Во як цяпер у нас: у ваколіцах Брэста і ў самім горадзе напоўніцу ўжо цвілі слівы, вішні, абрыкосы. А калі ўдарылі маразы, стала ападаць пашкоджаная квецень, скруціліся і пацямнелі зялёныя лісткі на многіх дрэвах. І шкада іх вельмі стала. І вось ужо не выглядае бездакорным сцвярджэнне Арсенія Таркоўскага аб тым, што прырода — адзінае месца, дзе нас чакае адчуванне праўды. Якая ж тут праўда? Нейкая надта жорсткая, няправільная, бязлітасная. А можа, яна, праўда, такой і бывае. Хто сказаў, што праўда павінна быць лагоднай і да ўсіх аднолькава добрай?
Пра гэта мы нядаўна больш за гадзіну гаварылі з былой калегай. Яна даўно ўжо не працуе і тэлефануе нячаста. А тут прыпякло, хацелася падзяліцца, бо не знаходзіць аднадумцаў, тых, хто пачуе крык душы. У Галіны Васільеўны ўсё ў жыцці складвалася добра. Ды і сёння яе сям’ю лічаць узорнай. Дзеці ў свой час атрымалі адукацыю, працавалі, стварылі свае сем’і. Цяпер муж дачкі мае невялікі, але ўстойлівы бізнес, які дазваляе годна ўтрымліваць сям’ю. Дом у іх вялікі і прыгожы, летам разам ездзяць на мора. Унукі могуць вучыцца, развівацца, займацца любімымі хобі. І вось унучка-старшакласніца, якая падае добрыя надзеі, якую Галіна Васільеўна спіць і бачыць студэнткай прэстыжнай сталічнай ВНУ, захапілася курэннем вэйпаў.
А калі ў сакавіку ўся краіна даведалася, што ў Дзяржынску 16-гадовая дзяўчынка памерла пасля курэння электроннай цыгарэты, Галіна Васільеўна, як той казаў, і есці, і спаць перастала. Яе больш за ўсё абурае нават не так сам факт шкоднай звычкі ўнучкі, колькі стаўленне дачкі і зяця да гэтага факта. «Яны не бачаць ніякай катастрофы ў забаве свайго дзіцяці. Кажуць, што дзяўчынка самасцвярджаецца, што яна як прызвычаілася, так і кіне вэйп неўзабаве. А калі на яе ціснуць, то яна, наадварот, назло будзе і далей працягваць», — горача гаворыць суразмоўніца.
У спробе падтрымаць-суцешыць я асцярожна загаварыла, што пакуль гэта адзіны факт у краіне, тады яшчэ пісалі пра нейкую дабаўку, што справакавала трагічны сыход. Але яна і слухаць не хацела: «Чаго ёй не хапае ў жыцці? Ды і не ў ёй справа. Яна яшчэ дзіця, неразумны падлетак. А яны, бацькі, не могуць паказаць сваю ўладу, забараніць? Міндальнічаюць там, дзе трэба праявіць рашучасць. Аказваецца, яны гэткія ахвяры перабудовы, што зусім не ўмеюць ацаніць грамадскія тэндэнцыі, не ўмеюць па сутнасці адрозніць дабро ад зла, праўду — ад маны». І яна на гэтай глебе так пасварылася з дачкой і зяцем, што справа ідзе да нейкага разбурэння трывалых сямейных сувязяў, ледзь не да катастрофы. «Аказваецца, я і не ведала сваёй дачкі. Я заўсёды старалася яе зразумець, давярала ёй ва ўсім. Думала, што мы сябры-аднадумцы. А цяпер высветлілася, што на тыя ці іншыя падзеі мы наогул маем ледзь не супрацьлеглыя погляды. І гэта ўсё ідзе далей, стварае нейкую прорву ў адносінах. Я гавару, што думаю, а яны абвінавачваюць мяне ў гэтым, кажуць, што ім не патрэбна мая праўда, маё меркаванне», — з горыччу казала жанчына.
Што тут можна сказаць? Я нагадала ёй выказванне Станюты. Адзінае, што параіла, — старацца не нагнятаць далей, паспрабаваць супакоіцца і пашукаць шляхі да прымірэння. Ад сваркі, канфлікту нікому лягчэй не будзе. Ёсць нейкая кволая надзея, што некалі ўнучка яе зразумее, можа, тады, калі сама стане маці. А можа, і бацькі яе яшчэ раней дойдуць да розуму, перагледзяць свае катэгарычныя заявы. Хочацца верыць. Хоць бывае і зусім іначай. Бывае, што трывалыя сувязі рвуцца па прычынах, якія зусім таго не вартыя. Кожны сябе лічыць пацярпелым бокам. І кожны не жадае разумець, незалежна ад колькасці пражытых гадоў.