Пагадзіцеся, гэта было непрадказальнае інтэрв’ю. Яго ўнікальнасць — у спробе дыстанцыявацца ад штампаў і клішэ. Рык — бадай, адзіны англамоўны журналіст, які без прэтэнзій у голасе і крытыкі ў кожным пытанні паспрабаваў адкрыць свету сапраўднага Лукашэнку. Але на вастрыню інтэрв’ю гэта ні ў якім разе не паўплывала. Рык Санчэс спрацаваў як сапраўдны рэпарцёр — задаў самыя вострыя пытанні. Але не толькі ў гэтым сэнс: ён змог у сваім інтэрв’ю паслядоўна раскрыць, як фарміравалася асоба палітыка сусветнага маштабу, і што такое насамрэч Беларусь — краіна, якой удалося наладзіць сваё жыццё і пазбегнуць многіх праблем.
Рык нарадзіўся на Кубе, вырас у Фларыдзе. За чатыры дзесяцігоддзі ў прафесіі Санчэс узяў журналісцкі оскар — прэмію «Эмі», інтэрв’ю ў чатырох прэзідэнтаў ЗША, а таксама ў Фідэля Кастра, Міхаіла Гарбачова — сусветных лідараў, якія па-рознаму паўплывалі на лёс планеты. Цяпер вось у гэтым спісе Аляксандр Лукашэнка.
Вялікая здзелка паміж Мінскам і Вашынгтонам, магчымая рэўнасць Масквы. Мяркуемая сустрэча Лукашэнкі і Трампа, сяброўства Лукашэнкі з Пуціным, Сі і адкрыццё Кім Чэн Ына. Ці гатовы беларускі лідар паціснуць руку еўрапейскім калегам? Лёс ЕС, Блізкага Усходу і свету. За дзве гадзіны паспелі прайсціся па ўсім свеце і паглыбіцца ў сутнасць заходняй мадэлі развіцця, аднак, бадай што галоўнае — Беларусь і яе Прэзідэнт. Свету цікава і павучальна даведацца, якім чынам увасобілася мадэль справядлівай і моцнай дзяржавы без падказак звонку. Спачатку трэба было накарміць людзей, захаваць краіну, вызваліць яе з палону бандытаў, карупцыянераў і ашалелых нацменаў, а потым адстойваць незалежнасць. Тыя, хто зрабіў сваёй палітыкай «свядомасць», насамрэч больш за ўсіх спрыялі таму, каб Беларусь страціла незалежнасць.
А Лукашэнка ішоў ад зямлі, ад надзённых патрэб, ён і цяпер, знаходзячы ў рангу сусветнага палітыка-цяжкавагавіка, не адарваўся ад роднай зямлі, да надзённых праблем — паглядзіце, як апякуецца сяўбой, як хвалюецца за захаванасць жывёл.
Хоць займаецца і геапалітыкай, удзельнічае ў самітах, здзяйсняе міжнародныя візіты па розных кантынентах. Ён і рынкі збыту шукае, і кантралюе, як той экспарт рыхтуюць: вырошчваюць і вырабляюць. Міжнародны гандаль — важкая крыніца для беларускага бюджэту і галоўная прычына нашай шматвектарнасці.
Знаходзячыся паміж Захадам і Усходам, мы захавалі саміх сябе. Вядома, шмат сіл прысвяцілі эканоміцы. Цяпер час фарміраваць сваю нацыянальную ідэю і беларусацэнтрычнае грамадства. Можна, калі ёсць такая стабільная палітычная сітуацыя ў краіне.
Амаль двухгадзіннае інтэрв’ю — не толькі пра Лукашэнку, але і пра тыя ідэалы, якія сфарміравалі асобу першага Прэзідэнта, і тыя выклікі, якія паўплывалі на нашу знешнепалітычную дактрыну. Як Лукашэнка з простай небагатай сям’і дабіваўся ўсяго сам. У яго не было настаўнікаў па танцах і рыторыцы, як у саноўных асоб, але ён вядомы і паважаны ў свеце не менш за гэтых самых дынастычных персон. Да яго прыслухоўваецца значная частка планеты. Але найперш гэта міжнароднае пазіцыянаванне для адкрыцця і асваення новых рынкаў, каб прадаць прадукцыю і зрабіць больш заможнай Беларусь. І, вядома ж, дыпламатыя міралюбнасці для таго, каб беларусаў абышлі войны.
А прэзідэнцкая мара — аб роўнадаступнай справядлівасці. Таму мы абыходзімся без дыктатуры рынку і так педантычна падыходзім да развіцця рэгіёнаў. А дзеля інтарэсаў беларускага народа Лукашэнка праводзіць шматвектарную палітыку. Гэта эканоміка і бяспека, прычым трэба памятаць, што еўрапейскія палітыкі, асабліва кіраўнікі суседніх дзяржаў, жорстка залежныя ад спонсараў, лабістаў. Яны не аб людзях сваіх краін думаюць.
А Лукашэнка — ён народны. Калі сабраць разам рэйтынгі еўрапейскіх кіраўнікоў дзяржаў, то яны прайграюць Першаму, пацерпяць фіяска. Таму і прысутнічае ў іх зайздрасць міжнароднага маштабу, якая, напэўна, у тым ліку і дыктуе жаданне задушыць Беларусь.
Ва ўмовах такой дыктатуры трацілу неабходна мець ахоўныя механізмы. Дыпламатыю і... ваенны патэнцыял. Першы выказаўся аб адсутнасці перадумоў да вайны. Але цяпер нішто так не ўмацоўвае мір, як наяўнасць ядзернай зброі і «Арэшніка». Гэта нават некаторае аднаўленне гістарычнай справядлівасці ў галіне бяспекі.
Падчас інтэрв’ю прагучала самае папулярнае ў заходніх журналістаў пытанне: калі сыдзе Лукашэнка? Не яму вырашаць, а беларускаму народу. Яму, можа, і хацелася б павудзіць рыбу, але мне так здаецца: вопыт, харызма і шчырасць першага Прэзідэнта вельмі патрэбныя беларусам. І, відаць па ўсім, не толькі беларусам.
Яўген ПУСТАВОЙ