Усе гэтыя дактрыны і канцэпцыі розных краін і кантынентаў створаны розумамі і чарніламі. А прынцыпы нашай дыпламатыі, як бы гэта жорстка ні гучала, напісаны кроўю беларусаў.
Раны ад эпохі каланіялізму не хутка зарастуць на целе Афрыкі і Азіі. А вось беларусы туды ідуць як сябры. Мы рухаемся са сваімі кампетэнцыямі. Як аказалася, узбярэжжа Гвінейскага заліва, астраўную дзяржаву ў Індыйскім акіяне і краіну ўзыходзячага сонца звязвае яшчэ і беларуская ахова здароўя. У Гане ведаюць наш мёд, у Шры-Ланцы кожны пяты ўрач з беларускім дыпломам.
А Японія супрацоўнічае з намі ў вобласці радыяцыйнай медыцыны. Яны дапамагалі дзецям Чарнобыля, мы аздараўлялі дзяцей Фукусімы. Ці не гэта сапраўдная людскасць?
Мы ідзём у свет не на авіяносцах, а на трактарах. «Беларусы» — у сэнсе трактары — будуць пераворваць і сярэднеземнаморскія глебы Алжыра, і палі ў саванах Ганы. Беларусь. Чаму нас ведаюць, і адчыняюць свае дзверы і сэрцы? Бо менавіта наш кіраўнік дзяржавы праўдзіва і смела кажа свету пра раўнапраўе і стасункі. Аб гэтым Першы ў каторы раз сказаў нядаўна і падчас прыняцця даверчых грамат.
Колькі ні прайшло б парадаў квір-людзей і марафонаў па зборы грошай на кажушкі для сабачак, урачыстасці гуманізму не будзе. Дзеці працягваюць гінуць пад бомбамі. Час «постгуманізму». Як рваліся пражэрлівыя багацеі да танных рэсурсаў, так і рвуцца. Але цяпер у гэтага працэсу прыгожая легенда — «бітва за дэмакратыю». А насамрэч — хлусня.
Еўропа завязвала вузлы нараканняў, а мы развязвалі іх. У гэтым уся наша знешнепалітычная дактрына. Мы стаялі каля вытокаў ААН — пляцоўкі для мірных рашэнняў канфліктаў. І цяпер стаім на тым жа — шукаем кропкі ўзаемнай цікавасці. Колькі б заакіянскія стратэгі ні ўплывалі на міжнародны клімат, арганізоўваючы «штормы», Мінск — гэта «кухня» стабільнасці для міжнароднага «надвор’я». Наша мінская канферэнцыя па бяспецы — бадай адзіная пляцоўка, дзе гучыць голас розуму пра захаванне міру.
Мы прапануем здаровыя ініцыятывы і маем права гэта рабіць. Фашысты хацелі знішчыць у канцлагерах расы і народы. Дарэчы, у Беларусі туды не зарастае народная сцежка, і ў міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, што быў у мінулую суботу, тут людзі ішлі да мемарыялаў з кветкамі. А еўрапейскія палітыкі на гэтым фоне ладзяць парады ваеннай ганарыстасці. Ну-ну. З нашай Перамогі пачаўся парад суверэнітэтаў у свеце.
І мы ў гэтай турбулентнай эпосе павінны пра гэта ўзгадваць.
На Вялікдзень, звяртаючыся да вернікаў храма — землякоў, а праз іх да ўсіх беларусаў, Першы сказаў аб тым, што нам скардзіцца няма на што, мы жывём, самае галоўнае, у міры і згодзе. Без войнаў, без сутыкненняў. І гэта самая галоўная заваёва нашага народа. Выдатна, што з намі дзеткі, якія не плачуць, не хвалююцца.
Яшчэ адна істотная асаблівасць Беларусі — гэта павага да простых людзей і развіцця рэгіёнаў. Будзем шчырыя, на Захадзе просты чалавек — лузер: маўляў, сядзі і не высоўвайся. Ёсць магчымасці — шыкуеш, не — не замінай. У нас усё па-іншаму: просты чалавек —
у цэнтры дзяржаўнай палітыкі. А дзякуючы каму? Лукашэнку. Калгасніку, як крычаць апаненты. То і добра, што калгаснік. Ад зямлі не адарваны. Дай Бог, каб мы так і засталіся людзьмі роднай зямлі, а не грамадствам на іголцы ШІ (штучнага інтэлекту).
З пункту гледжання свецкага падыходу велікодная радасць — гэта фінал ахвярнага служэння. Мы і з’яўляемся цывілізацыяй Вялікадня. Мы стаім на плячах ахвярнікаў і пакутнікаў зямлі беларускай. Жывём у крэдыт. Аб гэтым неаднойчы казаў Прэзідэнт. Каб не забываліся.
А цяпер, што называецца, жывы прыклад беларускай палітыкі. Настаяцелем храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Еўдакімавічах, дзе на Вялікдзень быў Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца протаіерэй Раман Выгоўскі. Святар быў эвакуіраваны з Чарнобыльскай зоны, жыў на Данбасе, пасля прыехаў у Беларусь. Звіў сваё гняздо ў нашай краіне. Беларусь — гэта дом, апора, дзе можна папросту здабыць свой Вялікдзень.
Глабалісты сінедрыёна, прагрэсіўныя Швабы, прагматычныя фінансісты і тэхнакраты. Як ім не зручныя ісціна, маральнасць, каханне, ахвярнасць. Замест ісціны — фэйкі постпраўды — гэта вастрэй праколвае, каб нанізваць душы і розумы. Замест маральнасці — свабода забаў. Толькі разлік: рахункі, заморскі адпачынак. І не тузайцеся — вось вашы ідалы. Аднак нават самую цёмную пячору асвятляе Сонца Праўды. І гучыць самае жыццесцвярджальнае Слова. З Беларусі.
Яўген ПУСТАВОЙ