Top.Mail.Ru
0

А Баба Яга - супраць

Аўтар: Мікалай Бузін
17.02.2025 | 17:39

Польскі істэблішмент, узмоцнена змагаючыся за ўладу ўнутры краіны, працягвае фарміраваць вобраз знешняга ворага ў асобе Беларусі і Расіі, а ў гэтым працэсе няма месца ні праву, ні справядлівасці, ні разумнаму сэнсу. На коне пасада прэзідэнта краіны, якога павінны выбраць 18 мая. На жаль, нашы суседзі, увесь час «асуджаючы» Мінск, упарта не хочуць заўважаць уласныя праблемы. Дык што ж адбываецца ў Варшаве?


Прэзідэнцкая гонка

Польшча — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Найбольш уплывовыя ў краіне прэм’ер-міністр і парламент — сейм, але ў прэзідэнта паўнамоцтваў усё ж больш, чым у звычайнай парламенцкай рэспубліцы. Адыгрываючы нязначную ролю ў фарміраванні палітыкі і законаў, ён можа накладаць вета на законапраекты, якія прыняў парламент, а таксама аказваць істотны ўплыў на фарміраванне знешняй палітыкі краіны. Так што вынікі выбараў 18 мая значныя для будучыні Польшчы.

У прэзідэнцкай гонцы бяруць удзел 11 кандыдатаў, у цэнтры іх увагі важныя для грамадства пытанні, такія як права на аборты, грамадзянскія партнёрствы, вяр-шэнства закона і бяспека. Разам з тым рэальных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ўсяго некалькі: мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі («Грамадзянская платформа»), гісторык Кароль Наўроцкі («Права і справядлівасць»).

Першы выступае на платформе ліберальных свабод, шырокай дэмакратыі, глабалізму і еўрасалідарнасці, другі робіць акцэнт на польскую гістарычную памяць, ідэнтычнасць, традыцыі, нацыянальны суверэнітэт і бяспеку, дэпаніруючы сябе ў якасці самастойнага палітыка (за спінай якога Качыньскі і яго «ПІС»).

Згодна з нядаўнім апытаннем грамадскай думкі, праведзеным Цэнтрам даследавання грамадскай думкі (CBOS) Польшчы, калі б выбары праходзілі цяпер і Тшаскоўскі разам з Наўроцкім выйшлі ў другі тур, кандыдат ад кіруючай партыі атрымаў бы 50 % галасоў, а яго сапернік — 24 %, пры гэтым 18 % не сталі б падтрымліваць ні аднаго з гэтых кандыдатаў.

Будучыя прэзідэнцкія выбары ў Польшчы аналітыкі разглядаюць як рэферэндум па пытанні даверу ўраду Дональда Туска, які знаходзіцца ва ўладзе са снежня 2023 года і аб’ядноўвае розныя партыі — ад левых да правацэнтрысцкіх. Калі ў сакавіку 2024-га праціўнікаў дзейнага ўрада было прыкладна столькі ж, колькі і прыхільнікаў, то ў студзені 2025 года гэтыя лічбы выглядалі так: падтрымліваў 31 % апытаных, не падтрымлівалі 43 %. Адметна, што рэйтынгі ўрада Матэвуша Маравецкага былі вышэйшыя нават у самым канцы яго другога тэрміну ў 2023 годзе.

Не менш супярэчлівыя ацэнкі дзейнасці польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, які сыходзіць. Згодна з данымі, апублікаванымі парталам Wіrtualna Polska, негатыўнай яго работу ацэньваюць 48,4 % грамадзян, пазітыўна — 45 %.

2024 год Польшча скончыла з рэкордным дэфіцытам бюджэту, рэкордным дзярждоўгам, падзеннем экспарту і інвестыцый. Даходы 19 найбуйнейшых дзярж-кампаній краіны ў сярэднім скараціліся на 83 %. Паводле звестак выдання Busіness Іnsіder Polska, больш за ўсё ўпаў прыбытак флагмана нафтагазавай галіны канцэрна ORLEN, які за год страціў амаль 8,6 млрд долараў.

Бюджэтны дэфіцыт Польшчы ў 2025 годзе складзе больш за $70 млрд, ці 5,5 % ВУП, што з’яўляецца рэкордам для краіны. Акрамя гэтага, дзярждоўг Варшавы на канец снежня 2024-га склаў звыш $404 млрд, ці 53,5 % ВУП. Гэта на фоне падзення экспарту, якое стала максімальным з крызіснага 2008 года, масавага закрыцця і банкруцтва прадпрыемстваў, росту беспрацоўя і кошту жыцця. А польскай эканоміцы яшчэ трэба забяспечваць ваенныя амбіцыі свайго кіраўніцтва. Сёлета ваенныя выдаткі краіны складуць рэкордныя $33 млрд (4,7 % ВУП).

Усё гэта абумоўлівае незадаволенасць грамадзян і ўзмацненне жорсткасці палітычнай барацьбы, якая пагражае выплюхнуцца на вуліцы. Адпаведна пошук знешняга ворага, вінаватага ва ўсіх бедах краіны, — галоўны аргумент, які аб’ядноўвае ўсіх прадстаўнікоў польскай палітычнай эліты. Адсюль выпады ў бок Беларусі, дэманізацыя Расіі, распальванне нацыяналізму, адраджэнне велікапольскага шавінізму і безумоўная падтрымка курса Вашынгтона.

Амерыканскі фактар у польскай палітыцы

У Польшчы склаўся міжпартыйны кансэнсус адносна выбудоўвання адносін са Злучанымі Штатамі. Усе вядучыя палітычныя сілы (як левыя, так і правыя) заўсёды выступалі за знаходжанне краіны ў фарватары палітыкі Вашынгтона. Толькі прад-стаўнікі груп, якія аказвалі мала ўплыву на рэальную палітыку, дазвалялі сабе публічную крытыку безапеляцыйна праамерыканскага курсу, якім шмат гадоў ідзе Поль-шча.

Базісам сучасных амерыкана-польскіх адносін з’яўляецца антырасійская палітыка. Цяперашні кіраўнік Белага дома даў зразумець, што не мае намеру ісці на прынцыповую карэкціроўку курса Вашынгтона на расійскім напрамку. Немалаважна і тое, што ўплывовыя амерыканскія палякі працягваюць актыўна раздзімаць у вядучых СМІ і аналітычных цэнтрах ЗША русафобію. Прадстаўнікі польскага лобі таксама прасоўваюць у палітыкафарміравальных колах (пераважна ў Кангрэсе) тэзіс аб быццам бы росце «расійскай пагрозы», дзякуючы чаму папросту выключаюць магчы-масць нават найменшага змянення або зніжэння градуса ў антырасійскай рыторыцы ў кантэксце амерыкана-польскіх адносін.

Польшча трывала ўваходзіць у кола найбліжэйшых сатэлітаў Вашынгтона, якія звязваюць з ім сваю будучыню. Пры гэтым ЗША актыўна інвестуюць у Варшаву, а прамыя амерыканскія ўкладанні за перыяд 1990–2020 гадоў склалі 62,7 млрд долараў. На тэрыторыі Польшчы дзейнічае каля 1500 філіялаў амерыканскіх карпара-цый, дзе працуюць больш як 200 тыс. чалавек. Па колькасці занятых на амерыканскіх прадпрыемствах Польшча ўваходзіць у першую дзясятку сярод краін — членаў Еўрасаюза.

Амерыкана-польскае супрацоўніцтва традыцыйна пазітыўна ацэньваецца польскімі выбаршчыкамі. Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, жыхары Польшчы, як ніхто іншы ў Еўропе, падтрымлівалі адміністрацыю Д. Трампа (2016–2020) і давяралі яго палітыцы. Так, на 2019 год 79 % палякаў станоўча ацэньвалі дзейнасць прэзідэнта Трампа. Да брэксіту Вялікабрытанію называлі амерыканскім «траянскім канём» у Еўрапейскім саюзе, цяпер жа гэтая роля перайшла да Польшчы, якая выкарыстоўваецца Вашынгтонам як козыр у супрацьстаянні са Старой Еўропай.

Сёння Польшча з’яўляецца адным з ключавых ваенна-палітычных партнёраў ЗША ў Еўрапейскім рэгіёне. Гэтаму садзейнічае як зацікаўленасць самой Варшавы, так і імкненне амерыканскага боку выкарыстоўваць Польшчу ў сваіх інтарэсах, у тым ліку на расійскім напрамку. Своеасаблівасць палітыкі Польшчы ў тым, што ў апошнія гады яна спрабуе выбудоўваць адносіны з ЗША як прыярытэтныя ў параўнанні з партнёрамі па ЕС і НАТА. Больш за тое, Варшава прэтэндуе на ролю рэгіянальнага лідара па пытаннях бяспекі.

Прынятая Польшчай праграма пераўзбраення, разлічаная на перыяд да 2035 года, павінна ператварыць польскую армію ў другую па баяздольнасці ў НАТА пасля ЗША. Пры гэтым Варшаву не спыніла нават тое, што агульная сума ўкладанняў павінна перавысіць 115 млрд долараў.

Практычныя крокі на шляху мілітарызацыі рэалізоўваюцца ўдарнымі тэмпамі. У сакавіку 2018 года Польшча падпісала пагадненне аб набыцці сістэмы СПА Patrіot на суму 4,75 млрд долараў, што стала найбуйнейшай ваеннай закупкай краіны за ўсю яе гісторыю. У пачатку 2020-га закантрактаваны 32 знішчальнікі F-35. 5 красавіка 2022 года заключаны дагавор з ЗША на закупку 250 танкаў М1А2С, 26 браніраваных машын Hercules, а таксама 17 танкавых мостаўкладчыкаў на суму 4,75 млрд долараў (да 2026 г.). Нарэшце, 4 студзеня 2023 года Польшча дадаткова закупіла ў ЗША 116 танкаў Abrams. Акрамя таго, у войскі паступілі на ўзбраенне вырабленыя ў ЗША 96 верталётаў AH-64Е Apache і 486 установак РСЗА HІMARS. Варта адзначыць, што большую частку сучасных узбраенняў Польшча закупляе ў ЗША, у тым ліку за кошт амерыканскіх крэдытных ліній.

Амерыканскі фактар застаецца вырашальным у палітыцы Варшавы, а польскія эліты (незалежна ад партыйнай прыналежнасці) цесна звязваюць уласную будучыню з Вашынгтонам.

Заключэнне. «Дэмакратыя» патрабуе ахвяр

Ці зможа польская эканоміка забяспечыць амбіцыйныя планы палітыкаў? Ці стане жыццё палякаў лепшым? Усё гэта пакажа час.

Прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў Польшчы, не больш, чым унутрыэлітная палітычная разборка, дзе выбаршчыкі не столькі выбіраюць паміж кандыдатамі, колькі паміж партыямі, якія яны прадстаўляюць. І тут палякі будуць меркаваць па канкрэтных справах. Так, над Наўроцкім дамоклавым мячом вісіць спадчына партыі «Права і справядлівасць», якая асацыіруецца з эканамічнымі праваламі, курсам на канфрантацыю, у тым ліку з партнёрамі па ЕС і карупцыйнымі скандаламі.

У сваю чаргу на Тшаскоўскім адбіваюцца правалы палітыкі Туска, і перш за ўсё няздольнасць прэм’ера выканаць перадвыбарныя абяцанні. Каб падтрымаць свайго стаўленіка, Туск да дня выбараў, хутчэй за ўсё, працягне генерыраваць «наватарскія» ідэі і сыпаць лозунгамі аб «прарывах». Іншая справа, што эканоміка на гэтых лозунгах далёка не заедзе.

Пакуль кіраўніцтва Польшчы імітуе бурную дзейнасць, а кандыдаты на пост прэзідэнта практыкуюцца ў красамоўстве, звычайныя палякі выстаўляюць цяперашнім і будучым кіраўнікам цалкам простыя і зразумелыя патрабаванні. Па даных апытання UCE Research, праведзенага 24–26 студзеня 2025 года па заказе Onet, палякам патрэбны: даступныя па цэнах прадукты, лекі і камунальныя паслугі, якаснае медыцынскае забеспячэнне і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. 54 % рэспандэнтаў заявілі, што агульная сітуацыя ў краіне развіваецца ў няправільным кірунку, і толькі 27 % прытрымліваліся супрацьлеглай думкі, а пытанні бяспекі ўвогуле не з’яўляюцца для грамадзян прыярытэтам. Па сутнасці, у Польшчы назіраецца выразны раскол у грамадстве, абумоўлены рэальнай абстаноўкай у краіне. «Дэмакратыя» патрабуе ахвяр, і гэты падыход актыўна рэалізоўваецца ў еўрапейскім рэгіёне.

Назіраючы за палітычным эквілібрам у Польшчы, мы, беларусы, прытрымліваемся прынцыпу, што «суседзі ад Бога». Беларусь заўсёды была надзейным партнёрам, шчырым сябрам і донарам бяспекі. Мы ніколі не ўмешваліся ў чужыя справы і палітычныя працэсы, паважаем пазіцыю ўсіх міжнародных актараў, але не дазволім нікому размаўляць з намі з пазіцыі сілы і ігнараваць нашы інтарэсы. Для гэтага ў нас ёсць сілы, сродкі і надзейныя саюзнікі.

Час усё расставіць на свае месцы, а ці будуць у Польшчы права, справядлівасць і народаўладдзе — вырашаць выключна палякам. На жаль, разлічваць на тое, што на майскіх «выбарах» 2025 года гэтае пытанне будзе вырашана станоўча, не даводзіцца.

Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю