Top.Mail.Ru
0

Апраўданы давер

Аўтар: Яўген Пуставой
23.09.2026 | 20:36
Там, дзе скончылася жніво, на палях — новы клопат — ралля, што заўжды дзякуе за руплівую працу. У тым наша сіла: у захаванні спрадвечнага працавітага кода нашага грамадства. Нездарма кажуць, што паняцце «культура» выйшла ад земляробчага сэнсу...

І вельмі добра, што падобная простая глыбіня прымальная для беларусаў, для большасці нашых людзей. Адзінства — гэта і пра свята, і пра важкія падзеі ў фарміраванні дзяржаўнасці, і пра агульнасць ідэалаў. І пра безумоўную падтрымку лідара, які гэтыя ідэалы і абараняе.

У Беларусі людзей пра гэту падтрымку запыталі і агучылі вынікі — сацыялагічнае даследаванне перад Днём народнага адзінства. Вельмі актуальна, бо вынікі таксама дэманструюць наша адзінства. Людзі давяраюць, бо Лукашэнка працуе не ў інтарэсах груповак, у краіне іх няма, у нашай Беларусі інтарэсы адны — беларускага народа. Краіна і народ — гэта, між іншым, сярод асноўных атрыбутаў, — яшчэ і позірк у адным кірунку. Вось так і адбываецца. Дзеля інтарэсаў людзей дзейнічае Лукашэнка — таму і вынік такі.

У эпоху планетарнай глабалізацыі беларусы адзначаюць Дзень народнага адзінства — адзінства сэнсаў і ідэй — аўтэнтычных, сваіх. Мы цяпер, калі хочаце, супрацьстаім цывілізацыйным выклікам.

Рэальнасць, якая застанецца ў гісторыі. Увесь свет кажа пра дзівацтвы і рашэнні Трампа, чалавек, набліжаны да

Трампа — па-галівудску гэта гучыць: чалавек, амерыканскага прэзідэнта — ездзіць на перагаворы да нашага Першага.

І мэта ж не падтрымаць прэзідэнцкі імідж Лукашэнкі — ён сам з гэтым справіўся — ёсць пра што пагаварыць.

Ну, калі так удумацца, то Мінск — адзіная перагаворная пляцоўка паміж двума светамі. Нашы землі — гэта нерв Еўропы. А яшчэ геапалітычны разлом паміж Усходам і Захадам. Не абстрактных полюсных паняццяў, а розных светапоглядаў з ашаламляльна адрознымі каштоўнасцямі. Мы будуем масты, якія, так бы мовіць, нівеліруюць павелічэнне шырыні гэтага разрыву. Далей бездань. Можам упасці ўсе. Толькі тут, у Беларусі, сёння можна спакойна абменьвацца меркаваннямі, у той час калі нашы суседзі абменьваюцца ўдарамі і з’едлівымі заявамі. Менавіта ў Беларусі мяжа дыспуту паміж ШАС і G7. І справа нават не ў шматвектарнасці. Яна ў жаданні нашага лідара захаваць мір у нас, бо менавіта такі напал геапалітычных жарсцяў заўсёды адбіваўся на нашай гісторыі.

Нашай дзяржаўнасці — тысячагоддзе, вытокі каля ракі Палаты і Прыпяці: Полацкае і Тураўскае княствы. А ВКЛ, да якога звяртаюцца нацыяналісты, разбурылі Люблінская і Брэсцкая уніі, — і ў іх — «польскі след». А потым усе пачынанні дзяржаўнасці ў савецкі перыяд і тэрытарыяльнае адзінства ў раку часу магла змыць штучна праведзеная граніца. Адзінай Беларусі не стала, а наш народ раскідалі па абодва берагі адной ракі. Менавіта таму паход Чырвонай Арміі ўвосень 1939 года, які вярнуў цэласнасць нашай зямлі і ўз’яднаў наш народ, — вызваленчы. А наша згуртаванасць была выпрабаваная ўжо праз два гады. Адзінства ўсенароднай барацьбы супраць новых захопнікаў — фашыстаў — ад палескіх балот да суражскіх варот даказала: аб’яднанне Беларусі — гэта не пражэкт савецкага начальства, а акт гістарычнай справядлівасці.

Па ўсёй краіне адгрымела святкаванне Дня народнага адзінства. А сэнс яго, які так стараўся данесці да ўсіх нас, але найперш да моладзі, Прэзідэнт, выступаючы на форуме, ці зразумелі? Усё сваё можна страціць. Калі не будзем адзінымі. Калі бязладна будзем ставіцца да агульных для краіны і да сваіх асабістых задач. Ну вось, яркі прыклад — Украіна — побач. 

Або прыклад — безгаспадарлівасць. Як падчас камандзіроўкі Першага, у якую ён накіраваўся назаўтра пасля свята. Бо яму важныя ўсе нюансы таго, што адбываецца ў краіне — ад настрояў моладзі на яе будучыню да дрэнна апрацаванага поля дзесьці на ўскрайку Шклоўскага раёна. Яшчэ адно тлумачэнне, чаму такі высокі ў яго працэнт людскога даверу.

Лён — спрадвечную нашу культуру — беларусы забыліся ў пачатку 90-х. Горы заморскага «шырпатрэбу» завалілі рынак адзення, а сама льноперапрацоўчая галіна фактычна абрынулася. Але ў 1995 годзе беларусы на рэферэндуме, ініцыяваным Прэзідэнтам, вярнулі свой герб, на якім ёсць кветка сінявокага лёну, а затым ужо — таксама па патрабаванні Прэзідэнта — прынялі дзяржпраграму «Лён». Кіраўнік дзяржавы перыядычна вяртаецца да «льнянога» пытання. Але ўсю галіну падняць — не поле перайсці. Лён — адна з самых старажытных і капрызных земляробчых культур. Дробязяў няма. Толькі сяміпольны севазварот. 39 земляробчых і 70 тэхналагічных аперацый.

Палі — не самыя найлепшыя. Другое — не хапае сіл на ўборку нават вырашчанага ўраджаю. Па тэхналогіі аптымальныя тэрміны — два-чатыры дні, па факце — найменшае парушэнне — ураджай падае, памылка — гіне. Дарэчы, праблем з дэфіцытам кадраў тут няма. Таму, мабыць, сапраўды трэба «ваеннае» становішча, каб паўтарыць поспех перафарматавання нядобрасумленных кіраўнікоў і работнікаў АПК, якіх перавыхавалі ў беларускай арміі...

Гаварыў Прэзідэнт у камандзіроўцы і пра яшчэ адзін наш сімвал — бульбу: маўляў, якія ж мы без яе бульбашы. Сапраўды, мы настолькі расслабіліся і прывыклі да невычэрпнасці крыніц стабільнасці, што можам страціць свае спрадвечныя пазіцыі. Тытульны прадукт — бульба! Але часам Беларусь вымушана папаўняць свой рынак егіпецкай бульбай. Памятаеце, як летась запасы бульбы вясной расталі разам са снегам. І акурат да Дня Перамогі сацсеткі апанавалі «захопленыя» эмоцыі, падагрэтыя «добразычліўцамі», аб цане бульбы. Аб цане Перамогі ў юбілейны год столькі не гаварылі... Давялося ўмешвацца Першаму, расстаўляць акцэнты, ставіць задачы.

Айчынныя СВК адчувальна скарацілі пасадкі бульбы. Але гэту нішу забралі фермеры. Яны больш паваротлівыя, чым аграрны сектар дзяржпрадпрыемстваў. Хутчэй рэагуюць на попыт. І Лукашэнка фермера хваліць, бо яму няважна, прыватнік гэта або дзяржслужачы — галоўнае, каб працаваў на карысць краіны.

Дарэчы, Першага фермер пачаставаў бульбай са сваіх палеткаў. Прэзідэнт абяцаў пакаштаваць, але з агаворкай: свая ёсць. Кіраўнік дзяржавы сапраўды яе вырошчвае ў сябе, яшчэ і калег частуе — і сябру Сі перадаваў, а на стале ў Пуціна беларуская бульба даўно прысутнічае. Глядзіш, цяпер і Трамп пакаштуе. Вось так проста, па-народнаму, паводзіць сябе Лукашэнка. І іншыя яго калегі так не змогуць, ды ім не пасуе, а наш Першы — можа, вайб такі. Чаго тады здзіўляцца высокай ступені народнага даверу, калі ён сам — з народу?

Поспехі на ніве геапалітычных адносін пачынаюцца з увагі да родных палёў, традыцый, сэнсаў. Гэта вельмі добра дэманструе наш Прэзідэнт. І мы яго ў гэтым безумоўна падтрымліваем. І ў гэтым таксама наша Адзінства.

Яўген ПУСТАВОЙ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю