Вы здесь

Як на Доне восенню Вясну пагукалі


Старшыня Саюза беларусаў Дону Уладзімір Банцэвіч выступіў галоўным кансультантам, калі рыхтавалася прадстаўленне беларускага народнага свята ў межах этнапраекта “150 культур Дону”


Тэатральную кампазіцыю “Гуканне Вясны” прадставілі самі растоўскія школьнікі

У Растоўскай вобласці, што на поўдні Расіі, жывуць прадстаўнікі розных народаў. І каб мясцовыя жыхары, найперш моладзь, лепш, ведала іх культуру, традыцыі, задуманы быў гэты культурна-асветніцкі этнапраект. Ён шырока рэалізуецца і ў Растове-на-Доне — пры падтрымцы Агульнарасійскага народнага фронту (АНФ), а праект падтрымаў як адну з лепшых практык і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Задача ж перад арганізатарамі такая: распрацаваць і ўкараніць у навучальны працэс школ праграмы па вывучэнні культур, звычаяў і традыцый народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у Растоўскай вобласці. Потым — акумуляваць каштоўны досвед этнаграфічнай працы са школьнікамі, студэнтамі на іншых пляцоўках. Падышлі да справы ў нас прафесійна: праект распрацавалі сумесна рэгіянальная рабочая група АНФ “Адукацыя і культура як аснова нацыянальнай ідэнтычнасці”, Мінадукацыі ды Мінкультуры вобласці пры ўдзеле Паўднёвага федэральнага ўніверсітэта і яго педатрадаў. Ініцыятарам жа выступіла Кацярына Бяляк — кіраўніца інтэрактыўнага Музея навук “Лабораториум”, інтэграцыйнага праекта “Асвета жыхароў Дона”, яна ж узначальвае рабочую групу “Адукацыя і культура” АНФ у Растоўскай вобласці.

Чым натхняліся энтузіясты, задумваючы праект? Быў перад вачыма рэгіянальны студэнцкі фестываль, які з 2008 года ладзяць нацыянальныя дыяспары вобласці. “Мы вырашылі каштоўную ідэю трансфармаваць і ўкараніць на ўзроўні сярэдняй школы, — казала потым Кацярына Бяляк. — Сама я — мама чацвярых дзяцей і лічу, што знаёміцца з культурай адзін аднаго трэба з ранніх гадоў, але пры тым вельмі далікатна: праз гульню, фальклор, казкі. У дзяцей няма забабонаў, як у дарослых, яны больш адкрытыя і ўспрымальныя: самы час прывіваць ім павагу да іншых народаў і культур. Гэта будзе добрая інвестыцыя ў мір і згоду, а па вялікім рахунку і ў адзінства нашай краіны”. Кацярына Бяляк заўважае, што важна не перагружаць адукацыйную праграму, рабіць дзяцей не гледачамі, а ўдзельнікамі нацыянальных гульняў, пастановак народных казак, навучыць іх сваімі рукамі рабіць нацыянальныя арнаменты й цацкі. Толькі так, праз паглыбленне ў культуру, магчыма больш даведацца, а значыць — зразумець і прыняць адзін аднаго.

Вось да якой важнай, высакароднай справы далучыліся й вучні, выкладчыкі растоўскай школы №112, актывісты розных дыяспар, калі распачалі тэатралізаваныя прадстаўленні ў плыні праекта “150 культур Дону”. Адна з такіх пастановак прысвячалася беларускай народнай традыцыі пад назвай Гуканне Вясны.
Многія з нас упершыню даведаліся: у беларусаў ёсць, захавалася з прадаўніх язычніцкіх часоў такое прыгожае й светлае веснавое свята. Яго адзначаюць у розных рэгіёнах Беларусі не ў вызначаны дзень, а з улікам канкрэтнай сітуацыі з надвор’ем, звычайна — калі на высокіх месцах з’яўляюцца першыя веснавыя праталіны. Гэта, кажуць, і ёсць знак: трэба Вясну-багіню пагукаць, паклікаць, дапамагчы ёй у дарозе, у змаганні з Зімой. Дык вось, якраз такое адметнае свята беларускае й вырашылі абраць школьнікі з педагогамі для паказу-прэзентацыі багатай, самабытнай беларускай культуры на Доне.

Прадстаўленне праходзіла ў школьнай актавай зале. Пры тым школьнікі, настаўнікі, актывісты беларускай дыяспары вельмі пастараліся, каб належным чынам аформіць сцэну. Яна ўрэшце, нібыта машына часу, пераносіла гледачоў у мінулае, прычым — у хату беларускую. І ў дробных нават дэталях паказаны быў спрадвечны лад жыцця, побыт беларусаў, іх паўсядзённыя клопаты. Такое стала магчымым дзякуючы ўраджэнцу Беларусі Уладзіміру Мікалаевічу Банцэвічу — мастаку па адукацыі, асветніку па прызванні, кіраўніку Саюза беларусаў Дону. Ён шмат гадоў працуе як на карысць Растоўскай вобласці, асабліва маладога пакалення, так і на карысць беларускай культуры на Доне.

Тэатралізацыя пачалася з песень-заклічак Вясны — тых, што гучаць спрадвеку на Беларусі ў пару пераходную. Раней, як вядома, беларусы ўспрымалі свет, усю Прыроду — як жывую, напоўненую рознымі энергіямі (іх раней называлі багамі — бо яны маюць вялікія сілы) ды іх варыяцыямі-духамі. У залежнасці ад таго, як ідуць працэсы ў прыродзе, багіня-Вясна магла прыйсці рана, магла й затрымацца. Позняя ж Вясна, ведалі людзі па шматгадовых назіраннях, гэта — неспрыяльны для земляробаў і жывёлаводаў год: расліны дрэнна развіваюцца, даюць мізэрны ўраджай, і з-за таго можа быць мала хлеба, бульбы — увогуле голад. Таму на Беларусі былі вельмі пашыраны абрады сустрэчы й гукання Вясны — гэта своеасаблівы магічны дыялог, гарманізацыя адносін людской грамады з сіламі маці-Прыроды. Дарэчы, калі мы назіраем цяпер у свеце столькі прыродных катаклізмаў, то варта ўжо й задумацца: пэўна, дыялог такі з Прыродай людзі страцілі — вось і атрымліваем, як кажуць, па заслугах... То можа варта павучыцца гэтаму ў беларусаў ды іншых народаў, якія зберагаюць традыцыі паважлівага стаўлення да Прыроды, яе нябачных, але магутных сіл?

Пасля абрадавых спеваў, у якіх дзяўчаты звяртаюцца да Вясны, да яе веснікаў-жавароначкаў (лічыцца, што якраз птушкі Вясну на сваіх крылах прыносяць) выйшла на сцэну сямейнае трыа: гурт беларускай песні “Славяначка”. У ім спяваюць Вікторыя Шчарбакова (дарэчы, мая мама...) і яе дзеці — трэцякласніца Багдана і пяцікласнік Андрэй. Школа ж 112-я багатая й на такія творчыя міні-калектывы. На гэты раз гурт кранальна выканаў знакамітую песню Ігара Лучанка на верш Янкі Купалы “Спадчына” — як сімвал таго, што духоўную спадчыну продкаў беларусы шануюць. А растоўскія старшакласніцы ў прыгожых беларускіх строях далей прымяралі на сябе ролі вясковых дзяўчат з Беларусі, якія збіраліся на самым высокім месцы (груд, гара, узгорак...) пры вёсцы, рассцілалі там салому ды сеўшы, ці й стоячы (у розных мясцовасцях па-рознаму тое робіцца) спявалі вясновыя песні-заклічкі. Фалькларысты, што даследавалі народны абрад, сведчаць: гэта быў сапраўдны гімн Вясне, Сонцу, а таксама й маладосці, каханню. У песнях дзяўчаты не толькі віталі прыход цёплых дзён, абуджэнне Прыроды, але й як бы паведамлялі свету пра сваю гатоўнасць адгукнуцца на цёплую хвалю кахання, сусветнай Любові.

Добрыя словы тым дарослым, хто ладзіў беларускае свята

Старшакласніцы распавялі таксама, што жанчыны вясковыя па-свойму сустракалі вясну. Яны выпякалі з цеста фігуркі птушак, раздавалі іх дзецям. Спрадвеку лічылася, што й такім чынам — паводле законаў народнай магіі: падобнае прыцягвае падобнае — можна паспрыяць іх хуткаму прылёту. І пад час абрадавых дзеяў дзяўчаты бралі тыя птушкі-печыва і, выконваючы песні-вяснянкі, падкідвалі іх уверх. А спявалі найчасцей так: “Жавароначкі, прыляціце,/ Вясну красную прынясіце!..”

Пасля абрадавых дзеяў дзяўчат на сцэне закруціўся беларускі танец “Лянок”. Гэта юныя выхаванцы танцавальнай студыі “Алоника” паказвалі, як насенне лёну ў абрадавых дзеях ужо гатовае прадоўжыць новы жыццёвы цыкл — упасці ў глебу й пацягнуцца да Сонца. А старшакласнікі ў ролях беларускіх хлопцаў паказалі, як беларусы ачышчаюць прастору для прыходу Вясны: у вогнішчы спальваюць розныя старыя рэчы. Затым, далучыўшыся да дзяўчат, вадзілі карагоды, якія, расказвалі ўдзельнікі дзеі, гэта й ёсць даўні сімвал бясконцага кругазвароту жыцця, сімвал вечнага аднаўлення свету.

І вось у зале з’явілася доўгачаканая Вясна, ды з падарункамі: яны — і малым дзеткам, і старым бабкам, і маладым жонкам, і прыгожым дзеўкам ды хлопцам працавітым. А тыя ўсе ў адказ, каб Вясна была з імі свойскаю ды лагоднаю, цёплаю, дарылі ёй прыгожыя, жыццесцвярджальныя вершы.
Завяршалася гэтае Свята беларускай культуры цудоўнаю песняй “Сэрца зямлі маёй” — і нізкім паклонам Зямлі Беларускай ад усіх удзельнікаў імпрэзы: і вялікіх, і малых.

Паглядзеўшы ўсё гэта, мы палічылі: варта б згадаць усіх удзельнікаў творчай групы, якія рыхтавалі тэатралізаваную пастаноўку беларускага абраду “Гуканне Вясны” на растоўскай зямлі. Такім чынам, заняты былі ў ёй акцёры-вучні з 11-га класа: Максім Мінееў, Аляксандр Несцярук, Анастасія Сербава, Аляксандра Юстус, Яна Глухава, Уладзіслаў Калеснікаў, Іван Багно, Міхаіл Караваеў, Руслан Шадрын, Сабіна Стаханава. Склад сямейнага гурта беларускай песні “Славяначка” — названы вышэй. Мастацкая кіраўніца студыі “Алоника” (малодшая група) — Людміла Анішчанка. Сцэнаграфія Марыны Шведчанкі, музычнае афармленне — ад настаўніцы спеваў Алы Ганжа. Мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр усёй пастаноўкі — настаўніца рускай мовы й літаратуры Наталля Траян. А галоўным кансультантам ва ўсіх быў Уладзімір Банцэвіч, мой настаўнік у выяўленчым мастацтве.

Ганна Шчарбакова, студэнтка Растоўскага каледжа культуры, старшыня клуба “Юныя карэспандэнты” Саюза беларусаў Дону

Выбор редакции

Калейдоскоп

Восточный гороскоп на следующую неделю

Восточный гороскоп на следующую неделю

На этой неделе Тельцы будут просто незаменимы везде, где их знают.