Top.Mail.Ru
0

«Лайкі» за перамены

Аўтар: Яўген Пуставой
09.04.2025 | 12:55

Кіраўнік дзяржавы падпісаў Дырэктыву № 11 «Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны», накіраваную на кардынальнае павышэнне эфектыўнасці функцыянавання сістэмы органаў дзяржулады. Аб чым гэты дакумент? Аб якасці. Аб якасці жыцця. Нібыта застарэлы брудны снег пад вясновымі промнямі сонца, знікаюць непатрэбныя працэсы. Дырэктыва дакладна вызначае: ніякіх залішніх нарад, справаздач, забараняе стварэнне залішніх калегіяльных органаў. Зялёнае святло — дзейсным фарміраванням, не павінна стварацца камісій, што падмяняюць работу дзяржаўных органаў і арганізацый.


Калі казаць проста, то гэта эвалюцыя ў філасофіі наменклатуры. Зноў жа падыход вядомы і дзейсны — ад жыцця. Выключаецца залішняя перапіска. Эпісталярны жанр — пераадрасацыя цыркуляраў, кабінетны марафон папер у кругавароце бюракратыі — крадзе час і нават энергію ўдзельнікаў працэсу. Пры такіх правілах гульні ў дзяржслужачых, нават у самых маладых і рамантычных асоб сучаснай плыні кіраўнікоў, гаснуць вочы і згортваюцца памкненні прынесці карысць грамадству і чалавеку.

Успамінаецца, як прагучала на нядаўняй нарадзе па кантрольна-рэвізійнай дзейнасці ўзрушаная споведзь галоўнага аўдытара краіны пра рознасць трактовак аднаго і таго ж дакумента. Пачулі, парады занатавалі і заканадаўча замацавалі. Разумныя парады — у жыццё. Асаблівая ўвага у дырэктыве ўдзелена пытанням нарматворчасці. Пры распрацоўцы праектаў законаў нас арыентуюць на тое, што неабходна выключыць залішнія ўзгадненні, строга трэба сачыць за тэрмінамі падрыхтоўкі нарматыўна-прававых дакументаў. Яны павінны быць напісаны простай, зразумелай мовай, каб усе дакладна выконвалі заканадаўства. Недапушчальна ўмяшанне дзяржаўных органаў і службовых асоб у кампетэнцыю адно аднаго.

Так, сістэма была выбудавана даўно і дапрацоўвалася ў выпадку неабходнасці. Сэнс цяперашніх змен — сістэмнае апярэджванне спрэчных момантаў. Напрыклад, дубліраванне паўнамоцтваў рознымі галінамі ўлады.

Па праўдзе кажучы, ад таго наменклатурскага духу стаміліся ўсе: і звычайныя грамадзяне, што звярталіся ў дзяржорганы па дапамогу, ды і самі клеркі з устаноў. Неаднойчы даводзілася чуць папрокі ў бок улады: навошта тыя цяжкасці? Але Прэзідэнт, наадварот, за спрашчэнне працэдур. Упэўнены, «лайкаюць» такія пазітыўныя і канструктыўныя перамены не толькі простыя людзі, але і чыноўнікі на ўсіх паверхах вертыкалі.

І гэта насамрэч беларуская адказнасць. Кіраўнікі розных узроўняў гатовыя праводзіць менш нарад і запытваць менш даведак. Па сутнасці, гэта яшчэ адзін удар па бюракратыі і ўзмацненне выканальніцкай дысцыпліны. Замест слоў — больш часу на справы, замест збораў штодзённай статыстыкі — выкананне неабходных даручэнняў.

Асноўнае патрабаванне дырэктывы — узмацненне выканальніцкай дысцыпліны, гэта і ёсць крытэрыі ацэнкі кіруючых кадраў краіны ўсіх узроўняў. Аптымізаваць кіраўніцкія працэсы будзем у тым ліку за кошт лічбавізацыі: сярод галоўных крытэрыяў — хуткая перадача інфармацыі і яе празрыстасць. Новы дакумент дазваляе рэалізоўваць дадатковыя магчымасці і функцыянал для мясцовых органаў улады. Пытанні на месцах павінны разбірацца максімальна хутка, каб прымаць аператыўныя і, галоўнае, эфектыўныя рашэнні.

«Нулявы бюракратызм» у пытаннях узаемадзеяння органаў улады і дзяржаўнага кіравання, а таксама работы з насельніцтвам — адна з асноўных задач дакумента. Гэта павінна палепшыць жыццё кожнага. Галоўнае, што размова ідзе аб скарачэнні тэрмінаў вырашэння пытанняў, з якімі звяртаюцца людзі.

Але дырэктыва павышае не толькі дысцыпліну і адказнасць дзяржслужачых, яна таксама накіравана на павышэнне сацыяльнай адказнасці ўсіх беларусаў. У пяцігодку якасці яна чарговы раз падкрэслівае: палепшыць наша жыццё мы зможам толькі разам, таму кожнаму варта пачынаць з сябе. Дакумент — толькі інструмент, але ўсё залежыць ад нас саміх.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю