Гэта цяпер некалькі разоў на год сродкі інфармацыі дружна паведамляюць пра нараджэнне ў розных рэгіёнах краіны трайні. Яшчэ нейкія тры дзесяцігоддзі таму з’яўленне на свет адразу траіх дзяцей было падзеяй даволі рэдкай... Іван і Марыя тады выглядалі крыху разгубленымі. Вядома, цяжка расціць трайнят, калі яшчэ і старэйшы малы. Цяперашнія маладыя мамы пры падтрымцы бабуль-дзядуль з абодвух бакоў нярэдкастогнуць, што начэй не дасыпаюць з адным. А што гаварыць, калі іх адразу трое?! Нарадзіліся маленькімі, крыху раней за тэрмін з усімі наступствамі... Шчасце яшчэ, што свёкар са свякроўкай жылі на адной вуліцы з імі. Бацькі Марыі рэгулярна перадавалі прадукты, пакуль трымалі ў вёсцы сваю гаспадарку. Словам, дапамагалі родныя.

Маці з дочкамі ў хатнім музеі
Дзяўчынак назвалі Вера, Надзя, Люба. Пасля першай сустрэчы я ўжо не страчвала сувязяў з сям’ёй Селехаў, віншавала з першым званком першакласніц, з заканчэннем школы. Можна сказаць, стала сведкай таго, што бацькі не проста паднялі дзяцей на ногі, а выхавалі іх працавітымі, душэўнымі, сапраўднымі людзьмі. Усе чацвёра дзяцей Івана і Марыі атрымалі вышэйшую адукацыю, працуюць. Не так даўно Марыя паведаміла, што ўжо двойчы цешча. Вера і Люба стварылі сем’і. Старэйшы Мікалай адкрыў сваю справу.
Пра іх цудоўную сям’ю можна шмат расказваць. Маё захапленне заўсёды выклікала ўменне ствараць і падтрымліваць традыцыі, адной з якіх з’яўляецца сямейны летапіс. Ён спраўна вядзецца ўжо многія гады.
У тоўстым альбоме, заўважыла, захоўваюцца самыя розныя ўзнагароды кожнага з гэтага дружнага сямейства: шматлікія дыпломы старэйшага сына Колі за спартыўныя дасягненні, працоўныя і армейскія заслугі Івана Сцяпанавіча, граматы за поспехі Веры, Надзі, Любы. Сама меней адзнак — у яе, Марыі. Але ж зразумела, што за поспехам кожнага стаіць яе праца. «Адну работу робіш, — смяялася неяк маці сямейства, — яшчэ тры вылазіць. Але ж мусіш усё рабіць. Сабе прыстойную сукенку пашыць проста часу не хапае». Шые яна, дарэчы, проста цудоўна.
Альбом жа гэты таксама яе рук тварэнне. Трэба было сабраць, абагуліць, прывесці да адзінай формы партрэты, біяграфіі, ілюстрацыі найперш дзядуляў і бабуль. Тут можна прачытаць, хто з іх дзе нарадзіўся, у якой сям’і, колькі дзяцей выгадаваў, дзе працаваў, якія заслугі меў. Ёсць звесткі пра кожнага з дзядзькоў і цётак малодшага пакалення сям’і Селехаў. Большасць старонак складае гісторыя іх сям’і ў храналагічным парадку, крок за крокам. Зараз альбом працягваецца ўжо ў новых тамах.
У гэтай сям’і любяць адно аднаго, любяць свой дом. Ён вылучаецца акуратнасцю і дагледжанасцю. Яго Іван і Марыя будавалі шмат гадоў. На другім паверсе, які ўтварае паддашак, Марыя з дапамогай сямейнікаў абсталявала сапраўдны музей. Большасць яго экспанатаў склала маёмасць дзеда гаспадара. Калі паўстала пытанне разбіраць дзедаву хату, Марыя вывезла з гарышча ўсё. Нешта забрала з куфраў сваіх бабуль і бацькоў. І цяпер увесь цыкл сялянскага побыту ў рэчах размясціўся у адным вялікім пакоі. І галоўнае, усё гэта сваё — яно памятае цяпло рук прабабуль і прадзедаў. Маё замілаванне выклікала, напрыклад, палатняная торбачка, з якою дзед Івана хадзіў у школу. Тады ўсе насілі сшыткі ў падобных торбах, толькі захаваць названую рэч прыходзіла ў галаву далёка не ўсім. Драўляны самаробны ложак, якому больш за сто гадоў, выглядае сапраўдным рарытэтам. На ім усё, як у пазамінулым стагоддзі: сяннік запаўняецца свежым сенам кожны год напярэдадні Каляд. Засланы ложак саматканай бялізнай, упрыгожаны самаробнымі карункамі. Аднойчы ў Селехаў была госця з Францыі, дык папрасілася пераначаваць на гэтым ложку. І здзіўлялася, дзе толькі Марыя пазнаходзіла столькі бабуліных ручнікоў, абрусаў, вышытых сарочак! Яны размешчаны ўздоўж сцяны. Побач вісіць плеценая калыска. Ткацкі станок, дарэчы, у рабочым стане.
А сама Марыя, аказваецца, умее ткаць, яе навучыла гэтаму маці.
Кожная музейная рэч мае сваю гісторыю. На вялікім стале знайшлося месца значкам і пасведчанням аб тым, што бацька Марыі быў ударнікам працы. А чырвоная стужка з надпісам «Член клуба пяцітысячніц» сведчыць, што маці яе была перадавой даяркай. Пра любы экспанат можа расказаць не толькі стваральніца сямейнага музея, але і кожная з дачок, сын. Для іх і стараюцца Марыя Сцяпанаўна і Іван Сцяпанавіч, каб помнілі, шанавалі, ганарыліся.
...На іх светлай прасторнай кухні, дзе пахла печывам і дамашняй утульнасцю, думалася, што вось жа простыя людзі рабочых прафесій змаглі пабудаваць шчаслівую сям’ю, стварыць у доме атмасферу нейкай асаблівай інтэлігентнасці. У падмурку гэтага будынка, безумоўна, талент Марыі як гаспадыні і маці, грунтоўнасць і аўтарытэт Івана як бацькі. Як выглядае, гэта галоўныя каштоўнасці.
Святлана ЯСКЕВІЧ