Айфоны апошняга пакалення, паўднёвакарэйская касметыка і французскія сукенкі не прыносяць шчасце, насамрэч радасць — у вялікай і дружнай сям’і. Брытанскія эксперты, якія ўжо перайшлі ў разрад мэмаў, падлічылі, што... каціныя прыбіральні таннейшыя за дзіцячыя падгузкі. Разумееце, да чаго вядуць? Гэта пра адносіны да сям’і і да працягу свайго роду. А чаму чалавек так імкнецца да заморскага адпачынку, чаму сучасны «зумер» жыве ў «метасусвеце»? Найперш ад адзіноты, дэфіцыту сямейных зносін. Ніводны псіхолаг не заменіць роднага чалавека, якому душу можна раскрыць нібы бусел крылы. Не ўражанні ад падарожжаў па свеце, не стосы каштоўных папер, самая галоўная інвестыцыя — нашы дзеці.
А яшчэ ёсць геапалітычны і сакральны сэнсы. Зноў пашыраюцца ідэі нацызму, постнацызму. Калі не ў гета і канцлагерах знішчаюць, «рэгулююць» чалавецтва, а праз сэнсы. «Звышідэя» тая ж — «зачышчаць» жыццёвую прастору, прыкрываючыся «высокай філасофіяй». Ад вострава Эпштэйна праз Давос самы кароткі шлях у «сучасны канцлагер». Лічбавы і канцэптуальны. Чалавека-творцу ператварылі ў спажыўца, мужчынскі і жаночы свет — у гендарную распусту, жанчыну-прыгажуню — у радыкальную «фэмэн» са зламанай псіхікай, а чайлдфры — у глабальную моду. Нават спрабуюць раіць, як выхоўваць дзяцей: замест бацькоўскага слова — ювенальная юстыцыя.
Цягам тысячагоддзяў чалавечы геній пабудаваў піраміды, адкрыў новыя кантыненты, дабраўся да космасу. А цяпер што, «назад у пячоры»? І напрамак галоўнага ўдару — сям’я. Бо без сям’і няма грамадства, краіны, будучыні. Замест шчаслівага, паўнаважкага жыцця — лічба. Ці не ў гэтым той самы жудасны апакаліпсіс — зруйнаваць сям’ю?
Вось ён, новы свет — цывілізацыя «калектыўнага Захаду». Але мы, як Брэсцкая крэпасць, — трымаемся. Сям’я ж гэта яшчэ і бескампрамісны тэст для грамадства. Памятаеце, як у пасляваенны час людзі стваралі шматдзетныя сем’і. Нават нягледзячы на суцэльнае папялішча. А ў постсавецкі перыяд шматдзетнасць аказалася не «ў трэндзе». Цяпер у шырокім сэнсе час вясны — росквіту для дэмаграфіі. Гэта наш непахісны дзяржаўны курс.
Вельмі сімвалічна, што па суседстве з Палацам Незалежнасці — РНПЦ «Маці і дзіця». Непадалёк будуюць Музей дзяржаўнасці. Вось яна —сакральная архітэктура нашай незалежнасці. Наша дэмаграфічная палітыка насуперак заходняй канцэпцыі знішчэння. Гэта пераможная прага да жыцця. Каб і надалей за сямейнай бяседай збіраліся сем’і, каб з дзіцячымі каляскамі па ўтульных парках гулялі матулі-шчабятухі, а гарэзлівыя дзеці сваімі ручкамі абдымалі суровыя шчаціністыя, але шчаслівыя твары татаў — бацька зробіць усё.
Яўген ПУСТАВОЙ
Фота з адкрытых крыніц