыдыханнем. А сёння беларусы пабудавалі паўнаважкую эканоміку экспарту. Нашы брэнды і кампетэнцыі неабходныя ў розных кутках свету. А нам патрэбны працоўныя рэсурсы. Гэта яшчэ і сучасная прыкмета новага тэхналагічнага ўкладу.


Вось, калі коратка, увесь сэнс міграцыйнага пытання. Недавер і асцярога зразумелыя. Еўрапейскі досвед, мякка кажучы, зусім не ўражвае, і, што адметна, пра яго «рэжысёры» міграцыйных фэйкаў, спраецыраваных на Беларусь, не згадваюць, калі вяшчаюць з той жа Еўропы. Яны не ўлічваюць нашы рэаліі, хутчэй за ўсё, наўмысна іх ігнаруюць. А ў Беларусі выбудавана эфектыўная сістэма — ад агульнай да міграцыйнай бяспекі. Наша краіна кіраваная, і дыктатура эфектыўнасці ўжо неаднойчы даказала сваю сілу. Але што самае важнае: мы ж прымаем не правапарушальнікаў, а падаткаплацельшчыкаў. Ніхто па дапамогу па беспрацоўі ў Беларусь не едзе. Ды і нікому не дадуць.

Беларусь у гэтым сэнсе — вельмі прывабная краіна. Да нас едуць, аднак не толькі адпачываць — жыць. Украінцы ратуюцца ад вайны, еўрапейцы — ад акупацыі дэвіянтных сэнсаў. Часта мы не заўважаем таго, што маем, чым замежнікі так захапляюцца, калі прыязджаюць у Беларусь. Мы прагнем вялікіх даходаў, але не імкнёмся іх зарабіць. Атрымаўшы бясплатную і якасную адукацыю і кампетэнцыі, стаўшы на крыло, мы з касмапалітычным запалам бэсцім родны кут і шукаем сябе ў чужых лакацыях. А там багаж кампетэнцый пакрываецца пылам у цесным здымным пакойчыку, а кваліфікаваны спецыяліст займаецца самай нізкааплатнай работай. Такія рэаліі жыцця пад чужым небам. Збеглыя бадзяюцца па да таго прывабных для іх «эўропах» у паўгалодным стане і стогнуць па страчаным зямным раі. Евангельскі сюжэт прытчы аб блудным сыне ў дзеянні — не толькі цікавы, а і павучальны. Усім варта задумацца.

Працоўныя рэсурсы — залог развіцця эканомікі. Гэта насамрэч стратэгічнае пытанне. Мы прымаем мігрантаў з павагай, у асноўным сем’і. Заробкі, жыллё, сацыяльная інфраструктура — прапануем належныя ўмовы, таму разлічваем на адпаведную аддачу. Тым больш што шмат дзе ў нас ужо старанна працуюць замежнікі. Досвед той жа Гомельшчыны паказаў: мігранты — перадавікі. Зразумела, павінен быць кантроль, каб усе працавалі на роўных умовах у рамках закона. І патрабаванні тут жорсткія: парушыў — пакуй чамаданы. А калі з усёй душой і жаданнем працаваць, то калі ласка, работы ўсім хопіць.

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю