Top.Mail.Ru
0

Дырэктыва развіцця беларускага грамадства

Аўтар: Мікалай Бузін
10.04.2025 | 13:04

9 красавіка 2025 года была падпісана Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нумар 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы». Дакумент стаў вынікам шматгадовай работы па фарміраванні асноў духоўнага развіцця грамадства, стварэнні механізмаў абароны маральных каштоўнасцяў беларускага народа.


Адметнай рысай беларускага народа з’яўляецца ўдумлівы падыход да рашэння праблем. Яскравым прыкладам усебаковага разгляду праблемы, дэталізацыі палажэнняў і цеснага ўзаемадзеяння тэарэтыкаў і практыкаў выступае Дырэктыва нумар 12. З’яўляючыся развіццём палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дакумент увабраў у сябе ўвесь шматвяковы досвед развіцця нацыянальнай дзяржаўнасці, спрадвечныя традыцыі і практычныя напрацоўкі ўсіх галін улады.

Прапрацоўка яе палажэнняў пачалася некалькі гадоў таму, а ў звароце Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі да Нацыянальнага сходу і народа ў 2023 годзе было падкрэслена; «Тэмы, якія мы абмяркоўваем, — ад жыцця. У цэнтры рашэнняў, якія прымаем, — імкненне да захавання міру, стваральная праца на карысць будучыні Беларусі, сацыяльная справядлівасць. Гэта нашы дэмакратычныя каштоўнасці, сапраўдныя каштоўнасці».

У 2024 годзе рашэннем Усебеларускага народнага сходу былі прыняты Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына дзяржавы, якія дэталізавалі шэраг палажэнняў Канстытуцыі краіны ў частцы, якая датычыцца гарантавання бяспекі ў розных сферах. Нарэшце ў 2025 годзе ўдакладнены асновы ідэалогіі і шляхі іх рэалізацыі.

Сам дакумент і дадатак абагульняюць дасягненні тэорыі і практыкі ідэалагічнай работы, наяўныя на сённяшні дзень. Прычым першая частка дакумента дэталізуе мэты, задачы, аб’екты, суб’екты ідэалагічнай дзейнасці, мерапрыемствы па яе ўдасканаленні і якасным напаўненні. Па сутнасці гэта праграмны дакумент, дзе пастаўлены канкрэтныя задачы па сістэмным вырашэнні пытанняў, якія маюць прыярытэтнае значэнне для краіны, які мабілізуе дзяржаўныя органы і грамадства на прыняцце мер для дасягнення, вызначаных у ім мэт.

Прычым мэтай ідэалагічнай работы замацавана пабудова сацыяльна справядлівага грамадства праз фарміраванне ўсебакова развітай асобы, якая адстойвае нацыянальныя інтарэсы.

У другой частцы дакумента, Асновах ідэалогіі беларускай дзяржавы, раскрыты тэарэтычныя палажэнні. Простай, вельмі даступнай мовай выкладзены складаныя, асноватворныя навукова-філасофскія пытанні, сярод якіх — дасягненні беларускай мадэлі грамадскага развіцця, сутнасць ідэалогіі і змест яе кампанентаў.

Сярод складаемых частак ідэалогіі беларускай дзяржавы названы:

культурна-гістарычная — комплекс сталых перакананняў аб паходжанні народа, фарміраванні і развіцці яго самасвядомасці ад самабытнай этнічнай супольнасці да нацыі, якая ўсведамляе сваю прыналежнасць да ўсходнеславянскай цывілізацыі;

палітычная — сістэма ўяўленняў народа аб асноўных этапах фарміравання беларускай дзяржаўнасці, умовах станаўлення і асаблівасцях інстытутаў дзяржавы, грамадзянскай супольнасці, ступені іх адпаведнасці традыцыям, сучасным патрэбам і інтарэсам нацыі, напрамках і шляхах далейшага развіцця гэтых інстытутаў, а таксама аб месцы беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне, яе мэтах, прынцыпах і прыярытэтах;

эканамічная — сістэма поглядаў адносна мадэлі арганізацыі эканамічнага жыцця краіны, якая прадугледжвае разумны баланс розных форм уласнасці і гаспадарання, разуменне ролі дзяржавы ў эканамічных працэсах, уяўленне аб справядлівым размеркаванні нацыянальнага багацця;

сацыяльная — сукупнасць ідэй аб салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці, маральнасці, патрыятызме, абавязках, правах і свабодах чалавека, балансе інтарэсаў розных сацыяльных груп.

Яны раскрываюць глыбіню паняцця ў даступнай для ўспрымання форме.

Гэты ўсёабдымны дакумент накіраваны на развіццё і стваральную працу, з’яўляецца своечасовым адказам на спробы разбурыць ментальную сферу нацыі, замяніўшы рэальнасць віртуальнымі канструкцыямі. Ён павінен стаць настольнай кнігай для кіраўнікоў усіх узроўняў, незалежна ад формы ўласнасці, паколькі менавіта кіраўнік з’яўляецца галоўнай асобай, якая на практыцы рэалізуе палажэнні ідэалогіі нацыянальнай дзяржаўнасці.

Гатоўнасць абараняць канстытуцыйны лад, суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь, фарміраванне пазітыўнага вобразу сваёй краіны, умацаванне сувязі пакаленняў, захаванне і папулярызацыя ўласных традыцый і духоўных каштоўнасцей — свяшчэнны абавязак кожнага беларуса. Менавіта ў гэтым — кансалідацыі грамадства ў інтарэсах паступальнага развіцця краіны, глыбінная ідэя дакумента, у якім замацаваны механізмы і шляхі дасягнення выніку.

Мікалай БУЗІН, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук прафесар

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю