Top.Mail.Ru
0

Каб людзьмi звацца

Аўтар: Яўген Пуставой
16.04.2025 | 09:56

У мяне было шчаслiвае дзяцiнства. I справа не ў цукерках, цацках (нават не ва ўнiкальнай па тых часах прыстаўцы «дэндзi»). Матуля зрабiла ўсё магчымае, каб у маiм дзяцiнстве было тое, чаго не хапала ў пакалення дзяцей франтавiкоў. А вось пакаленне франтавiкоў зрабiла ўсё, каб увогуле ў нашых пакаленняў было не тое што дзяцiнства, а нават магчымасць нарадзiцца.


Мы шмат казалi, пiсалi, здымалi пра Перамогу, пра вайну. Здавалася, што шмат. Даследаваннi самага неэмацыянальнага iнстытута ўлады — Генпракуратуры — ускалыхнулi эмоцыi ўсяго грамадства. Мы страцiлi кожнага трэцяга... Каранi акупацыйнай палiтыкi — што падчас Грунвальда, што зараз, падчас санкцый — у той жа з’яве. Якая ярчэй за ўсё праявiлася падчас Вялiкай Айчыннай. У адносiнах Захаду да нас.

I нават брашуркi тыя ж. З прапагандысцкiмi заклiкамi да астэрбайтараў. Праўда, улiчваючы тое, што грамадства iнфармацыйнае, то i стаўка на палiттэхналагiчныя спакусы — асноўная. Нашчадкi Гебельса працуюць на гэта. Фундамент той жа: вера ў заходнюю цывiлiзацыю (раней «трэцi рэйх»), i «карцiнка» пра шчаслiвае жыццё пад чужым небам.

Вось таму Перамога — гэта i чырвоны сцяг над рэйхстагам, i магчымасць застацца ў гiсторыi, а яшчэ цывiлiзацыйны сэнс, што пераклiкаецца з iдэяй нацыянальнай думкi «людзьмi звацца». Радасць Перамогi i жахлiвы боль вайны адлюстроўваюць спрэсаваную тысячагадовую гiсторыю фармiравання нашай дзяржаўнасцi. Альтэрнатыўныя «коўчы» ўпарта наша грамадства спрабуюць адвучыць ад святкавання i памяцi пра 9 Мая. I зразумела на каго робяць стаўку — мяркуюць, што i падчас вайны былi палiцаi — чужынцы свайго народа. Аднак нiякiя тэхналогii i манiпуляваннi не змогуць зарэтушаваць тую велiчную Праўду.

А цi зразумелi велiч тых падзей дзецi салдат Перамогi (менавiта пасля 9 мая 1945 года па свеце прайшой парад суверэнiтэтаў, бо германскi нацызм — увасобленая палiтыка адвечнага заходняга каланiялiзму)? А цi не страцiлi ўнукi партызан памяць аб тым, што замест магiл, куды нас з нямецкай педантычнасцю адпраўлялi эшалонамi носьбiты высокiх заходнiх сэнсаў, мы выйшлi на прастор сусветнага прызнання i ААН?

Падчас разваг пра магчымасцi партнёрства з Захадам, пераемнасцi iх метадаў выхавання i гаспадарання, замест узрушанага ўхвалення заморскiх брэндаў, берагоў i чужых сэнсаў, а таксама модных разважанняў пра незакрытыя гештальты нацыi, варта зазiрнуць у душу народа, дабрацца да яе глыбiнь. У гэтым плане шмат у чым паказальным стаў канцэрт-рэквiем «Кожны трэцi», якi быў арганiзаваны па даручэннi Прэзiдэнта. Яго ўжо паглядзелi дэлегацыi з усiх рэгiёнаў Беларусi.

Здавалася б, у век прагматычных тэхналогiй, «лайкаў», караценькiх «вiдосiкаў» не да разваг аб сэнсах. Але калi на сцэне ажывае гiсторыя, 80 хвiлiн хапае, каб вярнуцца да самiх сябе. Без усялякiх навамодных перформансаў на галоўнай сцэне краiны пануе сапраўдная творчасць. Словы i мелодыi вяртаюць нас да Праўды, якой бы страшнай i крывавай яна нi была. I гэта насамрэч нельга забыць. Усiм нам.

Зварот да ўсяго грамадства — i ў наратывах 12-й Дырэктывы Прэзiдэнта. Бо iдэалогiя — гэта не проста набор тэзiсаў, або люстэрка, якое адлюстроўвае запыты грамадства. Гэта яшчэ вяршыня, на якую трэба падняцца. Эксперты гавораць, што гэта аўтапартрэт грамадства. Хутчэй за ўсё гэта карцiна беларускага свету, якi трэба будзе дапамагчы адкрыць адным, абаранiць ад iншых i зберагчы для ўсiх нас i тых, хто будзе пасля нас.

Зразумела, што iнструментарый працы разнастайны. Галоўнае, каб гэта не было нафталiнава i фальшыва. У сферы сэнсаў хлусня адразу адчуваецца. Наша iдэалогiя — гарманiчны беларускi ўзор: ад васiлька на слуцкiм поясе да нацыянальнага арнаменту на дзяржаўным сцягу. Ад хлебароба да касманаўта. Ад полацкай Сафii да Нацыянальнага музея гiсторыi. Гэта аўтэнтычны космас беларускай мадэлi гармонii: калi заваёўваем Сусвет, мы не адрываемся ад родных нiў, а калi ствараем высокатэхналагiчныя галiны, не забываемся трымаць у чысцiнi сваю Бацькаўшчыну.

У Дырэктыве — iдэалы нашай краiны, якiя выгравiраваны ў глыбiннай падсвядомасцi беларускай душы. Гэта не набор тэхналогiй, а больш эмацыянальная сфера. Гэта тое, што нас кранае. Таму мы «лайкаем» рубку дроў па-прэзiдэнцку, шчыра апладзiруем патрыятычным флэш-мобам i не саромеемся плакаць на канцэрце-рэквiеме.

Усё блiжэй 9 Мая, якое ўсё ж не толькi пра роспач, а i пра вялiкую радасць. Цяпер час пераможнай iдэалогii.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю